Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа памяці Ігара Канановіча.

Некалькі гадоў таму адна мая прыяцелька даслала мне для знаёмства запісы незнаёмага мне барда. Я зь цікавасьцю праслухаў некалькі песень. Парадаваўся факту, што ў беларускай аўтарскай песьні зьявіўся яшчэ адзін цікавы творца. Акрамя запамінальных мэлёдый спадабаліся вось такія словы. «Колькі тысяч разоў мне расказвалі, хто я, і дзе я. Рвала цемру душа, каб ізноў захлынуцца сьвятлом». Яшчэ, памятаю, разанула фраза, якая здалася мне пазёрскай. «Проста паміраў і не памёр чамусьці». Увогуле, тэма сьмерці была ледзь ня ў кожнай ягонай песьні.

Гэта кон ці праклён

Жыць самотным ясенінскім клёнам.

Гэта кон ці праклён

сузіраць занядбаньне і сьмерць

Я з вышыняў лячу

Непакорным асуджаным звонам.

Бог маўчыць

А пра што не магу зразумець.

Я вельмі пашкадаваў, што перадача «Барды Свабоды» ўжо на той момант скончылася. І гэтага дэкадэнта ня будзе ў ліку «Ста бардаў «Свабоды». Сёлета я гэтага барда ўспомніў ізноў. Ягоная імя Ігар Канановіч.

У мястэчку ціхая вясна.

Халады, як назаўжды мінулі.

На узьлесьсі зранку дапазна

Век людзкі адлічвае зязюля.

Я ехаў у мястэчка Карацк, дзе Ігар Канановіч выкладаў расейскую мову і літаратуру. І адкуль тры гады назад выправіўся заваёўваць сталіцу. Ціхае мястэчка, у некалькі немалых вуліц, сустрэла мяне нязвыклай для лета цішынёй. Дзяцей усё меней. Былыя каляжанкі паэта, маладая выкладчыца ангельскай мовы Вольга Карпіевіч, пажылая беларусістка Галіна Буката і настаўніца расейскай Любоў Кухней ніяк ня могуць адысьці ад навіны. Што даляцела зь Менску напрыканцы чэрвеня. Пра сьмерць Ігара. Любоў Васілеўна Кухней, калі Канановіч працаваў у Карацку, была дырэктарам школы.

Любоў Кухней

Любоў Кухней

— Маладыя людзі — вы ж ведаеце, яны ня надта любяць пляны пісаць. Гэта для іх марока. Ён адзін раз на ўрок прыйшоў бяз пляну, другі раз. Пішы, кажу, тлумачальную запіску. Прыносіць. «Лічу немэтазгодным напісаньне рабочых плянаў на цьвёрдых носьбітах». Вось такі быў Ігар. Аптыміст, гумарны хлопчык.

Ігар Канановіч

Ігар Канановіч

На школьных фотаздымках Канановіч альбо ўсьміхаецца, альбо сьмяецца. Паверыць немагчыма, што празь некалькі гадоў гэты гаварун і весялун скончыць жыцьцё самагубствам.

Дзякуючы сваёй гітары і любові да паэзіі Сяргея Ясеніна, Канановіч быў незаменным чалавекам для канцэртаў, імпрэзаў і адкрытых урокаў. Слова Вользе Карпіевіч.

Вольга Карпіевіч

Вольга Карпіевіч

— У яго любімае мерапрыемства, ён кожны год яго паўтараў, адкрыты ўрок «Песьні на вершы Сяргея Ясеніна». Ён штогод яго паўтараў.

І брылём прыставіўшы руку

Ў далячынь гляджу з кар’ернай кручы.

А ў прастору крапаюць «ку-ку»

Задуменна, шчыра і пявуча.

Што паўплывала на рашэньне Канановіча звольніцца са школы і ехаць у Менск? Прага сталічнага літаратурнага жыцьця? Ці ня толькі? Гаворыць Любоў Кухней.

— У нас у школе такі прынцып — мы слугі гасударавы. І нам нікуды ад гэтага не падзецца. Мы што далжны дзелаць? Весьці гасударственную паліціку. І мы ў шоку былі, калі даведаліся, што ён грузчыкам пайшоў. Гэта маральна чалавека прыгнятае. Калі ён сабраўся ў Мінск, мы яго адгаворвалі. Але ён сказаў, што трэба жыцьцё мяняць, ісьці наперад. Можа, каб ён тут застаўся, усё склалася б інакш.

А настаўніца беларускай мовы Галіна Валяр’янаўна Буката прыгадала яшчэ адну дэталь, якая магла зьмяніць лёс Канановіча.

Галіна Буката

Галіна Буката

— Калі б з Кацяй Барысік усё атрымалася б добра, дык гэтага, можа, і ня здарылася.

Аказваецца, у Канановіча было ў Карацку каханьне да выпускніцы. Якой ён прысьвячаў вершы. Кацярыну Барысік я знайшоў у Клецку. Былой школьніцы ўжо мінула дваццаць гадоў. Дзяўчына прыгожая.

Кацярына Барысік

Кацярына Барысік

— Мы не прагульвалі яго ўрокі. Ён вельмі цікава выкладаў. Я кнігі не люблю чытаць, але «Вайну і мір» дзякуючы яму прачытала. У яго былі сымпатыі да мяне. Але ж я школьніца. Я не хацела праблем, клопатаў. Я разумела, што такое настаўнік, і што такое вучаніца. Мы засталіся сябрамі. У мяне нават кніга дома ёсьць, якую ён мне прысьвяціў. Я лічу, што ён за праўду пацярпеў. Ён казаў праўду пра ўладу, пра тое, як нам мала плацяць. У самагубства я ня веру.

А навокал мір і прыгажосьць

У смузе далёкай вёскі хаты.

Разумею — гэта ў мяне ёсьць.

І цяпер, і да апошняй даты.

Калега Ігара Канановіча па сумеснай працы ў школе вёскі Сіняўка, настаўнік беларускай мовы, быў адзіным маім суразмоўцам, які адпрэчвае няшчасны выпадак. І ўпэўнены ў самагубстве.

— Яму выдатна працавалася ў школе. Ён быў клясным кіраўніком. Яго пацягнула ў сталіцу прага самарэалізацыі. І пачало ж атрымлівацца. Зборнік «Астэроід» даволі ўдалым атрымаўся. Яго пачалі ведаць у Менску. Што атрымалася далей — невядома. Пачаліся праблемы з працай. Пачаліся праблемы з сябрамі. У Клецк яго немагчыма было выцягнуць. Чаму, я не разумею. Ён быў не славалюбівы чалавек. Іншы часам песьню напіша, і ўжо паэт і геній. А па Ігары здагадацца было немагчыма — ці ён свае пяе. Ён быў гатовы аддаць сваю эмацыйную энэргію іншым людзям. Ня ведаю чаму, але ўнутрана я адчуваю, што гэта было самагубства.

Накувай, зязюля, лішні год.

Лепей два ці тры дадай, сястрыца.

Расхадзіўся думак карагод

І другую ноч амаль ня сьпіцца.

Школа, дзе працаваў Ігар

Школа, дзе працаваў Ігар

Што насамрэч здарылася 19-га чэрвеня на рагу праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Энгельса мы можам ніколі не даведацца. Але акрамя фізычнай рэальнасьці ёсьць яшчэ адна рэальнасьць. Мітычная. Якая і ўплывае на будучыню. І вось у гэтай мітычнай рэальнасьці беларускі паэт ня можа проста так сарвацца з даху. Гэтую рэальнасьць мне паказаў дзядзька, што праходзіў каля карацкай школы. Школы, якую сёлета ўлады закрылі назаўжды.

— А можа быць такое, што ён пісаў вершы ўсякія і напісаў, напрыклад, што ў нас у Беларусі нейкае разладзьдзе? Мы ніколі не даведаемся, як гэты хлапец загінуў. Ці забілі яго ці ён сам скончыў самагубствам. Калі б і было забойства, яно так заклеіцца паперамі, што ніхто ніколі ня будзе ведаць.

Вось такі голас народу. Паэт забіты за вольнае паэтычнае слова. Бо як жа яшчэ можа загінуць беларускі паэт? І гэты прысуд ужо ніхто не адменіць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG