Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Літанкета Свабоды: Ігар Канановіч


Ігар Канановіч

Ігар Канановіч

Ігар Канановіч нарадзіўся 22 ліпеня 1983 у Клецку. У 2000 скончыў Заастравецкую СШ Клецкага раёну. У 2003 паступіў на беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту БДУ. Пасьля заканчэньня, з 2008 па 2013, працаваў настаўнікам беларускай і рускай моваў у школах Клецкага раёну.

Першыя публікацыі адносяцца да 2006-2007 гадоў. Друкаваўся ў часопісах «Дзеяслоў» і «Верасень», газетах «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газэта», «Да новых перамог!»

На дадзены час жыве і працуе ў Менску.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Пішу для тых, хто, незалежна ад адукацыі і сферы дзейнасці, мае чуйнасць і цікавасць да паэзіі.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Найлепш пішацца адразу пасьля нечаканага вызваленьня ад надзённых справаў. Тады ўсё, што міжволі назапасіў за пэўны час, амаль без прынукі выліваецца ў радкі, і застаецца толькі нешта адрэдагаваць у працэсе стварэньня верша або зацемкі.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча або «Лясная дарога» Разанава.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Гервасій Выліваха, але я працую над сабой.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Зь беларускіх — Уладзімір Караткевіч, з рускіх — браты Стругацкія.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Ня так даўно зь вялікім задавальненьнем прачытаў кнігі «Сем камянёў» Аляксея Шэіна, «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» Сяргея Пясецкага і «Звычайны шоў-бізнэс» Юрыя Несцярэнкі.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

За апошнія два гады блізка сышоўся з украінскай мовай. Чытаў матэрыялы «ТСН» (http://tsn.ua/), прынцыпова не пераключаючы сайт на рускую. Не дарэшты забыў і англійскую мову.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Пакуль што маю адну кніжку (зб. вершаў «Астэроід»), якую і вучуся любіць.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Рэзанансную да скандальнасьці.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Душа мая жыве найлепш, Калі вакол — абсяг шырокі, А лёгкі і магутны верш, Як «МіГ», імкнецца праз аблокі...

XS
SM
MD
LG