Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастацкае жыцьцё Беларусі пачатку ХХ стагодзьдзя: віцебскі фэномэн


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 25 лістапада). Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае: мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “У мінулую перадачу мы гутарылі пра тое, як мала мастакоў бралі чынны ўдзел у беларускім нацыянальным абуджэньні на мяжы ХІХ і ХХ стагодзьдзяў. Прычынаю было моцнае культурнае прыцягненьне ў бок суседзяў — расейцаў і палякаў, з-за адсутнасьці ў Беларусі ўласнае прафэсійнай мастакоўскай школы. Разам з тым, дзясяткі мастакоў працавалі ў рэчышчы тутэйшых традыцыяў, іхныя творчыя біяграфіі непарыўна зьнітаваныя зь Беларусяй. А іхны мастацкі даробак увайшоў у скарбніцу беларускага мастацтва. І ўжо з пачаткам Першай усясьветнай вайны адбываецца, калі сказаць патасна, вялікі пералом”.

(Сяргей Харэўскі: ) “У Віцебску паўстае магутны культурны асяродак, што перадвызначыў шляхі ня толькі нашага, але і ўсясьветнага мастацтва”.

(Ракіцкі: ) “Але чаму менавіта ў Беларусі? Чаму менавіта ў Віцебску?”

(Харэўскі: ) “Так, насамрэч, да стварэньня фэномэну Віцебску парадаксальным чынам спрычынілася Першая ўсясьветная вайна. Пасьля акупацыі немцамі велізарных абшараў на захадзе былой Расейскае імпэрыі да Віцебску перасунуліся шляхі зносінаў і гандлю. Тут сканцэнтраваліся самыя буйныя ў Расеі склады солі, лесу й збажыны. Траціна пшаніцы, што экспартавалася з імпэрыі, праходзіла празь Віцебск. За 15 гадоў ад пачатку ХХ стагодзьдзя насельніцтва Віцебску вырасла ў два разы, пры тым 70% ад яго складалі дзеці й падлеткі”.

(Ракіцкі: ) “Вобразу тагачаснага Віцебску, на вялікі жаль, ужо нельга ўзнавіць нават у кампутарах рэстаўратараў. Засталіся адно аскабалкі ад старасьвецкай забудовы, ёсьць невялікія веды пра няісныя сьвятыні. Але ведама адно: і адметнасьць архітэктуры, і іншыя мастацтвы, якія тут красаваліся ў першыя дзесяцігодзьдзі ХХ стагодзьдзя, стваралі людзі розных нацыянальнасьцяў…”

(Харэўскі: ) “Уявіце сабе — у 1916 годзе ў Віцебску налічвалася больш за тры сотні хрысьціянскіх храмаў! Ад самага старажытнага — царквы Дабравешчаньня ХІ стагодзьдзя — да шматлікіх каталіцкіх храмаў у стылі барока й ракако. Габрэйскіх сынагогаў і малельняў таксама было багата, болей за дзьве сотні. Габрэі, дарэчы, складалі тады тут 37% супраць 27% беларусаў. А былі ж яшчэ й палякі, расейцы, немцы, латышы, татары... Велізарная колькасьць найноўшых будынкаў у горадзе была ўзьведзеная на мяжы ХІХ і ХХ стагодзьдзяў. Дзіва што Рэпін пісаў пра Віцебск: “Божа мой! Гэта ж наша Таледа!”

(Ракіцкі: ) “Відавочна, тады тут было чым натхняцца — і помнікамі, і краявідамі. Але вернемся да тых творцаў, чый лёс Першая ўсясьветная вайна зьвязала зь Беларусьсю і Віцебскам”.

(Харэўскі: ) “Гэтак сталася, што сярод тысяч уцекачоў і жаўнераў, што воляю лёсу апынуліся ў Віцебску у часе вайны, было багата мастакоў і артыстаў. Гэтак як параненыя жаўнеры аказаліся тут Аляксандар Ахола-Вала, будучы клясык беларускага, фінскага й швэдзкага мастацтва, Уладыслаў Страмінскі — будучы клясык нашага мастацтва, стваральнік авангарду ў Польшчы. Гэтыя абставіны садзейнічалі, з майго гледзішча, стварэньню ў Віцебску шчыльнага творчага асяродку. Разам з тым, дзейнічалі й мастацкія школы, сярод якіх найбольш славутая Юдаля Пэна, і яна была літаральна перапоўненая. Працягвалі дзейнічаць тэатры, музэі, бібліятэкі”.

(Ракіцкі: ) “Мы разважалі з вамі пра прычыны мастацкага выбуху ў Віцебску. Але прычыны зьяўляюцца тады, калі іх нешта ці нехта прывядзе ў рух. Дык якую ж падзею лічаць пачаткам таго, што зьдзівіла сьвет?”

(Харэўскі: ) “Прыезд у Віцебск Марка Шагала ў 1918 годзе. Ён быў прызначаны на пасаду камісара ў справах мастацтваў у Віцебску. У першыя ж гады бальшавіцкага перавароту Шагал актыўна спрычыніўся да стварэньня новага ладу. Ён разумеў сваю задачу прыгожа. Будучы ўпаўнаважаны камісарамі ачоліць мастацтва ў Віцебску, ён аздабляў горад да ўсіх палітычных акцыяў. Да другой гадавіны кастрычніцкай рэвалюцыі здолеў моцна зьдзівіць землякоў. Перад імі раскрылася надзвычай калярытнае, парадаксальнае відовішча: будынак сабору на цэнтральным пляцы гораду быў зацягнуты вялізным палатном, якое размаляваў Шагал.

На ярка-зялёных конях у яблыкі даўгабародыя старыя ўзьляталі ў неба... “Ачышчальны віхор рэвалюцыі зьмёў усе перашкоды... А коні — гэта чалавечая мара: маладая і зялёная, як квітнеючы сад, зялёная, як маладая надзея...” — гэтак тлумачыў сваю задуму сам Шагал. Ён жа здолеў дамагчыся адкрыцьця тут народнай школы мастацтва. Яна была разьмешчаная ў нацыяналізаваным асабняку банкіра Віняшка, на вуліцы Ўваскрашэнскай, 10. Будынак, дарэчы, цудам ацалеў да нашых дзён”.

(Ракіцкі: ) “І ў чым жа была незвычайнасьць гэтае школы? Чым яна адрозьнівалася ад папярэдніх і ад тых, што ўжо існавалі і ў Расеі, і ў Эўропе?”

(Харэўскі: ) “Сваім дэмакратызмам. На дзіва, радыкал у мастацтве, Шагал, аказаўся талерантным у арганізацыі навучальнага працэсу. Ён здолеў паставіць на пасаду дырэктара школы акадэміста-“мирискусника” Мсьціслава Дабужынскага. Знайшлося тут месца й старому рэалісту Юдалю Пэну. Ну й, натуральна, не бракавала радыкалаў-авангардыстаў. Пасьля ад’езду Дабужынскага ў Літву яго зьмяніў Аляксандар Ром, які выкладаў малюнак і гісторыю мастацтва. Гэта таксама быў вельмі славуты ў той час мастак. Скульптурную клясу ачоліў Давыд Якерсан, затым на запрашэньне Шагала сюды прыяжджае Эль Лісіцкі, які ачоліў майстэрні графікі, друкарскай справы й архітэктурную. Ну й нарэшце, у кастрычніку 1919 году ў Віцебск прыяжджае сам Казімер Малевіч”.

(Ракіцкі: ) “Але кажуць, гэта было фатальна для Шагала”.

(Харэўскі: ) “Так, існуе нават легенда, што нібыта Шагал ганяўся па Віцебску за Малевічам з парабэлюмам сваім. Справа ў тым, што праз кароткі прамежак часу бальшыня вучняў Шагала пераходзіць у майстэрню Малевіча. Ён прывёз новыя ідэі, умеў лепей давесьці прынцыпы сваёй фарматворчасьці. Пакрыўджаны “здрадаю” вучняў, Шагал у 1920 годзе назаўжды пакідае Віцебск”.

(Ракіцкі: ) “Я думаю, што ў нашых слухачоў зараз паўстае і пытаньне такога кшталту — паводле прозьвішчаў і, як кажуць пашпартных зьвестак, мы гаворым пра расейцаў, габрэяў, палякаў. Як гэтыя людзі ідэнтыфікавалі сябе ў беларускім горадзе Віцебску?”

(Харэўскі: ) “Малевіч, прынамсі, заўсёды лічыў сябе ня рускім. Яго, па-першае, выдаваў вельмі моцны беларускі акцэнт, пра што і пішуць многія ягоныя вучні. А ці вычуваў ён сябе беларусам?.. Я такіх зьвестак не знайшоў. Але сьведамымі беларусамі вычувалі сябе Страмінскі, што і ўратавала яго ад Асьвенціму ў часе Другой усясьветнай вайны, бо, паводле ўсіх дакумэнтаў, ён значыўся беларусам. Дабужынскі, які сябраваў з Ластоўскім, Луцкевічамі, Дуж-Душэўскім, таксама вычуваў сябе як беларус. І калі ён пераехаў у Літву, дык уліўся ў беларускі нацыянальны асяродак у Коўне.

Што да Шагала, дык ён так і не зразумеў да канца дзён сваіх, што Віцебск — гэта Беларусь. Прынамсі, ён нідзе пра гэта не напісаў, хоць, з другога боку, ён нідзе і не напісаў, што гэта Расея. Відавочна, што габрэйскасьць гэтага гораду, ягоная архітэктурная адметнасьць папярэдніх эпохаў рэзка адрозьнівала Віцебск ад Расеі. Затое, фін Ахола-Вала ў Віцебску прыйшоў да беларускай сьведамасьці, стаў гарачым беларускім патрыётам, вывучыў беларускую мову і пасьля праілюстраваў ці ня ўсю беларускую клясыку 1920-х гадоў ужо ў Менску”.

(Ракіцкі: ) “Ці можна сказаць прыкладна так: шматнацыянальныя вобразы ў экстэр’ерах і інтэр’ерах беларускага Віцебску?”

(Харэўскі: ) “Цалкам. Але паколькі яны працавалі ўсе разам, абменьваліся думкамі, сябравалі, ці сварыліся, усё гэта стварала адзіную, непадзельную зьяву, якая належыць нам”.

(Ракіцкі: ) “Вось што пісала пра тыя віцебскія гады мастачка Абухова:

“Правінцыйны горад, што, здавалася, праспаў дзевяць стагодзьдзяў, уздыбіўся й перажыў сапраўдны велічны рэнэсанс. З галоднага зьледзянелага Пецярбургу, зь нішчымнае Масквы ў Віцебск зьехаліся сьвяцілы першае велічыні. Усе яны былі маладыя, поўныя энтузіязму й нічога яшчэ ня ведалі пра ўласную будучыню. Ня ведаў Марк Шагал, што пакінуўшы навечна сэрца ў Віцебску, ён тым ня меней будзе мроіць пра яго, толькі пра яго пад парыскімі дахамі. Не прадбачыў і Мікалай Андрэевіч Малько, сусьветна вядомы пазьней дырыжор і музыкант, што смуткуючы па Бацькаўшчыне, знойдзе сабе прытулак у Аўстраліі...”

(Ракіцкі: ) “Дарэчы, ужо на пачатку 1920-х гадоў Віцебскія вышэйшыя мастацкія майстэрні перайшлі ў ранг Вышэйшага мастацка-практычнага інстытуту. Ці не адтуль пачынаецца і тая школа выяўленчага мастацтва, што і сёньня ўласьціва беларускаму мастацтву?”

(Харэўскі: ) “Да пэўнай ступені. Справа ў тым, што цяперашнім жыхарам Віцебску дый беларускім жыхарам увогуле цяжка зразумець гэткі стан духоўнага пад’ёму й веры ў сьветлую будучыню. Як вынік Віцебск набыў новы, надзвычай адметны й своеасаблівы воблік, у якім складаным чынам перапляталіся тры кірункі: малевіцкі супрэматызм, экспрэсіянізм Шагала й рэалізм Пэна, Юдовіна, Мініна і іншых. Пасьля таго як Віцебск быў далучаны ўжо да Беларусі, гэтыя кадры, якія выхаваліся ў Віцебскай мастацкай школе, пераехалі ў Менск і на новым месцы працягнулі гэтыя традыцыі”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, вялікія дый іхныя гадаванцы пакінулі Віцебск. Што далей?”

(Харэўскі: ) “Пасьля таго як у Віцебску разгарнулася шырокая беларусізацыя і наша мова стала там моваю адукацыі й культуры, гэты пэрыяд фатальным чынам супаў з пэрыядам палітычных рэпрэсіяў. І таму ў Віцебску тое, што мы называем “беларушчынай”, так і не пасьпела разгарнуцца на ўсю моц. А зь іншага боку, прыцягальнасьць Віцебску для тых, хто марыў пра мастакоўскую адукацыю, спыніць было ўжо нельга. Ужо за беларусізацыяй тут гартаваліся такія таленты — Хрусталёў і Ахрэмчык, Азгур і Бембель, Ціхановіч і Масьленікаў, Кроль ды сотні іншых мастакоў, якія склалі ў наступным клясыку нашае культуры”.

(Ракіцкі: ) “А лёсы тых людзей, якія займаліся мастацтвам у Віцеску ў тыя часы, склаліся па-рознаму. Тыя, хто зьехалі, працягвалі працаваць у іншых краінах дзеля іншых культураў. Тых жа, хто ня зьехаў, а заставаўся ў бальшавіцкай краіне, не прамінуў 1937 год”.
XS
SM
MD
LG