Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя ўзялася за актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП


Акцыя падтрымкі актывіста прафсаюзу РЭП у Слоніме

Акцыя падтрымкі актывіста прафсаюзу РЭП у Слоніме

У Горадні складзены пратакол на прадстаўніка Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Васіля Корабава, які нібыта браў удзел у акцыі ў падтрымку звольненага са Слонімскай камвольнай фабрыкі сябра іх прафсаюза Міхаіла Сошкі.

Паводле Корабава, да яго на кватэру прыйшоў міліцыянт і даў пратакол для азнаямленьня, а потым папрасіў падпісацца. У пратаколе Корабаў прачытаў, што 31 сакавіка браў удзел у несанкцыянаванай акцыі ў Слоніме побач з будынкам адміністрацыі камвольнай фабрыкі.

— Я адмовіўся падпісваць пратакол, паколькі там нават не былі ўказаныя сьведкі, а папросту запісана, што я ўдзельнічаў. Так можна напісаць на кожнага і прынесьці падсунуць падпісаць падобны пратакол.

Лідэр Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч заявіў Свабодзе, што падобныя пратаколы складзеныя таксама на сябраў прафсаюза зь Берасьця, Менску, Бабруйска і Баранавічаў, і ўсіх чакаюць суды.

Генадзь Фядыніч

Генадзь Фядыніч

— Улада папросту супрацьдзейнічае нашай прафсаюзнай дзейнасьці. Мы прыехалі ў Слонім бараніць правы нашага калегі, якога незаконна звольнілі з працы. Атрымліваецца, што ўлада можа парушаць правы працоўных, а мы бараніцца ня можам. Дзеля гэтага выкарысталі міліцыянтаў, якія нават не прыйшлі пад будынак фабрыкі, хаця іх РАУС недалёка знаходзіцца, не паразмаўлялі з намі, а папросту панапісвалі пратаколаў нават бязь сьведкаў. Відавочна, што дадзены папросту загад зьверху, каб ніякім чынам ніхто ня мог выказаць ніякага пратэсту. Але так справа ня пойдзе, бо мы зьбіраемся арганізаваць пратэст і на міжнародным узроўні ў абарону працоўных у Беларусі, — няхай ня думаюць, што будзем маўчаць.

Міхаіл Сошка адпрацаваў на Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыцы 30 гадоў. Апошнія некалькі гадоў ён выйшаў з афіцыйнага прафсаюза і стаў сябрам прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасьці, а да ўсяго пачаў займацца актыўнай грамадзкай дзейнасьцю.

Акцыя падтрымкі актывіста прафсаюзу РЭП у Слоніме

Акцыя падтрымкі актывіста прафсаюзу РЭП у Слоніме

Сошка, паводле актывістаў, як прафсаюзны дзеяч неаднойчы заступаўся за правы іншых рабочых на прадпрыемстве. Як сябра прафсаюзу РЭП разам зь іншымі актывістамі зь Беларусі наведваў Швэцыю на запрашэньне калегаў з прафсаюзу IF Metall. Па вяртаньні ў Слонім хацеў падзяліцца вопытам з рабочымі камвольнай фабрыкі, за што атрымаў спагнаньне.

У апошні дзень працы Сошкі сябры прафсаюза РЭП з розных гарадоў Беларусі прыехалі ў Слонім і правялі побач з будынкам адміністрацыі фабрыкі акцыю. Некаторыя трымалі ў руках плякат: «Рукі прэч ад Міхаіла Сошкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG