Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Забойства Шарамета: другі дзень сьледзтва. Сьледчыя маюць відэа, як закладалі выбухоўку


На месцы забойства Паўла Шарамета. Кіеў, 20 ліпеня 2016 году

На месцы забойства Паўла Шарамета. Кіеў, 20 ліпеня 2016 году

У Кіеве адбываецца разьвітаньне з журналістам Паўлам Шараметам, які загінуў ад выбуху аўтамабіля ў цэнтры сталіцы Ўкраіны ў сераду раніцай. Людзі, якія хацелі выказаць спачуваньні родным, зьбіраліся ў чацьвер у «Мэдыяхабе», а ў пятніцу на разьвітаньне з журналістам, вядомым ва Ўкраіне, Расеі і Беларусі, можна прыйсьці ва «Ўкраінскі дом» з 11-ці раніцы. Праваахоўнікі камэнтаваць папярэдні ход сьледзтва адмаўляюцца. Між тым, па сацыяльных сетках распаўсюджваюцца новыя вэрсіі.

Як паведамляе інтэрнэт-выданьне «Украінская праўда», сьледчая група вывучае відэа з камэраў вонкавага назіраньня: адна з камэр зафіксавала момант закладкі выбухоўкі пад машыну Алены Прытулы ў ноч з 19 на 20 ліпеня.

Сьледзтва цяпер разглядае шэсьць вэрсій прычын гібелі журналіста Паўла Шарамета. Пра гэта ў эфіры тэлеканалу «112 Украіна» заявіў дарадца старшыні СБУ Юрый Тандзіт, удакладніўшы, што цяпер можа агучваць толькі чатыры, пра якія гавораць ад учорашняга дня: замах на Алену Прытулу, у чыёй машыне Павал Шарамет ехаў на працу, так званы «расейскі сьлед», асабістая непрыязнасьць і прафэсійная дзейнасьць.

Тыя, хто гэта задумаў і рэалізаваў, рыхтаваліся да гэтага забойства, і вядома, яны будуць спрабаваць зьнішчыць сьляды.

«Тыя, хто гэта задумаў і рэалізаваў, рыхтаваліся да гэтага забойства, і вядома, яны будуць спрабаваць зьнішчыць сьляды», — сказаў Тандзіт.

Між тым, дэпутат Мустафа Найем, які асабіста ведаў нябожчыка, у эфіры Радыё Свабода адзначыў, што дадзеных у сьледзтва цяпер досыць шмат.

«Я, безь перабольшаньня, магу сказаць, што тое, што цяпер робіць Нацыянальная паліцыя — гэта вельмі вялікая праца. Я ведаю, што да працы ўжо далучаныя сьледчыя з вопытам якраз расьсьледаваньня выбухаў. І, наколькі я разумею, ужо цяпер — я вельмі сьціпла скажу — ёсьць сьляды. Якім чынам гэтыя сьляды будуць далей інтэрпрэтаваныя, мы ня ведаем. Зразумела, што галоўнае, што цяпер трэба знайсьці, — хто выканаўца. І ўжо тады мы будзем казаць пра тое, хто быў заказчыкам», — адзначыў палітык.

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джон Кірбі тым часам апублікаваў заяву аб далучэньні да расьсьледаваньня амэрыканскіх спэцыялістаў.

«Мы вітаем заявы паліцыі і Генэральнай пракуратуры аб тым, што справа будзе цалкам расьсьледавана, а злачынцы — прыцягнутыя да адказнасьці, і Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў пачало дапамагаць украінскай уладзе са сьледзтвам», — гаворыцца ў паведамленьні.

Мужчына з кіем

Генпракуратура, якая ажыцьцяўляе працэсуальнае кіраўніцтва па справе Шарамета, афіцыйных камэнтароў наконт прамежкавых вынікаў сьледзтва не дае. Між тым беларускія журналісты з тэлебачаньня «Белсат» апублікавалі аналіз відэа з адной з камэраў назіраньня, выкананы польскім экспэртам Анджэем Мрочкам. Камэра працавала на вуліцы і зафіксавала выбух, ад якога загінуў Павал Шарамет. Па словах Мрочка, калі выкарыстоўваецца радыёкіраваная выбухоўка, выканаўца часта знаходзіцца паблізу ад месца злачынства, каб кантраляваць працэс.

Адразу пасьля выбуху машыны Паўла Шарамета. Мужчына ў чорным з кійком зьлева - меркаваны забойца (паводле Анджэя Мрочка)

Адразу пасьля выбуху машыны Паўла Шарамета. Мужчына ў чорным з кійком зьлева - меркаваны забойца (паводле Анджэя Мрочка)

На відэа, апублікаваным «Белсатам», відаць чалавек, які абапіраецца на кій, аднак пасьля выбуху вельмі хутка падбягае да аўтамабіля. Ролік кароткі, і што гэты чалавек рабіў потым, незразумела. Таму пакуль няясна, як ацэньваць гэты матэрыял.

Дарадца Авакава заклікаў спыніць «17-ы канал»

Тым часам у сацыяльных сетках разгортваецца дыскусія вакол іншага відэа — журналістаў «17 каналу», якія апынуліся на месцы злачынства і выклалі ў сетку здымкі першых хвілінаў пасьля выбуху, дзе, сярод іншага, паказана, як журналіста дастаюць з машыны.

Дарадца міністра ўнутраных спраў Шкірак, у прыватнасьці, заклікаў у Facebook закрыць гэты канал.

«Лічу, што даўным-даўно трэба сур’ёзна брацца за антыдзяржаўныя, крамлёўска-прапагандысцкія СМІ, якія адкрыта ажыцьцяўляюць інфармацыйныя правакацыі на тэрыторыі Ўкраіны, па сутнасьці, працуючы рупарам Крамля, утыкаючы нож нам у сьпіну», — напісаў ён у Facebook.

XS
SM
MD
LG