Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму Беларусь родзіць геніяў?


Яўген Жак. «Краявід з вандроўнікам» (1911)

Яўген Жак. «Краявід з вандроўнікам» (1911)

19 сьнежня 1915 году ў расейскім Петраградзе адбылася выстава «0,10», абвешчаная «апошняй выставай футурыстаў». «Чорны квадрат» Казімера Малевіча з той выставы і стаўся «іконай авангарду».

А роўна сто гадоў таму Малевіч у сваім маніфэсьце 1916 году «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» дэкляраваў чорны квадрат як поўны разрыў з прадметнасьцю ў мастацтве.

Свае пошукі Малевіч падсумаваў у Віцебску, дзе жыў з 1919-га па 1922-гі. А Беларусь трывала ўвайшла ў гісторыю мастацкага авангарду, падарыўшы сьвету дзясяткі выбітных імёнаў.

Выстава «0,10», абвешчаная «апошняй выставай футурыстаў», якая адбылася 19 сьнежня 1915 году ў расейскім Петраградзе

Выстава «0,10», абвешчаная «апошняй выставай футурыстаў», якая адбылася 19 сьнежня 1915 году ў расейскім Петраградзе

Чаму менавіта на беларускай зямлі так выдатна родзіць геніяльнасьць? Колькі ўвогуле геніяльных мастакоў Беларусь дала сьвету? Гутарка з мастацтвазнаўцам, выкладчыкам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргеем Харэўскім.

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, мінула стагодзьдзе, як «Чорны квадрат» Малевіча быў абвешчаны геніяльным. Час падсумаваць, што ж атрымалася ў выніку. Але перадусім карціць задаць пытаньне: чаму ўсё-ткі Віцебск? Чаму менавіта ў Беларусі Малевіч заняўся выкладаньнем і мастацтвам?

Сяргей Харэўскі: Перадусім таму, што ў Віцебску ўжо існавала шчыльнае мастакоўскае асяродзьдзе, былі грунтоўныя традыцыі. Жыцьцё мастацтва ў Віцебску 1917–1922 гадоў адзначалася высокай інтэнсіўнасцю, што і забясьпечыла Беларусі асаблівае месца ў гісторыі ня толькі айчыннага, але і сусьветнага мастацтва.

Разам з тым яно прыцягвала ўвагу дасьледчыкаў часьцей за ўсё толькі суадносна зь біяграфіяй таго ці іншага дзеяча, які знаходзіўся ў пасьлярэвалюцыйныя гады ў правінцыйным горадзе. Як вядома, сярод жыхароў Віцебску тых часоў былі мастакі Марк Шагал, Эль Лісіцкі, філёзаф Міхаіл Бахцін, музыка Мікалай Малько, рэжысэр Рудальф Унгерн ды іншыя творцы.

Пералік імёнаў можа быць амаль бясконцы. Але я ўсё ж назаву хоць бы некаторых мастакоў — Юдэля Пэна, Яўхіма Мініна, Саламона Юдовіна, Робэрта Фалька, Веру Ермалаеву, Ільлю Чашніка, Мсьціслава Дабужынскага...

Карціны Марка Шагала ў Музэі сучаснага мастацтва Стэдэлік у Амстэрдаме (Stedelijk museum)

Карціны Марка Шагала ў Музэі сучаснага мастацтва Стэдэлік у Амстэрдаме (Stedelijk museum)

У 1918 годзе тут былі створаныя першы ў Беларусі сымфанічны аркестар і народная кансэрваторыя, адкрыта Шагалам народная мастацкая школа, заснаваны Віцебскі губэрнскі музэй. Там, у Віцебску, Малевіч выдае свае асноўныя працы — «Сьвет як беспрадметнасьць», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм», «Ад кубізму да супрэматызму».

Ракіцкі: Выглядае, у Віцебску было каму чытаць гэтыя тэксты. Значыць, лёс зьнітаваў Малевіча з радзімаю сваіх бацькоў зусім не выпадкова. А ці толькі зь Віцебскам можна зьвязваць вялікую эпоху мастацтва ў Беларусі? Бо, як ні пачытаеш, існуе такі распаўсюджаны журналісцкі штамп — «віцебская школа»...

Харэўскі: Вось менавіта — штамп! Тым часам на пачатку мінулага стагодзьдзя толькі ў Менску адначасна існавалі тры мастакоўскія школы — Кругера, Кацэнбогена і Яроменкі. Напрыклад, сярод гадаванцаў мастацкай школы Кругера былі такія выбітныя мастакі, як Хаім Суцін, Іван Ахрэмчык, Міхал Кікоін, Вячаслаў Руцай, які быў і выдатным, дарэчы, беларускім акторам, Міхал Станюта, бацька народнай артысткі Стафаніі Станюты. Хаім Суцін прыгадваў пазьней:

«Калі трэба было намаляваць вугалем нейкага Апалёна, Вэнэру ці Мінэрву, якую я атрымліваў асалоду! Я маляваў для іх багоў! Але ўсе яны былі падобныя да старых зь мястэчка Сьмілавічы».

А Фэрдынанд Рушчыц у Менску атрымаў пачатковую мастацкую адукацыю ў Кузьмы Ермакова, выхаванца Пецярбурскай акадэміі мастацтваў.

Фэрдынанд Рушчыц. «Nec mergitur» (1904-1905)

Фэрдынанд Рушчыц. «Nec mergitur» (1904-1905)

Ракіцкі: Ведама, што Менск тае пары быў і горадам музэяў...

Харэўскі: Так, і гэта вельмі важна. У Менску працавалі Земскі музэй, Мастацка-прамысловы музэй, царкоўны Археалягічна-этнаграфічны музэй. Цікавымі асяродкамі былі польскае культурнае таварыства Ognisko, Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, артыстычна-літаратурныя кавярні, клюбы, кінатэатры. Менавіта ў Менску ў 1911 годзе прайшла найбуйнейшая мастацкая падзея ў нашым краі — «Wystawa sztuk pięknych», дзе былі прадстаўленыя творы 47 тутэйшых і польскіх мастакоў!

Ракіцкі: Віцебск, Менск — зразумела. А ў іншых гарадох таксама віравала культурнае жыцьцё?

Харэўскі: Насычанае мастакоўскае жыцьцё было і ў Горадні, зь якой зьвязаныя былі лёсы такіх выдатных творцаў, як пэйзажыст Напалеон Орда; скульптар Ільля Гінцбург; жывапісец і мастак тэатру Леў Бакст, дарэчы, адзін з настаўнікаў Шагала; жывапісец «парыскай школы» Восіп Любіч, які таксама нарадзіўся ў Горадні і скончыў там жа гімназію; выдатны жывапісец-партрэтыст і фотамастак, сябра Агюста Радэна Пётар Шумаў; а таксама жывапісец і графік, прафэсар мастацтваў Віленскага і Торуньскага ўнівэрсытэтаў Браніслаў Ямант.

Рынкавая плошча ў Віцебску на малюнку Напалеона Орды, XIX стагодзьдзе

Рынкавая плошча ў Віцебску на малюнку Напалеона Орды, XIX стагодзьдзе

На пачатку ХХ стагодзьдзя і Пінск ператварыўся ў адзін з самых вялікіх і квітнеючых гарадоў краю, дзе бруіла культурнае жыцьцё, паўставалі паважныя асяродкі адукацыі і асьветы.

Тут нарадзіліся і пачыналі творчы шлях Арсень Заяц і Мікалай Цыкоўскі, якія сталі вядомымі творцамі ўжо ў ЗША. У Пінску год працаваў Язэп Драздовіч, у міжваенны час, калі там утварылася цэлая пінская мастацкая школа.

Зь Пінскам зьвязаныя біяграфіі Адама Русака, славутага іканапісца гэтак званай расейскай Зарубежнай праваслаўнай царквы, мастакоў Фёдара Лаўрова, Яўгена Пулхава, Сяргея Муханава, Арсеня Зайца, скульптараў Паўла Петразаводзкага і Бальбіны Сьвітыч-Відацкай з Кобрыня, мастакоў-пэйзажыстаў Юзафа Вандалкоўскага і Юзафа Піскуна, графіка Баляслава Райкоўскага, які пазьней стаў вядомым польскім публіцыстам, ды многіх іншых...

То бок — ня толькі Віцебск! Той жа, напрыклад, Хаім Суцін, як і ягоны зямляк са Сьмілавічаў, яшчэ адзін славуты мастак, Файбіш-Шрага Зарфін, ніякага наогул дачыненьня да гораду над Дзьвіною ня мелі.

Казімер Малевіч. Аўтапартрэт (1910)

Казімер Малевіч. Аўтапартрэт (1910)

Ракіцкі: А ці можна палічыць, колькі ў Беларусі нарадзілася вядомых мастакоў?

Харэўскі: Гэтага, ведаеце, бадай, ніхто ня скажа. Па-першае — што такое вядомасьць? Па-другое, мы толькі пачынаем гэты шлях вывучэньня нашай неабсяжнай спадчыны.

За савецкім часам было найперш істотна, ці працаваў мастак на тэрыторыі Беларусі і ці быў ён ляяльны да савецкай улады... Цяпер мы глядзім на гэта значна шырэй, дзякуючы ўзнаўленьню памяці пра Марка Шагала, інтэрпрэтацыі ягонай спадчыны ўжо ў беларускім кантэксьце.

Факт застаецца фактам — менавіта Шагал запачаткаваў тую сыстэму мастакоўскай адукацыі, якая існуе ў нас да сёньня. Ну, і, натуральна, ён менавіта ў Беларусі пачаў фармавацца як мастак.

А нараджалася ў нас безьліч выдатных мастакоў. Пад Маладэчнам,у Лебедзеве, нарадзіўся геніяльны мастак Раман Семашкевіч, а ў самім Маладэчне — Мэір Аксельрод.

На Вузьдзеньшчыне, у вёсцы Магільна, нарадзіўся выдатны мастак Яўген Жак, якога сёньня шануюць у Польшчы, як і яшчэ аднаго нашага земляка, жывапісца і дызайнэра, стваральніка ўласнага стылю «унізм» Уладзіслава Страмінскага, карэннага менчука, гадаванца Менскай мужчынскай гімназіі, якую перад ім скончыў Рушчыц.

Мастакі нараджаліся ў кожным кутку Беларусі. У Берасьці, у сям’і рабіна, нарадзіўся Якаў Балглей, адзін зь яркіх прадстаўнікоў «парыскай школы» жывапісу. Там жа нарадзіўся выдатны творца Дзьмітры Стэлецкі — мастак тэатру і іканапісец, якому давялося палову жыцьця пражыць у Парыжы.

У Ендрыхоўцах пад Ваўкавыскам нарадзіўся Станіслаў Жукоўскі — адзін з найвыбітнейшых пэйзажыстаў першай траціны ХХ стагодзьдзя, клясык мастацтва Беларусі, Польшчы і Расеі.

Станіслаў Жукоўскі. «Восень над Нёманам» (1931)

Станіслаў Жукоўскі. «Восень над Нёманам» (1931)

Жывапісец і скульптар Павал Крэмень, таксама з «парыскай школы», нарадзіўся ў Жалудку пад Лідаю.

На другім краі Беларусі, у Мсьціславе, нарадзіўся Абрам Маневіч, які лічыцца клясыкам украінскага і амэрыканскага мастацтва.

На Клімавіччыне, у вёсцы Высокае, нарадзіўся мастак-графік Робэрт Генін, які вучыўся ў Вільні, Парыжы, Мюнхэне, а затым праехаў па сьвеце ажно да Інданэзіі, меў пэрсанальную выставу ў Нью-Ёрку, а затым раптам пераехаў у Маскву, дзе таксама пасьпеў плённа папрацаваць...

То бок — гэта сотні імёнаў. Славутых, знакавых імёнаў, сотні яркіх біяграфіяў, вартых раманаў. Музэі мастакоў можна было б стварыць у кожным райцэнтры. І мастацтва павінна даўно было б стаць галоўным брэндам Беларусі.

Вячаслаў Ракіцкі: Вы называеце прозьвішчы, а ў мяне ўвесь час у галаве адбіваецца, што і той, і той, і той у пэўны час зьехаў на Захад. Там праславіўся, там зрабіў важкі ўнёсак у мастацтва, культуру заходніх краінаў. А вось, дарэчы, мастакі родам зь Беларусі ад’яжджалі толькі на Захад?

Робэрт Генін. «Жыхарка востраву Балі» (1926)

Робэрт Генін. «Жыхарка востраву Балі» (1926)

Харэўскі: Ну, вось раптам пераехаў з Захаду ў Маскву Робэрт Генін. Цалкам добраахвотна! Але ў 1941 годзе скончыў жыцьцё самагубствам.

Казімер Малевіч у 1927 годзе паехаўшы быў у камандзіроўку па Эўропе. У Варшаве была разгорнутая вялікая выстава, дзе ён прачытаў сваю славутую лекцыю. У Бэрліне ж мастаку выдзелілі адмысловую залю на штогадовай Вялікай Бэрлінскай мастацкай выставе. Тут ён атрымаў зьнянацку загад аб вяртаньні ў СССР, дзе адразу быў арыштаваны і тры тыдні правёў у вязьніцы. Урэшце, беспрацоўны і хворы, ён памёр пад Масквою ў 1935 годзе.

Ціха і непрыкметна жыў у Маскве Давыд Якерсан, слынны віцебскі скульптар-кубіст, якога колісь сам Шагал запрасіў кіраваць скульптурнай майстэрняй у сваім Народным мастацкім вучылішчы.

У Маскву ж зьехаў Мэір Аксельрод. Тым часам ягонага брата, паэта Зэліка Аксельрода, расстралялі ў Менску.

А нашага вялікага мастака Рамана Семашкевіча расстралялі ў Расеі, куды ён быў паехаўшы, каб завяршыць мастакоўскую адукацыю ў Вышэйшым мастацка-тэхнічным інстытуце ў Маскве. Там жа, у Маскве, у 1931 годзе адбылася ягоная першая пэрсанальная выстава. Хоць ён ніколі не парываў зь Беларусьсю, бываў і працаваў тут штогод. Але сталася так, што пасьля ягонага расстрэлу, а затым і вайны, у нас мала што засталося ад ягонага велізарнага колісь мастакоўскага даробку. Затое ягоныя творы ёсьць у самых славутых музэях Расеі.

Раман Семашкевіч. «Мужчынская фігура» (1930)

Раман Семашкевіч. «Мужчынская фігура» (1930)

Ракіцкі: Неяк ня вельмі шчасьліва, як вынікае з вашых словаў, складаліся іхныя лёсы на Ўсходзе. А вялікі посьпех, так бы мовіць, плянэтарнага маштабу кагосьці там напаткаў?

Харэўскі: Былі, натуральна, і шчасьлівыя прыклады вялікага посьпеху: беларус, выдатны мастак Яўсей Майсеенка стаў народным мастаком СССР, акадэмікам Акадэміі мастацтваў, ляўрэатам многіх савецкіх прэміяў. Кіруючы майстэрняй у Інстытуце імя Рэпіна ў Ленінградзе, Майсеенка выхаваў некалькі генэрацыяў мастакоў. Або Георгі Ніскі, родам з Навабеліцы пад Гомелем, выдатны графік і жывапісец-пэйзажыст, манумэнталіст. Ён таксама жыў у Маскве, але стаў і сябрам Акадэміі мастацтваў СССР, і ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР, атрымаў багата іншых узнагародаў. Гэта насамрэч вялікія былі мастакі! Пры тым і Майсеенка, і Ніскі заслужылі сабе эўрапейскую славу.

Ракіцкі: А ў чым сакрэт таго, што менавіта беларускі край даў сьвету столькі геніяў?

Харэўскі: Гэта, насамрэч, містычная таямніца... Калі можна патлумачыць, і сто разоў тлумачылася, пра падставы росквіту мастацтваў у Грэцыі, Рыме, Францыі, Галяндыі, дык зь Беларусьсю больш складана.

На маю думку, прычынаў было шмат. Перадусім — гэта знаходжаньне на памежжы цывілізацыяў, паміж Захадам і Ўсходам. Не выпадкова ж расейскі мастак Ільля Рэпін называў Віцебск «нашым Таледа»!

Як ні парадаксальна, але гэты выбуховы росквіт наступіў пасьля драматычных падзеяў ХІХ стагодзьдзя, напалеонаўскіх войнаў, закрыцьця Віленскага ўнівэрсытэту і Полацкай акадэміі. У выніку антыкаляніяльнага рэзыстансу, паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў, калі сотні прадстаўнікоў нашай шляхецкай інтэлігенцыі змушаныя былі пакінуць родны край. Ня могучы выявіць свае таленты на радзіме, маючы пасіянарны змагарны дух, многія зь іх жарсна прысьвяцілі сябе мастацтву, такім чынам славячы сваю радзіму.

Напрыклад, мастак-паўстанец Генрык Дмахоўскі, які пакінуў сьлед у Польшчы, Літве, Украіне, Аўстрыі, Францыі і ЗША, дзе стаў вядомым скульптарам пад імем Генры Сандэрс. Ён там адкрыў уласную скульптурную школу, рабіў партрэтныя мэдальёны, бюсты вядомых асобаў, ладзіў выставы ў Філядэльфіі й Вашынгтоне, зрабіў для Кангрэсу ЗША бюсты Джорджа Вашынгтона, Томаса Джэфэрсана, Бэнджаміна Франкліна, Тадэвуша Касьцюшкi, якія да сёньня знаходзяцца ў Капiтолii, а помнік на магіле дачкі і жонкі наагул лічыцца клясыкай амэрыканскай скульптуры!

А Напалеон Орда, былы паўстанцкі камандзір, стаў у Парыжы славутым кампазытарам і мастаком, якога мы ведаем па сотнях пэйзажных малюнкаў беларускіх гарадоў і замкаў, але ён уславіўся і пэйзажамі Францыі, Італіі і краёў Магрыбу.

Казімер Альхімовіч. «Пахаваньне Гедыміна» (1888)

Казімер Альхімовіч. «Пахаваньне Гедыміна» (1888)

Яшчэ адзін паўстанец, Казімер Альхімовіч, адбыўшы высылку на Ўрал, завяршыў мастакоўскую адукацыю ў Варшаве, Мюнхэне і Парыжы, стаў славутым майстрам гістарычнага жанру, чые творы бачылі гледачы Парыжу і Мюнхэну, Бэрліна і Адэсы, Пецярбургу і Львова, Сан-Францыска і Чыкага, Прагі і Варшавы...

А другая магутная хваля мастацкага росквіту адбылася пасьля 1905 году, у выніку лібэралізацыі ў Расеі. Той доўгачаканай адлігай скарысталіся ня толькі тутэйшыя шляхецкія інтэлігенты каталіцкага паходжаньня, але і габрэйская грамада. На пачатку ХХ стагодзьдзя адбывалася імклівая эмансыпацыя габрэйскай грамады ў Беларусі, што стагодзьдзе пражыла ў рысе аселасьці, пазбаўленая палітычных правоў і нават права на адукацыю ў Пецярбургу. Падзеі Першай сусьветнай вайны і бальшавіцкая рэвалюцыя толькі паскорылі гэтыя працэсы, зрушылі тысячы людзей і прывялі да сапраўднага выбуху творчага патэнцыялу, які стагодзьдзямі назапашваўся ў нашым краі...

Ну, і яшчэ было нешта, што няўлоўна разьлітае ў беларускім паветры, у нашым сьвятле шарае гадзіны, што абуджала мроі Шагала і Суціна, Бялыніцкага-Бірулі і Жукоўскага. Тое, што невідавочнае, захутанае тумановай смугой, але што прагне быць адкрытым, выяўленым зь нябачнасьці...

Вячаслаў Ракіцкі і Сяргей Харэўскі ў студыі Радыё Свабода

Вячаслаў Ракіцкі і Сяргей Харэўскі ў студыі Радыё Свабода

А пра тое, што пакінулі геніяльныя мастакі сваёй радзіме — Беларусі — у наступнай перадачы «Новая Атлянтыда».

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG