Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як стваралі Саюз мастакоў БССР?


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Эфір 6 ліпеня 2006 году. Удзельнічае гісторык мастацтва Сяргей Харэўскі.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Апошнім часам творчыя саюзы Беларусі апынуліся ў глыбокім крызісе. Многія мастацтвазнаўцы лічаць, што прычыны іх сёньняшняга стану былі закладзеныя ад самага пачатку, у часы сталіншчыны, калі яны ствараліся. Ці сапраўды гэта так? Паспрабуем разабрацца. У 1932 годзе камуністамі было прынята “Палажэньне аб добраахвотных таварыствах і саюзах”, якое абавязвала дзяржаўныя ўстановы ажыцьцяўляць пільны кантроль за дзейнасьцю грамадзкіх арганізацыяў. Ад гэтага часу колькасьць грамадзкіх арганізацыяў скарачаецца. Так, таварыствы “Саюз бязбожнікаў”, “Прэч непісьменнасьць” і “Таварыства барацьбы з алькагалізмам” былі аб''яднаныя ў адну арганізацыю “За здаровы быт”. Такім самым спосабам і ўсе мастацкія суполкі аб’ядналі ў Саюз мастакоў, а пісьменьніцкія – у Саюз пісьменьнікаў”.

(Сяргей Харэўскі: ) “Гэтаму асабліва паспрыяла пастанова “Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацыяў”. У пастанове адзначалася, што ўсе мастацкія арганізацыі сталі “вузкімі” і не адпавядаюць сучаснаму жыцьцю, затрымліваюць творчы працэс. Вось Цэнтральны камітэт ВКП(б) і пастанавіў аб''яднаць творчых работнікаў у саюзы, што мусілі адлюстроўваць новыя зьявы савецкага жыцьця. У каталёгу Ўсебеларускай выставы так і пісалі: “Выяўленьне характэрных асаблівасьцяў сацыялістычнага будаўніцтва ў БССР, працэсу індустрыялізацыі на яе тэрыторыі — вось што зьяўляецца асноўнай тэмай, што захапляе нашых мастакоў”.

(Ракіцкі: ) “Ведама, што яшчэ да пачатку 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя мастакі самі гуртаваліся ў суполкі і сябрыны. Ці ня мела на мэце ўлада, ствараючы адзіны саюз, узяць іх усіх пад татальны кантроль?”

(Харэўскі: ) “Сапраўды так. Да таго былі Ўсебеларускае аб''яднаньне мастакоў, аб''яднаньне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі, Рэвалюцыйная арганізацыя мастакоў Беларусі, суполка “Прамень”. Першае мастакоўскае згуртаваньне на хвалі беларусізацыі было створана ў 1927 годзе — “Усебеларуская асацыяцыя мастакоў”. У 1928 годзе гэтыя мастакі атрымалі першую дзяржаўную замову на тэму “Праца”. Замова мела на мэце набліжэньне тэматыкі твораў “да інтарэсаў і патрэбаў сацыялістычнага культурнага будаўніцтва”, большасьць якіх была паказаная на трэцяй Усебеларускай выставе ў 1929 годзе. А вось сябры згуртаваньня “Прамень” адстойвалі ў мастацтве менавіта беларушчыну. Але ўжо ў 1933 годзе быў створаны аргкамітэт Саюзу савецкіх мастакоў БССР, што неўзабаве аб''яднаў жывапісцаў, скульптараў і графікаў у адзіную арганізацыю”.

(Ракіцкі: ) “То бок творчае жыцьцё мастакоў было ўрэшце ўніфікаванае. А на якім тле гэта адбывалася? Як праводзілі гэтую рэарганізацыю?”

(Харэўскі: ) “Гэта была ня столькі рэарганізацыя, колькі загон творцаў у адну рэзэрвацыю. У 1930-я гады ў беларускім мастацтве настаў крызіс. Прычынаў было шмат. У прэсе шмакткроць аплёўвалі нашых геніяльных творцаў — Філіповіча, Грубэ, Астаповіча, Мініна і нават Дабужынскага, які ўжо даўно эміграваў у Літву. Пачалася кампанія “арабочваньня мастацтва”. Крытыкі патрабавалі ад мастакоў перш за ўсё “выкананьня прам-фін-пляну”, стварэньня “магнітабудоўляў мастацтва”. У выніку творы ператвараліся ў аднадзёнкі, звычайныя рэпартажы, якія ня вытрымалі праверкі часам. Усё, што не падыходзіла пад апрыёрныя схемы вульгарызатарскай артадоксіі, кваліфікавалася шкодным, варожым, “кантрабандай у мастацтве”. Узмацніўся наступ на дэмакратычныя прынцыпы адукацыі ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, распадалася творчае, падставовае адзінства мастакоў. Звужалася тэматыка твораў. Тэма гісторыі беларусаў стала разглядацца аднабакова. У гэты ж час у Беларусь наяжджае багата людзей, якія атрымалі адукацыю ў Маскве і Ленінградзе. Тутэйшыя дасягненьні сумысьля ігнаруюцца і нават зьневажаюцца”.

(Ракіцкі: ) “Гэта яшчэ ня самае страшнае. Зь сярэдзіны 1930-х гадоў пісьменьнікаў ці тэатралаў ужо проста зьнішчалі фізычна...”

(Харэўскі: ) “Зьнішчалі і мастакоў! На пачатку 1930-х гадоў былі арыштаваныя Ібрагім Гембіцкі, Міхась Філіповіч, Міхал Станюта. Але ім, можна казаць, пашанцавала: неўзабаве яны павярталіся дахаты жывымі й працягвалі творчасьць, хоць і ня трапілі ў гэтак званы Саюз мастакоў, утвораны ў 1938 годзе. Не вярнуліся зь лягераў мастацтвазнаўцы Мікола Шчакаціхін і Іван Фурман, былі расстраляныя як “польскія шпіёны” выбітныя мастакі Раман Семашкевіч і Мікола Васілеўскі, якія пасьля заканчэньня Віленскай беларускай гімназіі перабраліся ў савецкую Беларусь. Былі расстраляныя адзін за адным мастацкія рэдактары Дзяржаўнага выдавецтва БССР Дваркоўскі і Малкін. Пра атмасфэру тых гадоў у сваіх успамінах згадвае славуты беларускі мастак Яўген Ціхановіч, які нядаўна пайшоў з жыцьця.

“Пасьля параду фізкультурнікаў Эдуарда Гадлеўскага выслалі ў Магадан за тое, што ягоная скульптура Сталіна з пап''е-машэ павалілася. Генадзь Змудзінскі, які рабіў малюнкі да буквароў, расстраляны за тое, што быў колісь афіцэрам “царскага рэжыму”. Мастак-графік Абрамаў меў хату й вялікі пладовы сад. Але ўлады захапілі ягоны пляц і збудавалі там лечкамісію. Майстар пачаў абурацца, што й аказалася падставаю арышту й высылкі. Там, далёка ад дому, ён і памёр. Кашкель — мастак-графік. Працаваў у Белдзяржвыдавецтве, але ягоны бацька пры НЭПе меў вялікую краму. За гэта яго арыштавалі й выслалі. 1937 год не абмінуў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Керзіна, да прыкладу, пазбавілі права выкладаць скульптуру адно таму, што ён меў дыплём Акадэміі мастацтваў.

Настаўнікі Віцебскага мастацкага тэхнікуму браты Даркевічы… Пётра Даркевіч выкладаў мастацтвазнаўства, а ягоны родны брат Хрыстафор выкладаў манумэнтальны жывапіс. Бацька іхны быў вельмі заможны, меў свой вялікі млын. Таму іх арыштавалі й расстралялі. Выдатны мастак Яўхім Мінін выкладаў у тым самым тэхнікуме графіку, а да гэтага быў афіцэрам царскага войска. Расстраляны ў 37-м...”

(Харэўскі: ) “Натуральна, мартыралёг гэты далёка ня поўны. Нам невядомыя лёсы дзясяткаў мастакоў з Гомелю, Магілёва, Мазыра, Бабруйску, Полацку. Вось у гэткіх умовах і ствараўся той Беларускі саюз мастакоў. Невыпадкова яго стварэньне расьцягнулася ажно на пяць гадоў. Не было з каго ствараць! Да таго ж праводзілася брутальная прапагандысцкая кампанія. Вось што пісалі ў “Трыбуне мастацтва” за 1936 год:

“Ворагі народу, агенты замежных капіталістычных дзяржаў, усімі сіламі стараліся затармазіць разьвіцьцё беларускага мастацтва. Яны імкнуліся адарваць беларускую культуру ад рускай і падкрэсьлівалі залежнасьць беларускай культуры ад культуры капіталістычных краінаў. Пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі перадавыя мастакі Беларусі вялі жорсткую барацьбу з буржуазнымі нацыяналістамі. Частка мастакоў, заражаных буржуазна-нацыяналістычнай ідэалёгіяй, пагардліва адносілася да індустрыяльнай і калгаснай тэматыкі”.



(Ракіцкі: ) “А ці быў выбар у тыя гады ў мастакоў?”

(Харэўскі: ) “Тут варта зноў працытаваць аднаго з найстарэйшых нашых мастакоў Яўгена Ціхановіча. У сваіх мэмуарах ён згадваў:

“Мастакі, якія не згаджаліся з тэмай замоўленай карціны, заставаліся наогул бяз працы ці прымушалі сябе рабіць тое, што ім было не даспадобы. Мне таксама даводзілася рабіць партрэты Леніна або Сталіна невялікага памеру па 20 рублёў за кожны. Працаваў я ад раніцы да вечара за 100 рублёў. Тады гэта былі добрыя грошы. Спачатку рабіў трафарэт, каб на палатне адбіваць малюнак. Потым расфарбоўваў яго, спрабуючы дамагчыся падабенства. Пісаў я партрэты “правадыроў” і для Дому ўраду, дзе іх памеры дасягалі дзесяці мэтраў на шэсьць. Часам, стоячы на палатне, малюеш вока мэтровага памеру, а ў руцэ трымаеш фатакартку, разьлінаваную на клеткі. Маляваў таксама партрэты для трыбуны, дзе ў дні сьвятаў і дэманстрацыяў стаялі сакратары ЦК КПБ разам з урадоўцамі. Хоць памеры “палотнаў” тут былі меншымі — прыкладна шэсьць мэтраў на чатыры, але праца ўсё роўна была нялёгкая, бо я мусіў падбіраць такі колер, якім карысталіся іншыя мастакі, што працавалі побач. Навошта? Інакш твой “лідэр” будзе вылучацца на фоне іншых, чаго нельга было дапусьціць”.

(Ракіцкі: ) “Наўрад ці ў гісторыі знойдзецца іншы прыклад такога хуткага высьпяваньня стылю афіцыйнага мастацтва, з дагматам ідэалёгіі, з наборам выяўленчых сродкаў, сэнсавых і іканаграфічных штампаў. Але з каго ж быў створаны той Саюз мастакоў? Выглядае, да таго часу бальшыня мастакоў і мастацтвазнаўцаў была рэпрэсаваная...”

(Харэўскі: ) “У тым і рэч, што той, першы Саюз мастакоў быў створаны на костках у літаральны сэнсе! У складзе тае арганізацыі было ў 1938 годзе толькі 8 чалавек, зь якіх аніводнага этнічнага беларуса. За выключэньнем хіба Заіра Азгура, імёны астатніх нікому нічога ня скажуць”.

(Ракіцкі: ) “А хто ж тады быў старшынём Саюзу? Што пра яго ведама?”

(Харэўскі: ) “Гэта быў журналіст Іосіф Рубінштэйн. Пра яго я вычытаў у мэмуарах Яўгена Ціхановіча такое:

“У Вільні я сустрэў Сергіевіча. Ён запрасіў мяне ў сваю мансарду. Там мы разглядалі партрэты дзеячоў беларускай культуры. Мне запомнілася вялікае палатно — партрэт ксяндза Станіслава Глякоўскага. На разьвітаньне Сергіевіч даў мне фатастужку з тымі партрэтамі, а я перадаў яе старшыні Саюзу мастакоў БССР Рубінштэйну. Давялося яму яшчэ й на словах патлумачыць, хто такі Пётра Сергіевіч. У газэце “ЛіМ” Рубінштэйн (да ўсяго ён лічыўся й журналістам!) зьмясьціў колькі здымкаў з кароткімі анатацыямі. Але партрэтаў тагачасных віленскіх беларусаў спаміж іх не было. Ксяндза Глякоўскага пагатоў...”

(Харэўскі: ) “Размова ў мэмуарах Ціхановіча вядзецца пра 1939 год. Праз год прапаў недзе й сам Рубінштэйн. Пасьля на пасадзе былі толькі выканаўцы абавязкаў старшыняў Беларускага cаюзу мастакоў. Гэта было аж да 1948 году, калі нарэшце быў праведзены другі зьезд cаюзу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG