Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2008 годзе я не скарысталася прапановай колішняга дырэктара Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад» Васіля Несьцярэнкі праверыцца на наяўнасьць радыеактыўных рэчываў.

Мы выпадкова апынуліся разам у самалёце, які ляцеў з Прагі ў Менск. Я ўжо паўгода працавала ў Чэхіі і ляцела на тры тыдні ў Беларусь на вакацыі. Вядомы навуковец, прафэсар-фізык Васіль Несьцярэнка прапанаваў мне ў першы ж дзень па прыезьдзе на радзіму прыйсьці ў «Белрад» і праверыцца на наяўнасьць радыеактыўных рэчываў, а праз тры тыдні перад адлётам у Прагу паўтарыць такі самы аналіз і параўнаць вынікі.

Практычна на ўсе беларускія харчы так ці інакш дагэтуль уплываюць наступствы Чарнобыля

«Вы жылі ў Чэхіі працяглы час і спажывалі прадукты, набытыя ў чэскіх крамах. Гэтыя тры тыдні вы будзеце піць беларускае малако, есьці беларускі хлеб і мяса. Я перакананы, што праз тры тыдні аналіз пакажа, што ўзровень радыеактыўных рэчываў у вашым арганізьме павялічыцца, паколькі практычна на ўсе беларускія харчы так ці інакш дагэтуль уплываюць наступствы Чарнобыля», — прыкладна так патлумачыў мне прафэсар Несьцярэнка.

На жаль, тады я не скарысталася гэтай прапановай. Праз тры месцы пасьля нашай размовы Васіля Несьцярэнкі ня стала. Ён памёр на 74-м годзе жыцьця пасьля апэрацыі.

Прафэсар Несьцярэнка адным зь першых зазнаў наступствы Чарнобылю — пасьля некалькіх гадзін палёту на гелікоптэры над палаючым рэактарам у яго сеў голас, здароўе здало... Навуковец патрабаваў тэрмінова выселіць усіх дзяцей з забруджаных раёнаў, а ўсіх людзей нават не з 30-кілямэтровай, а са 100-кілямэтровай зоны. За праўду і сьмеласьць прафэсар Несьцярэнка пазбавіўся пасады кіраўніка Інстытуту ядзернай энэргетыкі. У 1990-м пры падтрымцы Андрэя Сахарава, Алеся Адамовіча, Анатоля Карпава Васіль Несьцярэнка заснаваў незалежны Інстытут радыяцыйнай бясьпекі «Белрад». Ён наладзіў выпуск прыбораў кантролю радыяцыі, разгарнуў па ўсёй Беларусі сотні пунктаў праверкі прадуктаў.

Праз 8 гадоў пасьля размовы з прафэсарам Несьцярэнкам я вырашыла ўсё ж правесьці экспэрымэнт, прапанаваны мне навукоўцам. І вось я ізноў лячу ў Беларусь у адпачынак, а таксама праверыць, што зьменіцца, калі я зьмяню свой рацыён з чэскага на беларускі.

Пры гэтым я ўлічваю, што пэрыяд паўраспаду Цэзія-137 складае 30 гадоў, а значыць пасьля 26 красавіка 2016 году яго стала ўдвая меней на беларускай зямлі, што без сумневу адаб’ецца на выніках дасьледаваньня. Тым ня менш...



7 ліпеня. Дзень першы



І вось я ў лябараторыі спэктрамэтрыі Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад», каб замерыць, колькі ў маім целе радыеактыўнага элемэнту Цэзія-137. Кошт вымярэньня даступны кожнаму беларусу — каля 6 рублёў.



Спэктромэтар выпраменьваньня чалавека — гэта адмысловы прыбор у выглядзе крэсла, у якім знаходзіцца спэцыяльны крышталь, што здольны весьці ўлік колькасьці распадаў за сэкунду, якія вылучае арганізм, калі ў ім знаходзяцца радыеактыўныя рэчывы. Затым спэктромэтар гэтыя сыгналы трансфармуе ў электрычны сыгнал і выдае вынік у бэкерэлях на кіляграм. Працягласьць вымярэньня — каля трох хвілінаў.

Як мне тлумачаць, спэктромэтар, на якім мяне тэстуюць, быў выраблены ва Ўкраіне шмат гадоў таму. Ёсьць і беларускія аналягі, якія вырабляе кампанія «Атомтех». Пасьля аварыі на Фукусіме многія прадпрыемствы ў розных краінах сьвету пачалі вырабляць падобныя вымяральнікі. Паводле спэцыялістаў інстытуту «Белрад», спэктромэтар, на якім мяне тэстуюць, адзін з найлепшых.

Падобныя прыборы вымярэньня радыенуклідаў маюць таксама некаторыя шпіталі ў забруджаных раёнах Беларусі, раней можна было зрабіць вымярэньне ў Інстытуце радыялёгіі пры Міністэрстве надзвычайных сытуацый Беларусі. Некалькі падобных прыбораў мае Дзяржаўны памежны камітэт для вымярэньня ўзроўню радыенуклідаў у памежнікаў, якія працуюць на мяжы з Украінай.

Спэктромэтар «Белраду» паказвае мой вынік па Цэзію 137 — 10 бэкерэляў на кіляграм....


17 дзён у Беларусі

З 4 па 20 ліпеня я пакупала толькі беларускія прадукты ў крамах і на маленькіх рынках. Я наведвала крамы «Белмаркет», «Европт», «ДорОРс», Дзяржынскай птушкафабрыкі, набывала гародніну і грыбы на маленькіх рынках у Заслаўі, Вязынцы і Гарадзішчах.



Адпачынак я правяла на сваім лецішчы ў Вязынцы (33 км ад Менску), і на лецішчы ў бацькоў у Гарадзішчах (16 км ад Менску). Ела агуркі, памідоры, кабачкі, ягады з бацькоўскіх градак. Купляла чарніцы і дурніцы зь Берасьцейскай вобласьці. Адзін дзень правяла ў сваякоў у вёсцы Пяршай Валожынскага раёну, які найбольш пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС сярод раёнаў Менскай вобласьці. Зь небеларускіх прадуктаў — толькі віно :).



20 ліпеня. Дзень кантрольнага вымярэньня




І вось я ізноў у Інстытуце радыяцыйнай бясьпекі «Белрад» у лябараторыі спэктрамэтрыі. За 17 дзён колькасьць радыеактыўнага цэзію ў маім арганізьме павялічылася — з 10 да 14 бэкерэляў на кіляграм.


Аналіз гэтых лічбаў яшчэ наперадзе, але найперш...


Як ўплывае радыеактыўны цэзій на стан здароўя чалавека (Паводле інфармацыі з сайту Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад»)



Асаблівасьцю радыяцыйнага ўзьдзеяньня Цэзія-137 зьяўляецца ярка выяўленая нераўнамернасьць яго назапашваньня ў розных органах чалавека. Дасьледаваньні паказалі, што ў жыцьцёва важных органах (ныркі, печань, сэрца) ўзроўні назапашваньня Цэзія-137 у 10-100 разоў большыя, чым, у сярэднім, ва ўсім целе чалавека. Найбольш ўразьлівыя — дзеці і падлеткі.

Сэрца. Сардэчна-сасудзістая сыстэма найбольш адчувальная да назапашваньня радыеактыўнага цэзію: прасочваецца наўпрост прапарцыйная залежнасьць паміж колькасьцю назапашанага ў арганізьме Цэзія-137 і частатой парушэньняў працы сэрца. Пры ўтрыманьні Цэзія-137 у арганізьме да 5 Бк / кг парушэньні працы сэрца устаноўлены ў 18% дзяцей, пры 11-26 Бк / кг — у 65%, пры назапашваньні Цэзія-137 больш за 74 Бк / кг — у 87% дзяцей.

Вочы. Сярод паталягічных зьменаў органаў зроку часьцей за ўсё назіраецца катаракта, дэструкцыя шклопадобнага цела, цыкласьценія, анамаліі рэфракцыі. Дасьледаваньні даказваюць наўпроставую прапарцыйную залежнасьць паміж колькасьцю назапашанага радыеактыўнага цэзію і частатой катаракт.

Ныркі. Ныркі актыўна назапашваюць радыеактыўны цэзій, пры гэтым яго канцэнтрацыя можа дасягаць вельмі вялікіх велічынь, зьяўляючыся прычынай паталягічных зьмен у нырках.

Печань. Пагібельным аказваецца ўзьдзеяньне радыяцыі на печань. Прычым, чым больш радыенуклідаў назапашана ў целе чалавека, тым да большага разбурэньня схільная печань.

Імунітэт. Радыеактыўныя рэчывы зьніжаюць ахоўныя функцыі арганізма, прычым чым вышэй назапашваньне радыяцыі, тым слабейшыя імунная сыстэма чалавека. Радыеактыўныя рэчывы, назапашаныя ў чалавечым арганізьме, зьмяняюць таксама крывятворную, жаночую рэпрадуктыўную, нэрвовую сыстэму чалавека.

Мэдычнымі дасьледаваньнямі даказана, што, чым больш радыеактыўных рэчываў зьмяшчаецца ў арганізьме чалавека і, чым даўжэй яны там знаходзяцца, тым большую шкоду яны наносяць чалавеку. Часам гэтая шкода бывае непапраўная.


Юрый Бандажэўскі: Ёсьць дозы, здольныя выклікаць запраграмаваныя ў арганізьме хваробы



Вынікі экспэрымэнту я папрасіла пракамэнтаваць былога рэктара Гомельскага дзяржаўнага мэдінстытуту, доктара мэдыцынскіх навук, прафэсара Юрыя Бандажэўскага, які цяпер узначальвае каардынацыйны аналітычны цэнтар «Экалёгія і здароўе» ва Ўкраіне. У свой час у Беларусі ён ўздымаў праблему нэгатыўнага ўзьдзеяньня малых доз радыяцыі на жывы арганізм. У 1999 годзе быў зьняты з пасады рэктара Гомельскага дзяржаўнага мэдінстытуту, арыштаваны паводле падазрэньня ў атрыманьні хабару і правёў за кратамі шэсьць гадоў. На думку праваабаронцаў, сапраўднай прычынай арышту Бандажэўскага стала яго нязгода з палітыкай уладаў Беларусі па пераадоленьні наступстваў аварыі на ЧАЭС.

Як тлумачаць у «Белрадзе», у Беларусі лічыцца, што нормай для дзяцей ёсьць 20 бэкерэляў на кіляграм, а для дарослых — 70 бэкерэляў на кіляграм. Дык выглядае, што мае 10, а потым 14 бэкерэляў на кіляграм — нават ніжэй за дзіцячую норму? — пытаюся я ў навукоўца.

Аднак прафэсар Бандажэўскі кажа, што мае 10 ці 14 бэкерэляў на кіляграм — гэты ўжо не слабы ўзровень забруджаньня, і той факт, што колькасьць радыенуклідаў павялічылася за 17 дзён знаходжаньня ў Беларусі, нельга ігнараваць.

Мяне пытаюцца, чаму я ўвесь час кажу пра пра радыяцыю. Таму што няма больш моцнага фактара, які спрыяе праяўленьню гэтай генэтычнай схільнасьці

«Існуе індывідуальная адчувальнасьць арганізму, якая залежыць ад генэтычнай асаблівасьці. Мы цяпер ва Ўкраіне праводзім вялізарную дасьледчую працу, рэалізуем эўрапейскі праект на пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС украінскіх тэрыторыях. І мы дакладна бачым, што людзі, у якіх ёсьць схільнасьці пэўных генаў, якія кантралююць мэтабалічныя працэсы, больш уразьлівыя да радыяцыйнага ўзьдзеяньня. Нават калі няма вялікіх дозаў, але цэзій перавышае нормы ў вадзе ці харчах, і не назапашваецца ў вельмі вялікай канцэнтрацыі, то ён робіць сваю згубную справу. У мяне няма мажорнага стаўленьня да таго, што робіцца ў іншых краінах, пасьля Чарнобыля ўсё трэба кантраляваць. І на людзях, якія маюць генэтычную схільнасьць да адпаведных хваробаў, гэта адбіваецца і праяўляецца нэгатыўным чынам. У гэтым сутнасьць праблемы наступстваў Чарнобыля... Ёсьць дозы, здольныя выклікаць запраграмаваныя ў арганізьме хваробы. Мяне пытаюцца, чаму я ўвесь час кажу пра пра радыяцыю. Таму што няма больш моцнага фактара, які спрыяе праяўленьню гэтай генэтычнай схільнасьці», — падсумоўвае Юры Бандажэўскі.

Навуковец перакананы: каб я праверыла ўзровень радыецэзія не праз 17 дзён, а праз больш працяглы тэрмін знаходжаньня ў Беларусі, колькасьць бэкерэляў на кіляграм павялічылася б яшчэ больш... Юрый Бандажэўскі раіць быць асьцярожным зь беларускімі харчамі.

Дасьледаваньні дзяцей у Беларусі засьведчылі, што парушэньне рытму сэрца ў 30% дзяцей пачыналася якраз зь 10 бэкерэляў на кіляграм

«Яшчэ 25 гадоў таму дасьледаваньні дзяцей у Беларусі засьведчылі, што парушэньне рытму сэрца ў 30% дзяцей пачыналася якраз зь 10 бэкерэляў на кіляграм. І далей, і далей, дахадзіла да сотні бэкерэляў на кіляграм ў дзяцей на забруджаных тэрыторыях. Анкалёгія расьце менавіта коштам стымуляцыі такой невялікай колькасьцю. Нашы актуальныя дасьледаваньні ва Ўкраіне цяпер паказваюць, што вельмі мала дзяцей, у якіх не назіраюцца генэтычных парушэньняў асноўных мэтабалічных цыкляў. Толькі 3 працэнты. Астатнія ўсе маюць парушэньні, і гэта вельмі страшна. І гэта ў не ў самай забруджанае зоне, гэта не ў беларускай зоне. Ва Ўкраіне менш забруджаныя тэрыторыі...», — перакананы прафэсар.


9 фактаў пра Цэзій-137 або радыецэзій


1. Радыецэзій — ня проста радыеактыўны, але і таксычны элемэнт. Да першага выпрабаваньня ядзернай зброі ў сьвеце цэзія ў прыродзе не існавала. Ён утвараецца пераважна пры дзяленьні ядраў у ядзерных рэактарах і ядзернай зброі. Цэзій-137 — адзін з галоўных кампанэнтаў радыеактыўнага забруджваньня біясфэры. Утрымліваецца ў расьлінах і арганізьме жывёл і чалавека.


2. У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цезію прыйшлося 270 пэтабэкерэляў. Распаўсюджаньне радыенуклідаў набыла плянэтарныя маштабы.

3. Паводле беларускіх парамэтраў нормай для дзяцей лічыцца 20 бэкерэляў на кіляграм, а для дарослых — 70 бэкерэляў на кіляграм. Паводле прафэсара Бандажэўскага, радыецэзія ў арганізьме не павінна быць увогуле.

4. За ўсю гісторыю Інстытута радыяцыйнай бясьпекі «Белрад» самая высокая ступень забруджваньня малака была зафіксавана ў Брагінскім раёне ў 1998 годзе і склала 5545 Бк / л пры тагачаснай норме 111Бк / л. Два жыхары Брагінскага раёна нарыхтавалі частка сена ў трыццацікілямэтровай зоне і склалі ў стажок разам зь іншым сенам.

5. Самае вялікае назапашваньне радыенуклідаў у арганізьме дзяцей выяўлена ў 1999 годзе ў Нараўлянскім раёне і склала больш за 7000 Бк / кг. Прычына — сталае ўжываньне ў ежу мяса дзікіх жывёлаў. А яшчэ некалькі гадоў таму спэцыялісты «Белраду» выяўлялі па некалькі тысячаў бэкерэляў на кіляграм у дзяцей з Чачэрскага раёну Гомельшчыны.

6. Паводле навукоўцаў найбольшую рызыку атрымаць радыецэзій маюць людзі, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях і актыўна спажываюць дары лесу — грыбы, ягады, дзічыну.

7. Радыяцыя носіць глябальны характар. Харчы з розных рэгіёнаў цыркулююць па ўсім сьвеце. І заражаным можа быць нават зялёны японскі чай. У нямецкай Баварыі, Аўстрыі ў некаторых месцах дагэгуль нельга зьбіраць грыбы і ягады з-за чарнобыльскіх плямаў. Спэцыялісты кажуць пра некаторыя і да гэтага часу забруджаныя радыяцыяй раёны ў Нарвэгіі.

8. Пэрыяд паўвывядзеньня радыецэзія для дарослага чалавека — 3-4 месяцы. Натуральным шляхам палова атрыманых радыенуклікаў выводзіцца праз некаторы час.

9. Дапушчальныя ўзроўні ўтрыманьня Цэзія-137 ў харчах і пітной вадзе ў Беларусі, Расеі, Украіне і Японіі

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG