Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрыяд паўраспаду плютонію-239, які выпаў на нашу тэрыторыю, — 24 тысячы год. Гэта ў пяць разоў больш, чым узрост эгіпецкіх пірамід.

Нам здаецца, што пасьля Чарнобылю радыяцыя патроху сыходзіць, але магутнасьць амэрыцыю-241, прадукту паўраспаду плютонію-241, да 2058 году будзе толькі ўзрастаць.

У расьліны ён трапляе нашмат хутчэй, чым цэзій-137, назапашваецца ў арганізмах драпежных жывёл і дзейнічае як небясьпечны канцэраген. Напалову ён распадзецца яшчэ праз 432 гады.

97% трансуранавых элемэнтаў у выглядзе аскепкаў ядзернага паліва пасьля чарнобыльскай аварыі прызямлілася ў Беларусі. Яны назаўжды забралі ў нас больш за дзьве тысячы квадратных кілямэтраў зямлі, або 5% тэрыторыі Гомельскай вобласьці.

Там, дзе будавалі сваю будучыню Ваньковічы і Аскеркі, а старшыні калгасаў абяцалі даць радзіме «болей прадуктаў жывёлагадоўлі» і змагаліся за «большую тлустасьць малака», цяпер лес, дрыгва, зубры і коні Пржавальскага.

Вуліца Леніна стала сьцежкай у полі

«А дзе тая радыяцыя? Што яна, бегае-кусаецца?» — са сьмехам кажа ў Рудакове малады самасёл Віктар. У беларускай зоне адчужэньня праз два гады пасьля аварыі заснавалі Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік. Цяпер ягоная тэрыторыя — больш за 2 тысячы квадратных кілямэтраў, яна ахоплівае часткі Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага раёнаў Гомельскай вобласьці.

Трапіць у запаведнік можна толькі па пропусках. Ніякіх турыстаў тут не чакаюць, а браканьераў і сталкераў адлоўліваюць. Вакол «зоны» застаюцца заражаныя месцы, дзе яшчэ жывуць людзі.

КПП на ўезьдзе ў запаведнік

КПП на ўезьдзе ў запаведнік


«Закінулі на тую «атамку», і тая «атамка» нам і дала. Мы там працавалі каля Радзіна па мэліярацыі, я брыгадзірам. У мяне было шэсьць чалавек. Такія хлопцы, брат ты мой. Два шафёрамі працавалі, а адтуль прыехалі — і недзе праз тыдзень памерлі. Маладыя хлопцы, — 78-гадовы Анатоль Цімафеевіч Радчанка цяпер самы стары жыхар Рудакова. Пасьля аварыі жыхарам прапанавалі выехаць. Ён, як і ягоная суседка Соф’я, застаўся тут. Цяпер у Рудакове сем жылых дамоў.

«Куды зьяжджаць? — пытаецца Анатоль Цімафеевіч. — Кінь дом, кінь усё сваё — ды едзь куды. Тут мы і пасеем, тут у нас і пчолкі, і вінаградзік, і ўсё. Тут вучыўся, пабудаваў хатку, жаніўся. Дом абразцовай культуры».

У савецкія часы Рудакоў быў вялікай вёскай на 270 двароў. Тут жыла тысяча чалавек, а яшчэ тысяча вучылася ў СПТУ № 30. Кажуць, стыпэндыю давалі па 97 рублёў, абувалі, адзявалі, кармілі — усё за кошт дзяржавы.

«Што ж, вы думаеце, у тым Чарнобылі? — распавядае Анатоль Цімафеевіч. — Там рэчка працякала побач. Паромчык стаяў. Я туды яшчэ здуру чатыры разы плаваў. Прыеду на тую атамку — чыстата, парадак, а людзей нідзе няма нікога. Людзі ж адчувалі, што яна аддавала тое, што ня трэба. У сакрэце трымалі, і гэты сакрэт нас усіх пажог. Пагробілі людзей, і харошых, і плахіх. А ўсе харошыя».

Былыя карпусы СПТУ № 30 у вёсцы Рудакоў

Былыя карпусы СПТУ № 30 у вёсцы Рудакоў

Серп і молат у вёсцы Рудакоў

Серп і молат у вёсцы Рудакоў


Цяпер карпусы СПТУ, дзе рыхтавалі мэханізатараў, трактарыстаў, даярак і прадаўцоў, жахаюць разрухай. Найлепш захаваўся шматмэтровы бэтонны серп і молат. А насупраць гіне шыкоўная калісьці нэабарочная сядзіба Ваньковічаў-Горватаў. Сто год таму тут былі бровар, тартак, малочны завод, шпіталь, школа. Гаспадары мелі тэнісны корт і выраблялі адмысловае дэсэртнае масла.

Сядзіба Ваньковічаў у Рудакове

Сядзіба Ваньковічаў у Рудакове


«Чарнобыль» параўняў савецкую і дасавецкую спадчыну. Але праз асфальт выглядвае добрая «ваньковіцкая» брукаванка.

Брукаванка пачатку мінулага стагодзьдзя ў Рудакове

Брукаванка пачатку мінулага стагодзьдзя ў Рудакове

Рудакоў — па-за тэрыторыяй запаведніка, дазымэтар паказвае тут амаль дазволеныя 0,3 мікразівэрта (бясьпечная норма — 0,1 мікразівэрт). Але выглядае, што вельмі хутка яго напаткае лёс зьнішчаных вёсак, якія ўжо ня знойдзеш сярод дрэваў, што папраросталі праз закапаныя дамы.

Тут стаяў дом. Радыяцыя “пахавала” яго ў зямлю

Тут стаяў дом. Радыяцыя “пахавала” яго ў зямлю


Вузкую гравейку праз поле maps.me пазначае як «вуліца Леніна». І не памыляецца. Калісьці гэта была галоўная вуліца вёскі Губарэвічы. Цяпер тут мясцовая славутасьць — на сьпілаванай галіне вяза людзі «ўгледзелі» абраз «Маці Божай Казанскай». Апякуецца мясьцінай бабуля Юля са Стрэлічаў. Тут кіпіць жыцьцё — некалькі мужчынаў разьвялі будаўніцтва, а бабуля Юля размаўляе зь сяброўкамі.

80-гадовая Юля будуе каплічку каля драўлянай іконы ў Губарэвічах

80-гадовая Юля будуе каплічку каля драўлянай іконы ў Губарэвічах


«Часовеньку будуем, каб калі хто ідзе, той паглядзеў. Кажуць, што Казанская богоматерь, а я ж ня бачу, — кажа яна. — Пяць хат тут. Адны старушачкі з кавенечкамі, паміраць ужо трэба. Раней царква там была, бацюшку расстралялі ці забралі. А гэтая Мацер Божая да нас прыйшла гадоў тры ці чатыры. Павысялялі ўсюды, якія дзярэўні пазакопвалі, мае вы дарагія, жалка расказаць, бо душа млее ад гора. Такія дзяла. Вы нам пажалавайце капеечку».

Амэрыцый тут паўсюль, значыць, і плютоній паўсюль

«Самыя прыгожыя мясьціны зас...лі», — кажа нам малады супрацоўнік запаведніка. Ягоную сям’ю і яго малога ў ліку 22 тысяч чалавек выселілі адсюль у 86-м. У савецкі час тут займаліся мэліярацыяй, адваёўвалі ў прыроды пасяўныя землі, калгасы багацелі, а людзі будавалі сабе ўсё лепшыя дамы. Цяпер у першай жа вёсцы Краснасельле дазымэтар паказвае 2,5 мікразівэрта, дамы разрабаваныя марадэрамі, а калгасныя палі накрыў лес. Дрыгва вярнулася, бо каб радыенукліды не траплялі за тэрыторыю запаведніка праз паверхневыя воды, водныя крыніцы перакрылі дамбамі.

Адселеная вёска Выграбная Слабада

Адселеная вёска Выграбная Слабада


«Радыяцыйная абстаноўка зьмянілася неістотна, — кажа загадчык навуковага аддзелу радыяцыйна-экалягічнага маніторынгу запаведніка Юры Марчанка. — Хоць пэрыяд паўраспаду цэзію і стронцыю прайшоў. Але застаюцца праблемы мазаічнасьці выпадаў. На адных участках вельмі значныя дозы фіксуюцца, на другіх — малыя. Ёсьць праблема трансуранавых элемэнтаў. Вось станцыя Масаны, там ідзе накапленьне амэрыцыю, які зьяўляецца канцэрагенам і аказвае на чалавека і жывёлаў яшчэ больш нэгатыўны ўплыў».

Юры Марчанка

Юры Марчанка


«Пэўная стабілізацыя ёсьць, але істотных зьменаў няма», — тлумачыць навуковец. І нагадвае, што на гэтай тэрыторыі выпала 30 працэнтаў цэзію-137, 73 працэнты — стронцыю-90 і 97 працэнтаў трансуранавых элемэнтаў.

Паводле інтэнсіўнасьці і складу забруджаньня гэтае месца ў сьвеце не параўнаць ні з чым. Чарнобыльская аварыя зрабіла беларускую тэрыторыю ўнікальнай лябараторыяй, дзе ўжывую можна назіраць, што робяць з намі радыенукліды.

Чарнобыльскую АЭС відаць з 30-мэтровых вышак на тэрыторыі запаведніка

Чарнобыльскую АЭС відаць з 30-мэтровых вышак на тэрыторыі запаведніка


Агулам у запаведніку працуе каля 700 чалавек. Зь іх паўсотні — навукоўцы. У адселенай вёсцы Бабчын пабудавалі адміністрацыйныя карпусы, інтэрнат, сталовую. Там, дзе працуюць людзі, правялі дэзактывацыю — верхні слой зямлі, у якім у асноўным застаюцца радыенукліды, зьнялі. Ежа і вада тут прывазная. Кожны супрацоўнік мае свой індывідуальны дазымэтар, паказаньні якога фіксуюцца і аналізуюцца. Бывала і такое, што яны перавышалі дапушчальную норму. Тады з кожным, кажуць, разьбіраліся асобна — дзе быў, што еў. За парушэньне правілаў (напрыклад, забаронена есьці тое, што вырасла на тэрыторыі запаведніка) могуць і звольніць. А з працай у Хойніках ня надта.


«Для большасьці відаў глебы радыенукліды знаходзяцца ў верхнім слаі, — тлумачыць загадчык лябараторыі спэктрамэтрыі і радыяхіміі кандыдат хімічных навук Вячаслаў Забродзкі. — Гэтая сытуацыя стабілізавалася, і яны практычна нікуды не мігруюць... Цэзій усё больш і больш замацоўваецца ў глебе з часам, і ягоная міграцыйная здольнасьць і здольнасьць трапляць у расьліны з часам усё меншая. А ў стронцыю, наадварот, міграцыйная здольнасьць павялічваецца, і ён знаходзіць сваё падмацаваньне ад часьцінак ядзернага паліва».

Вячаслаў Забродзкі

Вячаслаў Забродзкі


Асаблівасьць чарнобыльскай аварыі ў тым, што гэтая тэрыторыя была забруджаная пераважна паліўнымі выкідамі, — нагадвае Забродзкі.

«Вызвалены» стронцый насычае сабою расьліны і драўніну, якімі пакрыты ўвесь запаведнік. «Усе разумеюць, што драўніну ў нашых краях нельга выкарыстоўваць, — кажа Забродзкі. — Бо пры яе спаленьні адбываецца канцэнтраваньне гэтых радыенуклідаў, прычым каэфіцыент канцэнтраваньня вагаецца ад 50 да 200. І ёсьць небясьпека, што ў выніку гэтага канцэнтраваньня мы будзем мець радыеактыўныя адкіды».

Гэта адна з прычынаў, чаму ў запаведніку так баяцца пажараў. Да таго ж тушыць іх у запаведным лесе вельмі цяжка. Хоць «рудога лесу», як вакол рэактара ва ўкраінскай частцы зоны, у Беларусі няма, але і тутэйшыя лясы надоўга застануцца сховішчам радыенуклідаў.

Трансураны, якія яшчэ тысячагодзьдзямі будуць небясьпечныя для чалавека, ужо зьвязаліся з кампанэнтамі глебы. Тое, як яны сябе паводзяць, наўпрост залежыць ад яе кіслотнасьці, але міграцыя ў расьліны, а адтуль у арганізмы жывёлаў і далей — чалавека, вельмі высокая. Іх добра набіраюць брусьніцы і чарніцы, бабовыя і злакі. Калі ўзорваць заражаную трансуранамі глебу, то ў расьлінах на гэтых землях іх будзе нашмат больш, чым у тых, што растуць на неўзаранай зямлі. Да таго ж пры актыўным узорваньні яны з пылам падымаюцца ў паветра і трапляюць наўпрост у лёгкія.


«Мы пераконваемся, што ў любым пункце запаведніка ён (плютоній. — РС) прысутнічае», — распавядае Забродзкі. Хоць плютоній і цяжка ідэнтыфікаваць, але прысутнасьць амэрыцыю азначае, што і плютоній там ёсьць.

«Сам факт, што ў гэтай зямлі ёсьць трансуранавыя элемэнты, этычна не спрыяе засяленьню. Таму прынята казаць, што ў агляднай будучыні гэтыя тэрыторыі ня будуць вяртацца ў гаспадарчы абарот», — кажа Забродзкі.

Вальер для чалавека

«Агароджа гэтая не для зуброў, а для нас», — з усьмешкай кажа лясьнік Юры Надзін. Са сваім калегам ён жыве ў лесе ў зубрыным гадавальніку. Зуброў калісьці завезьлі зь Белавескай пушчы. Цяпер іх тут 114 галоў. Улетку прыходзяць да людзей зрэдку, а ўзімку часта завітваюць за ежай і вадой.

На тэрыторыі гадавальніка таксама правялі дэзактывацыю, дом перавезьлі зь незабруджанай тэрыторыі. З гадаванцамі сваімі хлопцы падтрымліваюць стасункі паважлівыя, але на дыстанцыі. «Зубар усё ж агрэсіўная жывёла, хто яго ведае, што ў яго там у галаве», — кажа Юра.

«Хто самы страшны зьвер у запаведніку? Чалавек!» — гэты выраз можна пачуць ці не ад кожнага супрацоўніка.

«Біяразнастайнасьць гэтай тэрыторыі супастаўляльная зь іншымі запаведнымі тэрыторыямі Беларусі», — з гонарам распавядае старшы навуковы супрацоўнік аддзелу экалёгіі фаўны Валер Юрко. — Па рэдкіх відах жывёлаў наш займае другое месца пасьля Прыпяцкага нацыянальнага парку. Конь Пржавальскага, паўднёварускі тарантул, багамол... Сярод прадстаўнікоў энтамафаўны такіх відаў будзе вельмі шмат, але спэцыяліста-энтамоляга, на жаль, няма«.

Валер Юрко

Валер Юрко


Сам Валер Юрко — арнітоляг. Кажа, што тут зафіксавана 225 відаў птушак, а ў Менску — 98. Прысутнасьць чалавека Валер, як і іншыя, называе «фактарам неспакою».

«Сюды сталі пранікаць жывёлы, якія раней не жылі тут. Не было высакароднага аленя, цяпер — 700 асобін, не было пугача, арлана-белахвоста, а цяпер тут яго самая высокая колькасьць — каля 20 пар, якія гняздуюцца, а агульная колькасьць — больш за 100 асобін».

200 галоў ваўка, 50 асобін рысі, ласі, алені, казулі, кабаны, шмат янотападобнага сабакі, — пералічвае Юрко. — «Млекакормячых у нас 46 відаў, але ў нас зьявіўся хіраптароляг, які будзе вывучаць рукакрылых і ўжо знайшоў 7 відаў кажаноў. Таму колькасьць млекакормячых будзе да 60 відаў. А ўсяго ў Беларусі трохі больш за 70 відаў, каб вы ня думалі, што ў нас так мала».


Як і ў чалавечым сьвеце, жывёлы суіснуюць паміж сабою. З-за таго, што ваўкоў шмат, узімку ў запаведнік зьлятаюцца арлан-белахвост і беркут — даядаць за ваўкамі іхную здабычу. Распаўсюдзіўся янотападобны сабака, які раней ня быў уласьцівы гэтай тэрыторыі. Ён настолькі добра прыжыўся, што іншых куніцавых — гарнастаяў, тхароў — стала меней. Меней робіцца і казуляў, бо на іх палююць ваўкі і рысь. А дзікоў валіць сьвіная чума.

Усе жывёлы добра ўжыліся ў пакінуты чалавекам ляндшафт. «Барсукі жывуць у дамах і пад дамамі, пугачы гняздуюцца на гарышчах, дзікі робяць купальні пасярод закінутых вёсак», — распавядае Юрко.


«Я вам з пункту гледжаньня заалёгіі адказна заяўляю, што ўсе гэтыя жывёлы на гэтай тэрыторыі пачуваюцца вельмі добра, цудоўна расплоджваюцца», — кажа Валер Юрко. — Ніякіх зьменаў у цыкле размнажэньня, колькасьці эмбрыёнаў, дзіцянятаў, гібелі дзіцянятаў. Нічога намі на ўзроўні заалёгіі не адзначана як уплыў радыяцыі. Яскрава выяўленых мутантаў тут няма. А мутацыі адбываюцца ў прыродзе ўвесь час, гэта норма».


Але ў арганізмах гэтых жывёлаў нормы ўтрыманьня радыенуклідаў часта зашкальваюць.

«Янотападобны сабака найбольш набірае, — кажа Юрко. — У адной асобіне знайшлі каля паўтара мільёна бэкерэляў на кіляграм. Пры норме спажываньня для чалавека — 370 бэкерэляў на кіляграм. У цецерука самыя высокія ўзроўні — 174 тысячы бэкерэляў на кіляграм, у лася — 40 тысяч, у качкі-крыжанкі — 40 тысяч».

Жывёлы натуральна выходзяць за межы запаведніка і могуць разносіць радыенукліды па ўсёй тэрыторыі. Калі такое мяса трапіць на стол чалавека — радыенукліды пяройдуць у ягоны арганізм. Таму, папярэджваюць тут, есьці неправераную дзічыну і птушак беларусам катэгарычна забараняецца. Тое ж самае тычыцца лоўлі рыбы на забруджаных тэрыторыях. Той жа стронцый актыўна назапашваецца ў рыбіных костках, а цэзій — ва ўнутраных органах рыб.


Браканьераў усё гэта не спыняе. «Нядаўна забілі лася, далі 150 мільёнаў штрафу», — распавядае Юрко.

Тое ж самае і з рыбаловамі. «Ня ведаю, для каго яны ловяць тую рыбу. Хіба для ворагаў», — усьміхаецца Забродзкі.

Валер Юрко прызнае, што на генэтычным узроўні зьмены ў арганізмах жывёлаў усё ж такі адзначаюцца. Праўда, 30 год — занадта малы тэрмін, каб рабіць абгрунтаваныя высновы, чым менавіта яны выкліканыя.

Адселеная вёска Краснасельле

Адселеная вёска Краснасельле


Сам Валер радыяцыі не баіцца і ня надта верыць у яе ўплыў. На пытаньне пра здароўе аджартоўваецца: «Давайце падыду да турніка, пакажу сваё здароўе — і падцягнуся, і пад’ём пераваротам зраблю. Мне 50 год, а на вышку 30-мэтровую ў запаведніку я за 5 хвілін падымаюся».

Глядзіш на жывога лася і думаеш, колькі ў ім цэзію і плютонію

Пра вёску Масаны, якая за 12 кілямэтраў ад Чарнобыльскай АЭС, вікіпэдыя піша, што яна вядомая з 18 стагодзьдзя. Цяпер у вёсцы адзін дом, дзе вахтавым мэтадам працуюць два навукоўцы. Тут таксама зьняты верхні слой глебы, ежу і ваду прывозяць з сабою. Прывезьлі нават катоў і сабак. Калі выйсьці з пляцоўкі, дазымэтар паказвае 4,5 мікразівэрта ў гадзіну.

Раман Нянашаў

Раман Нянашаў


«Мы вядзем маніторынг экалягічных фактараў, якія могуць паўплываць на магутнасьць выпраменьваньня, — распавядае навуковы супрацоўнік Раман Нянашаў. — Калі дождж ідзе, то вада паглынае частку выпраменьваньня. І ўзімку таксама. Вывучаем паводзіны радыенуклідаў у наземных і водных экасыстэмах. У нас ёсьць кантрольныя пункты. Кожны характарызуе сваю экасыстэму — ёсьць пункты на ўзвышшах, ёсьць на нізінах. Адбіраем пробы глебы, расьліннага покрыва».

Па словах Рамана, узровень выпраменьваньня ў кантрольных пунктах тут можа дасягаць 7 мікразівэртаў. Зрабіць з гэтай тэрыторыяй бліжэйшым часам нічога нельга, за ёю можна толькі назіраць.

«Запаведнік ёсьць запаведнік. У яго адпаведны статус. Тут любое ўмяшаньне забароненае, — тлумачыць Раман. — Зона гэтая будзе яшчэ доўга знаходзіцца ў такім стане, як цяпер. Мерапрыемствы па дэзактывацыі праводзіць вельмі дорага і нерэнтабэльна. Калі зьняць грунт, то куды яго падзець? Выходзіць, што мы будзем проста перамяшчаць радыяцыю зь месца на месца.

— Значыць, гэтую тэрыторыю радыенукліды адваявалі сабе назаўжды?

— У бліжэйшыя стагодзьдзі — так. Тут жа ня толькі кароткажывучыя радыенукліды, як цэзій, стронцый, у якіх пэрыяд паўраспаду каля 30 год, але і трансуранавыя элемэнты, якія характарызуюцца доўгім тэрмінам паўраспаду — сотні, дзясяткі тысяч год. Зь імі нешта зрабіць ужо складана. Яны тут застануцца».


Як і іншыя навукоўцы ў запаведніку, да радыяцыі Раман ставіцца спакойна. «Смак мэталічны ў роце — гэта чыстай вады выдумка. Тыя ўзроўні радыяцыі, якія цяпер існуюць, ніяк ня могуць паўплываць на органы пачуцьцяў і рэцэптары чалавека. Нават, груба кажучы, прыкметы прамянёвай хваробы выклікаюцца ў сотні раз большым узроўнем, чым тыя, якія тут цяпер. Калі ў вас нейкі прысмак, гэта зьвязана з чымсьці іншым», — кажа ён і высьмейвае «народныя спосабы» вывядзеньня радыяцыі з арганізму — белы зэфір і чорны шакаляд. «Хаця, — кажа Раман, — чырвонае віно я і так люблю піць».


А правілам не зьбіраць грыбы і ягады ў зонах радыяцыйнага забруджаньня пагарджаць па-ранейшаму нельга. Для гэтага лепш азнаёміцца з мапамі, якія ёсьць у свабодным доступе. Паляўнічым і рыбаловам правяраць мяса і рыбу на ўтрыманьне радыенуклідаў таксама абавязкова.

«Парогавых значэньняў для радыяцыі няма, — паўтарае Юры Марчанка, які катэгарычна супраць таго, каб пускаць у запаведнік турыстаў. — Нават малыя хранічныя дозы апраменьваньня маюць сваю небясьпеку. Пабыў чалавек на гэтай тэрыторыі, пасьля ў яго нейкія праблемы са здароўем — куды скардзіцца? Што рабіць?»

Назіраць, дасьледаваць і ахоўваць — усё, што можа рабіць цяпер чалавек у беларускай зоне адчужэньня.


Але людзі ў запаведнік усё ж вяртаюцца. На могілкі. Мёртвыя — у зямлю, жывыя — даглядаць магілы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG