Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-8 мастацкіх музэяў, дзе захоўваюцца творы беларускіх прадстаўнікоў Парыскай школы жывапісу


Творы вядомых цяпер на ўвесь сьвет Суціна, Шагала і Цадкіна разышліся па прыватных калекцыях. Значная частка іхніх палотнаў, тым ня менш, належыць мастацкім музэям. Наша аўтарка Яна Шыдлоўская выбрала тыя, што ўзначальваюць рэйтынгі па папулярнасьці і колькасьці наведвальнікаў.

1. Музэй Аранжэры (Musée de l’Orangerie)

Будынак для сёньняшняга музэю Аранжэры ў цэнтры Парыжу збудавалі ў 1852 годзе, каб захоўваць узімку памаранчавыя дрэвы, што расьлі ў садзе каля рэзыдэнцыі французскіх манархаў — палаца Цюільры. Карціннай галерэяй будынак стаў напрыканцы 20-х гадоў ХХ стагодзьдзя, атрымаўшы для экспазыцыі карціну Клода Манэ «Белыя гарлачыкі». Складзеная з васьмі палотнаў, у даўжыню яна сягае 91 мэтра.

У фондах музэю захоўваюцца творы выдатных прадстаўнікоў імпрэсіянізму і постімпрэсіянізму — мастакоў Сэзана, Матыса, Пікасо, Рэнуара, Мадыльяні. У шэрагу знакамітасьцяў — імя Хаіма Суціна.

Хаім Суцін

Хаім Суцін

Мастак родам зь беларускіх Сьмілавічаў прызнаны адным з самых яскравых прадстаўнікоў Парыскай школы жывапісу.

У Парыж ён прыехаў юнаком на пачатку ХХ стагодзьдзя. Жыў бедна і маляваў голым, каб не запэцкаць адзіны прыстойны гарнітур. Неардынарнага ў паводзінах і творчасьці Суціна неўзабаве заўважылі. Поль Гіём быў першым, хто зьвярнуў увагу на ягоныя творы і зацікавіў імі амэрыканскага калекцыянэра Альбэрта Барнса. Пры жыцьці Хаім Суцін атрымаў міжнароднае прызнаньне, меў уласную студыю на беразе Сены, якая нагадвала яму пра Дзьвіну.

Францускі калекцыянэр і гандляр карцінамі Поль Гіём памёр маладым і багатым, пакінуўшы ў спадчыну жонцы Дамініцы калекцыю з 146 карцін цяпер сусьветна вядомых мастакоў. Памятаючы пра жаданьне мужа стварыць першы музэй сучаснага францускага мастацтва, Дамініка перадае палотны мастацкай галерэі, якую сёньня ведаюць як музэй Аранжэры. У калекцыю Гіёма ўваходзілі і некалькі дзясяткаў карцін Хаіма Суціна — на сёньня гэта адна з самых буйных калекцыяў карцін мастака ў Эўропе. Сярод іх — «Трусік», «Партрэт чалавека», «Вёска», «Абшчыпаная курыца», «Індычка», «Стол», «Туша быка і галава цяляці».

Сёньня Хаім Суцін прызнаны адным з самых дарагіх мастакоў сьвету — яго карціны ідуць з-пад аўкцыянэрскага малатка за мільёны даляраў.

2. Габрэйскі музэй у Нью-Ёрку (The Jewish Museum, New York)

Габрэйскі музэй у Нью-Ёрку — найбуйнейшы музэй габрэйскага мастацтва, гісторыі і культуры ў ЗША. Да таго ж гэта самы стары музэй такога кшталту ў сьвеце. Музэй дэманструе габрэйскую культуру ад біблейскіх часоў і да сёньня. Музэйную калекцыю збольшага сфармавалі дарункі заможных мэцэнатаў. Сярод іх — некалькі дзясяткаў работ Марка Шагала. Дарэчы, ён адзіны з мастакоў, чые пэрсанальныя выставы ў музэі былі арганізаваныя тройчы. Сярод твораў Шагала, якія ўваходзяць у музэйную калекцыю, — ілюстрацыі да кнігі «Маё жыцьцё», якія былі надрукаваныя асобным партфоліё ў Бэрліне ў 1923 годзе. Кніга выйшла толькі дзесяць гадоў пасьля. У экспазыцыі — малюнкі «Дом у Віцебску», «Дом дзеда», «Рабін», а таксама малюнкі і літаграфіі на біблейскія тэмы. Большасьць твораў Шагала даступная для прагляду ў рэжыме on-line на афіцыйнай старонцы музэю.

3. Нацыянальны музэй Марка Шагала (Musée national (Message Biblique) Marc Chagall)

У сярэдзіне ХХ стагодзьдзя Марк Шагал пакідае Амэрыку і вяртаецца ў Францыю. Месцам для далейшага жыцьця ён абірае мястэчка Сэн-Поль-дэ-Ванс паблізу Ніцы. На той час Шагал мае ўжо сусьветную вядомасьць. Калекцыянэры апантана палююць на творы маэстра, падсьцерагаючы яго нават у рэстарацыях — чакаючы замовы, Шагал мог маляваць алоўкамі і пастэльлю на сурвэтках і абрусах, якія пасьля ацэньваліся ў сотні і тысячы франкаў. Тым ня менш навакольле спрыяла глыбейшаму пераасэнсаваньню рэлігійнай тэматыкі, якая заўсёды прысутнічала ў творчасьці мастака.

У 1969 годзе міністар культуры Францыі Андрэ Мальро вырашыў стварыць музэй для Шагалавага збору «Біблейскае пасланьне», пасьля таго як мастак перадаў яго ў дар французскаму ўраду. Будаўніцтва музэю пачалося ў 1970 годзе ў Ніцы. Шагал шчыра цікавіўся праектам і нават папрасіў унесьці ў плян актавую залю зь вялікімі вокнамі, якія ён аздабляе вітражамі. У 1973 годзе Шагал прысутнічае на адкрыцьці музэю разам з Андрэ Мальро і новым міністрам культуры Марысам Друонам. Да сваёй сьмерці ў 1985 годзе мастак актыўна ўдзельнічае ў жыцьці музэю: прысутнічае на адкрыцьці выстаў, наладжвае канцэртную праграму.

Марк Шагал

Марк Шагал

Пасьля сьмерці маэстра калекцыя музэю значна пашырылася з дапамогай спадкаемцаў. У 2005 годзе музэй зьмяніў сваю назву на Нацыянальны музэй Марка Шагала. У наступныя два гады будынак абнавілі, не мяняючы зьнешняга выгляду. У прыватнасьці, у садзе давялося збудаваць рэцэпцыю, каб даць рады наплыву наведнікаў. У год адкрыцьця іх было 30 тысяч, а цяпер — больш за 200 тысяч.

Першае месца, куды трапляюць наведнікі музэю Шагала, — гэта сад. Тут растуць тыповыя міжземнаморскія расьліны: алівы, кіпарысы, сосны і зялёныя дубы. Генры Фіш (Henri Fish), які стаў дызайнэрам саду, са згоды Шагала аддаваў перавагу халодным тонам, белым і блакітным кветкам. Цьвіценьне афрыканскага гарлачыка штогод прыпадае на 7 ліпеня — дзень народзінаў Шагала. Басэйн побач з музэйным будынкам адлюстроўвае зробленую Шагалам мазаіку.

Архітэктарам для музэйнага будынку быў абраны Андрэ Эрман (André Hermant), які выказваў цікавасьць да музэйнай архітэктуры, займаючы пасаду рэдактара часопіса «Мастацтва і архітэктура Францыі». Ідэя стварэньня дома, духоўнага месца, па задуме Шагала, патрабавала спакойнай пляцоўкі, дзе б будынак выглядаў арганічна. Абапіраючыся на творчасьць мастака, архітэктар спраектаваў будынак зь нізкімі сьценамі, дакладнымі формамі і строгімі лініямі — такая архітэктура дапамагае як найлепш паказаць творчасьць Шагала. У галоўным пакоі эфэктна выстаўленыя 12 палотнаў з выявамі Кнігі Быцьця і сыходам габрэяў з Эгіпту. У другой залі — пяць карцін у чырвонай гаме, прысьвечаных любоўнай лірыцы Песьні Песьняў. У музэі захоўваюцца габэлены, мазаікі, вітражы, гуашы, літаграфіі, гравюры і скульптуры Марка Шагала.

4. Мэтраполітан, Нью-Ёрк (The Metropolitan Museum of Art)

Заснаваны амэрыканскімі бізнэсоўцамі і прыхільнікамі мастацтва, Мэтраполітан стаў адным з найбуйнейшых мастацкіх музэяў сьвету. Па колькасьці наведнікаў ён займае адно зь першых месцаў.

Вытокі стварэньня музэю трэба шукаць у Парыжы 1866-га. Група амэрыканцаў тады вырашыла заснаваць установу, дзе б грамадзяне ЗША маглі знаёміцца з высокім мастацтвам. Праз чатыры гады ў будынку на 5-й Авэню запрацаваў Мэтраполітан. Штогод калекцыя музэю шырылася і расла. Сёньня ў будынках плошчай два мільёны квадратных мэтраў даступныя для агляду дзясяткі тысяч твораў мастацтва розных эпох і краінаў сьвету. Большую іх частку можна ўбачыць і ў інтэрнэце.

У Мэтраполітане захоўваецца каля 50 твораў Марка Шагала. Сярод іх — «Закаханыя», «Рынкавая плошча ў Віцебску», «Закаханыя ў бэзе», «Нявеста зь веерам», «Карова з парасонам», «Сьнег, зіма ў Віцебску». Некаторыя працы Шагала трапілі ў музэй з калекцыяй сучаснага мастацтва П’ера Матыса, малодшага сына францускага мастака Анры Матыса.

У калекцыі музэю сустракаюцца і некаторыя творы Хаіма Суціна. Гэта «Чалавек з канём», «Натурморт з рыбай», «Жанчына ў чырвонай кашулі», «Яблыкі». У фондах музэю захоўваецца «Партрэт Мадлен Кастэн» (Madaleine Castaing). Пасьпяховую парыскую дызайнэрку інтэр’ераў спадарыню Мадлен Суцін сустракае ў 1920 годзе. У наступныя гады яна і яе муж становяцца для мастака аднымі з самых апантаных заступнікаў. Працы Суціна былі перададзеныя музэю прыватнымі калекцыянэрамі.

5. Музэй Восіпа Цадкіна, Парыж (Musée Zadkine)

Калі падлога парыскай майстэрні Восіпа Цадкіна на вуліцы Rousselet пачала літаральна правальвацца пад цяжарам яго твораў, скульптар і мастак прымае рашэньне аб пераезьдзе. Новая майстэрня павінна быць сьветлай, прасторнай і займаць першы паверх. «Я ніколі не змагу жыць на другім ці трэцім паверсе. Падэшвы маіх ботаў заўсёды павінны кранацца зямлі», — пераконваў ён сваю жонку Валянціну Пракс.

Ішоў 1928 год. Грошы на арэнду дома з пакоямі, вялікай студыяй для працы і садам у цэнтры Парыжу на вуліцы д’Асас зьбіралі зь цяжкасьцю. Цадкін цэлы тыдзень на ручной тачцы перавозіў свае драўляныя і каменныя скульптуры ў новую майстэрню.

Восіп Цадкін

Восіп Цадкін

У гэтым доме Восіп Цадкін жыў і працаваў да сьмерці, якая напаткала яго ў 1967-м. За некалькі гадоў да сыходу скульптар завяшчае малюнкі і скульптуры сваёй жонцы. Валянціна Пракс, у сваю чаргу, перадае спадчыну гораду Парыжу з пажаданьнямі, каб тут быў створаны пэрсанальны музэй. Ён адкрыўся ў 1982-м — праз год пасьля сьмерці спадарыні Валянціны.

Нарадзіўся Восіп Цадкін у Віцебску, дзе ў сьвет мастацтва яго ўвёў Юдэль Пэн. Паштоўка, якую Цадкін дашле былому настаўніку праз шмат гадоў, цяпер захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музэі.

Восіп Цадкін шукаў долі ў Лёндане і Нью-Ёрку, а застаўся ў Парыжы. Цяпер 148 твораў скульптара і мастака знаходзяцца ў 91 музэі ў 17 краінах сьвету, у ліку якіх Аргентына, Аўстрыя, Канада, ЗША, Ізраіль, Японія і Італія. Скульптуры Цадкіна ўпрыгожваюць шмат якія эўрапейскія гарады. Прыхільнікі ягонай творчасьці шукаюць у Парыжы вуліцу д’Асас, каб пабачыць, дзе тварыў знакаміты майстар. Музэй працуе штодзень, акрамя панядзелка. У музэі сабрана калекцыя скульптур Цадкіна, яго графічных працаў, фотаздымкаў, габэленаў. Тут захоўваецца і асабісты архіў майстра.

6. Нацыянальны цэнтар мастацтва і культуры Жоржа Пампіду (Centre national d’art et de culture Georges-Pompidou)

Разам зь Люўрам і Эйфэлевай вежай Цэнтар Жоржа Пампіду ўваходзіць у тройку самых папулярных месцаў Парыжу. Колькасьць наведнікаў цэнтру ў год набліжаецца да дзесяці мільёнаў. Цэнтар утвораны з ініцыятывы палітычнага дзеяча Жоржа Пампіду. Сучасны будынак плошчай каля 100 тысяч квадратных мэтраў адкрыты ў цэнтры Парыжу ў 1977 годзе. У склад Цэнтру ўваходзяць Дзяржаўны музэй сучаснага мастацтва Францыі, багатая бібліятэка, канцэртныя і выставачныя залі, мастацкія майстэрні для дзетак.

Цэнтар утрымлівае калекцыю твораў сучаснага мастацтва, якая налічвае больш за сто тысяч адзінак. У калекцыю ўвайшлі арыгіналы і рэпрадукцыі малюнкаў Марка Шагала. Знаёміцца з творчасьцю Шагала варта ў францускай сталіцы, якая першая прызнала яго як мастака.

7. Музэй Саламона Гугэнгайма (Solomon R. Guggenheim Museum)

Нью-ёрскі музэй Саламона Гугэнгайма называюць самым незвычайным у горадзе. Яго экстравагантны будынак у выглядзе перакуленай піраміды — апошні праект знакамітага архітэктара Фрэнка Лойда Райта — стаў добра пазнавальным сымбалем Нью-Ёрку, як Статуя Свабоды ці Таймс-сквэр.

Заснавальнік музэю Саламон Роберт Гугэнгайм сам у мастацтве не разьбіраўся. Затое ён меў грошы, здабытыя на вугалі і медзі, і жаданьне мець уласную калекцыю сучаснага мастацтва. З дапамогай мастацтвазнаўцы Хілы Рыбэй фон Эйрэйнвэйсэн у 1937 годзе быў утвораны Фонд Саламона Гугэнгайма з галерэяй у доме на 54 вуліцы Мангэтана. У 1943 годзе пачалося будаўніцтва музэю, якім ён выглядае цяпер. На сёньня Музэй Гугэнгайма ўтрымлівае найбуйнейшую ў сьвеце калекцыю палотнаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя. У яе ўваходзяць творы Кандзінскага, Шагала, Сэзана, Полака, Сэра, Уорхала, Ван Гога, Гагэна, Русо, Міро, Лежэ, Роткі ды іншых знакамітых мастакоў. Філіялы музэю адкрытыя ў Лёндане, Вэнэцыі, Нью-Ёрку і Лас-Вэгасе, Бэрліне, Більбао.

Амэрыканскі пэрыяд у жыцьці Марка Шагала — самы неспакойны і змрочны, але і прадуктыўны. На іншым кантынэнце Шагал апынаецца, ратуючыся ад нацыстаў. Сьледам, запакаваныя ў скрыні і чамаданы, ляцяць 600 кг ягоных працаў, арыштаваных у Італіі, але ацалелых. Марк Шагал і іншыя мастакі ў выгнаньні — Восіп Цадкін, Марсэль Дзюшан, Сальвадор Далі карыстаюцца падтрымкай калекцыянэра Пьера Матыса. У Амэрыцы Шагал страчвае сваю жонку і музу Бэлу, якая памірае напярэдадні вяртаньня ў Эўропу. У Францыю Шагал вернецца з новай амэрыканскай жонкай Вірджыніяй Гагард.

У Музэі Саламона Гугэнгайма захоўваюцца Шагалавы «Партрэт сястры Анюты», «Я і мая вёска», «Дождж».

8. Гарадзкі музэй Амстэрдама Стэдэлік (Stedelijk Museum Amsterdam)

Першы ў Амстэрдаме музэй сучаснага мастацтва. Заснаваны ў 1985 годзе, музэй павінен быў паказваць гісторыю горада. У яго калекцыю ўваходзілі тады пераважна прадметы побыту — мэбля, посуд, штодзённыя рэчы і каштоўнасьці, якімі карысталіся ў старых амстэрдамскіх дамах.

Паступова музэй мяняўся. У 70-я гады ХХ стагодзьдзя ён канчаткова пазбавіўся рэшткаў старой экспазыцыі і ператварыўся ў музэй сучаснага мастацтва. На сёньня музэй вядомы багатымі калекцыямі прадстаўнікоў клясычнага мадэрнізму, постмадэрнізму, экспрэсіянізму, амэрыканскага поп-арту, відэаарту і іншых кірункаў сучаснага мастацтва.

У гарадзкім музэі Амстэрдама захоўваецца 39 графічных працаў Шагала, сярод якіх і «Аўтапартрэт з грымасай». Тут знаходзіцца знакаміты «Скрыпач» і некалькі выяваў Бэлы. А ў музэйнай бібліятэцы ёсьць 17 кніг, праілюстраваных мастаком.

У калекцыю гарадзкога музэю ўваходзяць некалькі скульптур і графічных працаў Восіпа Цадкіна. Дарэчы, у Нідэрляндах усталявана некалькі скульптураў аўтарства Цадкіна, якія ўшаноўваюць сям’ю Ван Гога.

Яна Шыдлоўская для Радыё Свабода

XS
SM
MD
LG