Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдуард Акулін: Радыяцыя — гэта сьмерць-невідзімка


Эдуард Акулін

Эдуард Акулін

Радзіма Эдуарда Акуліна — у чарнобыльскай зоне. Там ядуць чарнобыльскія грыбы, мыюцца ў чарнобыльскіх лазьнях і будуюць лецішчы з чарнобыльскіх хатаў. Чаму ўсё гэта называецца «філязофіяй выжываньня» — у гутарцы з паэтам і бардам.

— Эдуард, у дзяржаўнай мэдыя-прасторы чарнобыльская тэма прысутнічае мінімальна, ад даты да даты. Скажам, пра тое, што ў Чарнобылі сёньня 3000 чалавек будуюць дадатковы саркафаг, можна даведацца хіба з замежных СМІ. Чаму для нас Чарнобыль перастаў быць актуальным?

— Мне зусім не здаецца, што Чарнобыль згубіў для беларусаў сваю актуальнасьць. Наадварот, праз трыццаць гадоў, як і прагназавалі японскія навукоўцы, праблема абвастрылася. Я маю на ўвазе, што трыццацігодзьдзе — гэта пэрыяд паўраспаду такіх радыёактыўных элемэнтаў, як цырконій 90 і цэзій 137. Таму мне здаецца невыпадковым той факт, што амаль ва ўсіх нашых калегаў-пісьменьнікаў, якія адышлі ў лепшы сьвет за апошні год, адзін і той жа страшны дыягназ — анкалёгія... Проста ступень актуальнасьці чарнобыльскай тэмы наўмысна зьніжаецца сёньняшняй уладай. Бо ліквідацыя наступстваў Чарнобыльскай аварыі патрабуе калясальных сродкаў, якіх у дзяржавы няма. Таму найвышэйшаму чыноўніку лягчэй адзін раз у год зьезьдзіць у зону і чарговым разам заклікаць людзей вяртацца туды жыць, чым выдаткоўваць грошы зь дзіравага бюджэту на рэалізацыю антычарнобыльскіх праграмаў. Раю гэтаму разумніку ў гэтым годзе наведаць дзіцячы анкалягічны хосьпіс у Бараўлянах. І тады наўрад ці ў яго павернецца язык агітаваць за вяртаньне на адселеныя землі.

— У адным са сваіх вершаў ты напісаў: «Веткаўцы, сьвяцілаўцы, чачэрцы, з Хойнікаў, Нароўлі, Астрагляд... Землякі мае, мы чарнаверцы, веру нашу выдае пагляд». Твае родныя мясьціны апынуліся ў зоне. Ці разумеюць твае землякі, дзе яны жывуць і што ядуць?

— Яны гэтым асабліва не пераймаюцца, бо абсалютная большасьць зь іх не валодае нават мінімальнай інфармацыяй, што такое радыёактыўнае забруджваньне і якія ягоныя вынікі для чалавека. Але тое, што больш за 70% дзяцей у маім Веткаўскім раёне хворыя на шчытападобную залозу — яскравы доказ таго, што пераймацца насамрэч ёсьць чым. Замоўчаная праблема рана ці позна дасьць пра сябе знаць.

— Памятаю, як мы аднойчы ехалі на тваю родную Веткаўшчыну і заехалі ў вёску Барталамееўка. Мяне ўразіла, як усё там параскрадзена, выдраны жыўцом і дошкі з падлогі, і дзьверы, і вокны... Каб не прапала дабро — такая філязофія тваіх землякоў?

Прывозілі з зоны адсяленьня лазьні і парыліся ў іх, з кожным разам атрымліваючы чарговую дозу радыяцыі.

— Сапраўды так. Гэта філязофія выжываньня, нашая нацыянальная філязофія. Яе беларусы спавядалі стагодзьдзямі і будуць спавядаць яшчэ доўгія гады. Бо па-іншаму жыць не навучаныя. Бо жыцьцё такое, бо такі лёс. Насамрэч з зоны адсяленьня ў самыя першыя гады было вывезена ўсё, што магчыма: брамкі, платы, вокны, шыфэр з дахаў, цэгла зь печаў, нават цэлыя лазьні... Уяўляеш? Прывозілі з зоны адсяленьня лазьні і парыліся ў іх, з кожным разам атрымліваючы чарговую дозу радыяцыі. А што тычыцца грыбоў, ягадаў, рыбы, бярозавіку, дык тут наогул ніякіх абмежаваньняў ніхто ніколі не рабіў. «Я ж тройчы памыла грыбы, усю радыяцыю вымыла, ядзім — смаката», — кажа мне вясковая цётка, і яе цяжка пераканаць у адваротным. На жаль, радыяцыя — гэта сьмерць-невідзімка, яна падкрадаецца незаўважна.

— Украінская паэтка Ліна Кастэнка, калі да яе зьвярталіся журналісты па інтэрвію, не адмаўляла, але казала: пачакайце да красавіка. А 26 красавіка зьбірала ўсіх ахвотных пагаварыць і везла ў Чарнобыль, такім спосабам прыцягваючы ўвагу грамадзкасьці да чарнобыльскай праблемы. А хто з нашых творцаў, на тваю думку, сказаў пра Чарнобыль найбольш чутна?

— Найбольш пранізьліва і балюча паказаў чарнобыльскую тэму ў сваёй прозе Іван Пташнікаў. Я маю на ўвазе ягонае бліскучае апавяданьне «Львы». Магу назваць яшчэ раманы «Злая зорка» і «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» Івана Шамякіна і Віктара Казька. А сапраўдным празарліўцам, які сказаў, што «новы адлік часу для роду чалавечага пачаўся з 26 красавіка 1986 году», быў Алесь Адамовіч. Ён жа падкрэсьліў, што «да Чарнобылю і пасьля — гэта розныя сьветаадчуваньні, гэта па-новаму небясьпечныя шляхі чалавецтва ў будучыню».

— Днямі ўключаю БТ — на экране нейкі чыноўнік з МАГАТЭ гаворыць, якой надзейнай будзе Астравецкая атамная станцыя. І так гаворыць, такім салаўём заліваецца, быццам працуе ў адміністрацыі Лукашэнкі! Міжволі прыходзіць думка: а можа, беларусы нейкім сусьветным атамным лобі ўжо вызначаны як нейкі экспэрымэнтальны, паддосьледны народ?

Будоўля Астравецкай АЭС сапраўды нагадвае нейкі тэхнагенны экспэрымэнт.

— Такая думка сама па сабе напрошваецца. Бо будоўля Астравецкай АЭС сапраўды нагадвае нейкі тэхнагенны экспэрымэнт. Маўляў, калі пацярпелі адзін раз, дык пацерпіце і далей. І нікому ў галаву не прыходзіць, што пры эксплюатацыі атамнай станцыі зьяўляецца сур’ёзная праблема — адыходы радыёактыўнага паліва. А гэта ня попел зь печы — у агарод ня высыплеш. Трэба будаваць спэцыяльныя захавальнікі гэтых адыходаў. Нават Амэрыка баіцца захоўваць такія адыходы на сваёй тэрыторыі і таму плаціць Расеі вялікія грошы, каб тая захоўвала іх на сваёй тэрыторыі. Але Расея — велізарная па плошчы краіна, яна можа сабе такое дазволіць. А ў Беларусі дзе ні капні — паўсюль грунтовыя воды. Як ні старайся, заўсёды застаецца небясьпека, што радыяцыя рана ці позна трапіць у нашыя калодзежы і вадаправоды.

— «Дым Айчыны — чарнобыльскі дым, не салодкі ён, а гаркавы...» На чарнобыльскай тэме ў тваёй творчасьці заакцэнтаваўся і Алесь Бяляцкі ў сваёй кнізе «Бой з сабой: творчы партрэт паэта Эдуарда Акуліна». Яе прэзэнтацыя, дарэчы, адбудзецца 3 траўня ў адабраным у пісьменьнікаў Доме літаратара, які для падобных сустрэчаў цяпер трэба арэндаваць. Чаму там?

Таму і Дом літаратара — наш, нягледзячы ні на што.

— Бо гэта наш агульны літаратурны дом, ключы ад якога калісьці ў рукі Ніла Гілевіча перадаў кіраўнік Беларусі Пятро Машэраў. Бо сьцены гэтага дому намоленыя паэзіяй Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна, Анатоля Сыса... І мяне дзівіць пазыцыя некаторых нашых пісьменьнікаў, якія адмаўляюцца браць удзел у вечарынах, што праходзяць у Доме літаратара. Маўляў, гэты дом у нас забралі, нас адтуль выкінулі, таму мы не павінны туды хадзіць... А калі ў нас забіраюць мову, мы не павінны на ёй размаўляць і пісаць? Мне, здаецца, наадварот. Таму і Дом літаратара — наш, нягледзячы ні на што. Гэта наш літаратурны Парнас, безь якога няма літаратуры.

— Каго пачуюць, што пабачаць прыхільнікі паэзіі, якія прыйдуць 3 траўня ў Дом літаратара?

— Сярод выступоўцаў такія пашанотныя творцы, як акадэмік Радзім Гарэцкі, аўтар шматлікіх раманаў на гістарычныя тэмы Леанід Дайнека, бліскучы паэт і празаік Уладзімер Някляеў, выдатны мастак і паэт Рыгор Сітніца і, вядома ж, аўтар прэзэнтаванай кнігі Алесь Бяляцкі. Будуць выступаць папулярны сярод моладзі гурт «Наві», гурт пад кіраўніцтвам Кастуся Герашчанкі «Пліса», пераможца шматлікіх прэстыжных песенных конкурсаў Кацярына Ваданосава са сваім аркестрам, вядомы бард Аляксей Галіч. Дарэчы, першых пяці гасьцей імпрэзы чакае падарунак — кніга «Бой з сабой» з аўтографам аўтара. Так што запрашаю ўсіх, хто любіць і цэніць беларускую паэзію ды родную песьню, 3 траўня а 19-й гадзіне ў Дом літаратара на Фрунзэ, 5.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG