Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Слоніме звольнілі сябра незалежнага прафсаюзу — за тое, што езьдзіў у Швэцыю і мыўся пасьля працы


Міхаіл Сошка, актывіст прафсаюзу РЭП

Міхаіл Сошка, актывіст прафсаюзу РЭП

Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргу рабочага камвольна-прадзільнай фабрыкі Міхаіла Сошкі на рашэньне Слонімскага раённага суду, які прызнаў законным, што адміністрацыя фабрыкі за тры гады да пэнсіі не працягнула яму працоўны кантракт.

Міхаіл Сошка адпрацаваў на Слонімскай камвольнай фабрыцы 30 гадоў, мае шосты разрад, да пэнсіі яму заставалася менш за тры гады. Адміністрацыя не працягнула зь ім кантракт на падставе таго, што за апошні год у яго былі дысцыплінарныя спагнаньні: за тое, што пайшоў памыцца пасьля бруднай працы, а таксама за тое, што курыў у неадпаведным месцы.

Яшчэ напярэдадні паседжаньня абласной калегіі Сошка быў перакананы: у абласным судзе выправяць памылкі раённага суду, бо паводле калектыўнай дамовы за тры гады да пэнсіі кантракт з рабочым працягваецца аўтаматычна. Пасьля зачытанага рашэньня Сошка разгубіўся:

«Я думаў, што ў раёне на суд націснулі і там было прагназаванае рашэньне. А тут, аказваецца, таксама за дысцыплінарнае спагнаньне прызналі тое, што пасьля працы я пайшоў памыўся. Дарэчы, і мыцца я хадзіў з дазволу непасрэднага начальніка, але ён у судзе пабаяўся ў гэтым прызнацца, маўляў, будуць праблемы. Дый іншым залічылі гэтыя спагнаньні, але кантракт не працягнулі толькі мне».

Прадстаўнік прафсаюзу РЭП Юры Белякоў, які прысутнічаў у судзе, лічыць, што наймальнік папросту хацеў пазбавіцца ад Сошкі. Не працягнулі кантракт з высокакваліфікаваным адмыслоўцам — а значыцца, пайшлі нават на тое, каб браць іншага чалавека, навучаць яго, затрачваць на гэта сродкі.

Белякоў кажа, што кансультаваўся наконт гэтай справы з многімі вядомымі юрыстамі, і ўсе пацьвердзілі, што раённы суд ня меў рацыі.

Юры Белякоў, юрыст прафсаюзу РЭП

Юры Белякоў, юрыст прафсаюзу РЭП

«Я бачу, што і абласному суду ўсё роўна, што напісана ў нашых законах, Канстытуцыі, што ў нас сацыяльная дзяржава. Паводле закону чалавеку даюць за тры гады дапрацаваць да пэнсіі. Але гэта нікім ня ўлічваецца, бо слонімская „вэртыкаль“ захацела папросту ад чалавека пазбавіцца. І пракуратура, якая павінна стаяць на баку захаваньня законнасьці, засталася ўбаку, і суд прымае такое рашэньне...

Навошта мы тады ўтрымліваем такую армію ўсіх гэтых пракурораў і судзьдзяў, калі ніхто ня хоча разабрацца па сутнасьці?

Дзіўна. Навошта мы тады ўтрымліваем такую армію ўсіх гэтых пракурораў і судзьдзяў, калі ніхто ня хоча разабрацца па сутнасьці? Вядома, мы будзем абскарджваць рашэньне, а таксама пададзім скаргу ў міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі. Крыўдна, што ў нас такое робіцца».

Сошка кажа, што зь юрыдычнага боку яму зразумела — рашэньне незаконнае, і ён намераны далей яго абскарджваць. Іншая праблема — як жыць, дзе шукаць працу і наколькі гэта ў Слоніме рэальна?

Паводле Сошкі, працу яму ў Слоніме не знайсьці, бо ўся гэтая справа закруцілася з таго, што аднойчы ён выйшаў з афіцыйнага прафсаюзу і ўзначаліў суполку незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці.

«Мяне былы дырэктар фабрыкі некалькі разоў запрашаў на размову і прапаноўваў кінуць гэты прафсаюз, маўляў, усё тады будзе добра. А потым, калі я ад прафсаюзу паехаў у Швэцыю, а па вяртаньні распавёў сябрам пра тое, як працуюць прафсаюзы там, то пра мяне ўжо выказаўся старшыня Слонімскага райвыканкаму, маўляў, невядома чаго я езьдзіў у Швэцыю, бо ён мяне не ўпаўнаважваў. Думаю, што ўсе мае праблемы крыюцца вось тут».

Сошка перакананы, што ў Слоніме ён наўрад ці знойдзе працу, бо і ўзрост перадпэнсійны, і ніхто ня возьме пасьля такога звальненьня. Спадзяецца на дробныя прыработкі, каб неяк пражыць разам з жонкай. Жонку, дарэчы, таксама скарацілі, і цяпер яны абое бяз працы.

«Добра, што дзеці дарослыя, але за іх кошт жыць не зьбіраюся. У жонкі на вёсцы бацькоўская хата, то мы яшчэ там гароды садзім, буду недзе падпрацоўваць, неяк пражывём».

Кідаць прафсаюзную дзейнасьць мужчына таксама не зьбіраецца. Маўляў, шмат людзей церпяць ад сваіх наймальнікаў, і ніхто за іх не заступаецца.

У іх у руках уся ўлада, але калі ім не супрацьстаяць наагул, то я не ўяўляю, да чаго можа дайсьці.

«На сёньня іншага варыянту няма. У іх у руках уся ўлада, але калі ім не супрацьстаяць наагул, то я не ўяўляю, да чаго можа дайсьці. Ведаеце, усе гэтыя начальнікі з розных адміністрацыяў выконваюць таксама нечыя загады, бо баяцца, што іх звольняць. Але, зь іншага боку, яны баяцца і таго, што іхнія прозьвішчы зьяўляюцца ў СМІ і людзі даведваюцца пра іхнія ўчынкі.

А што да калегаў па працы, то Сошка заўважыў, што ўсе яму спачуваюць, але нічога зрабіць ня могуць.

«Людзі баяцца, і таму буду надалей іх бараніць, трэба гэтаму супрацьстаяць».

XS
SM
MD
LG