Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюз РЭП рыхтуе сэрыю пікетаў «Не — жабрацтву народа»


Генадзь Фядыніч

Генадзь Фядыніч

Лідэр незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзь Фядыніч паведаміў Свабодзе, што актывісты зьбіраюцца правесьці як мінімум 7 пікетаў па ўсёй Беларусі.

Генадзь Фядыніч кажа, што пікеты будуць праводзіцца пераважна ў абласных цэнтрах і буйных раённых цэнтрах, дзе ёсьць актывісты РЭП.

«Людзі будуць самі вырашаць, у які тэрмін праводзіць пікеты. Але відавочна, што яны будуць праходзіць у траўні, пасьля Вялікадня. На сёньня ўжо падалі заяўку на правядзеньне пікету магілёўцы (на 7 траўня), а астатнія заяўкі будуць падавацца на наступным тыдні. Агулам мы зьбіраемся правесьці ня менш як сем пікетаў», — апавёў лідэр незалежнага прафсаюзу РЭП.

Фядыніч кажа, што прафсаюз ня будзе супраць, калі пікет падтрымаюць іншыя грамадзкія і палітычныя арганізацыі. «Мы ў гэтых гарадах у стане і самі правесьці. Але мы будзем задаволеныя, калі падтрымаюць гэтую ідэю іншыя рухі і проста грамадзяне», — дадаў ён.

Правесьці сэрыю пікетаў супраць сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўладаў пастанавілі ўчора на паседжаньні прэзыдыюму рады прафсаюзу РЭП у сувязі з рэзкім падзеньнем узроўню жыцьця ў Беларусі і прыняцьцем «антысацыяльных» дэкрэтаў і пастаноў (у тым ліку — аб павышэньні пэнсійнага ўзросту).

XS
SM
MD
LG