Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Справа Шарамета: Сьледзтва працуе над усімі магчымымі вэрсіямі забойства


На месцы здарэньня, 20 ліпеня 2016 году

На месцы здарэньня, 20 ліпеня 2016 году

Прайшло два тыдні ад забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета, але праваахоўныя органы Ўкраіны пакуль не сьпяшаюцца паведамляць падрабязнасьці расьсьледаваньня.

Кіраўніца Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Хація Дэканаідзэ, якая адразу пасьля здарэньня заявіла, што знайсьці выканаўцаў і замоўцаў забойства журналіста зьяўляецца яе асабістай справай гонару, неаднойчы зьвярталася да сродкаў масавай інфармацыі і палітыкаў з просьбай не перашкаджаць сьледзтву сваімі камэнтарамі.

Стала вядома, што адмыслоўцы Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў ужо вызначылі тып выбухоўкі, якая была закладзеная пад аўтамабіль Паўла Шарамета, але сьледзтва таксама пакуль не абнародуе гэтую інфармацыю.

З пытаньнем, як прасоўваецца сьледзтва ў справе Паўла Шарамета, Свабода зьвярнулася да сьпікера Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Арцёма Шаўчэнкі.

— Спадар Арцём, ці праўда, што сьледзтва цяпер працуе толькі над адной вэрсіяй, якую агучыў дэпутат Антон Герашчанка?

— Ад пачатку расьсьледаваньня было вылучана некалькі вэрсіяў, і адна зь іх — забойства з мэтай дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне. Таму тое, што сказаў Герашчанка, укладаецца ў гэтую вэрсію, але як палітык ён назваў гэта дэманстратыўным забойствам. Ён проста прыдумаў новую назву.

— Міністэрства ўнутраных спраў абвясьціла пра ўзнагароду ў 200 тысяч грыўняў за інфармацыю, якая дапаможа сьледзтву. Ці зьвярталіся грамадзяне з такой інфармацыяй?

— Узнагарода абвешчаная не за любую інфармацыю, а выключна за тую, якая дапаможа раскрыць злачынства або будзе спрыяць значнаму посьпеху ў яго расьсьледаваньні. Пакуль яшчэ не магу сказаць падрабязнасьці, бо ня маю на гэта паўнамоцтваў ад сьледзтва.

— Сьледзтва вывучала відэа з камэраў, і на іх падставе можна было зрабіць фотаробаты падазраваных, якія закладвалі выбухоўку. Такія фотаробаты ўжо падрыхтаваныя? Калі яны будуць абнародаваныя?

— З гэтай нагоды не магу нічога сказаць. Як толькі яны будуць падрыхтаваныя, то ўсе пра гэта даведаюцца ўжо па факце абнародаваньня.

XS
SM
MD
LG