Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежны прафсаюз РЭП адстаяў правы рабочых у судзе


Былыя работнікі Закрытага акцыянэрнага таварыства «Вялес Майстар» Міхаіл Марцінкевіч і Аляксандр Сасноўскі атрымаюць па 10 мільёнаў рублёў. Гэтай выплаты яны дамагліся з дапамогай Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), паведамляе praca-by.info.

Марцінкевіч і Сасноўскі працавалі на ўзьвядзеньні амбасады Азэрбайджана ў Менску. Яны зарабілі каля 28 мільёнаў рублёў, а на рукі атрымалі толькі 8. Наймальнік усяляк зацягваў выплаты, таму Міхась Марцінкевіч і Аляксандр Сасноўскі зьвярнуліся па дапамогу ў прафсаюз РЭП.

Судовая цяжба цягнулася некалькі месяцаў. Нарэшце 8 красавіка ў Менскім гарадзкім судзе бакі падпісалі мірнае пагадненьне, у адпаведнасьці зь якім кампанія абавязаная выплаціць Марцінкевічу і Сасноўскаму па 10 мільёнаў рублёў.

«Мы пагадзіліся з гэтым кампрамісным рашэньнем, — гаворыць старшыня менскай суполкі РЭП Ігар Комлік. — Калі б барацьба працягвалася, можна было б адваяваць і болей. Аднак судовая цяжба і так зацягнулася, а хлопцы стаміліся. Яны вярнулі заробленыя грошы. Гэтая сума адпавядае патрабаваньням, названым у першапачатковым пазове, таму мы, параіўшыся, вырашылі пайсьці на міравую».

XS
SM
MD
LG