Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Ігарам Канановічам я быў знаёмы завочна, амаль год. У чэрвені летась ён прыслаў нам у рэдакцыю свой першы тэкст у рубрыку «100 словаў», і я тады адразу зразумеў, што ў нас зьявіўся новы, цікавы і пэрспэктыўны аўтар.

Практычна ўсе тэксты, якія ён пісаў у гэтую рубрыку, я кваліфікаваў у друк. Мы апублікавалі больш за дваццаць Ігаравых «стаслоўяў». Апошняе, якое ён прыслаў паўтара тыдня таму, мы публікуем сёньня. Ігару рубрыка «100 словаў» моцна спадабалася. Неяк ён мне напісаў: «Спачатку трохі нэрвуе „пракрустаў“ фармат, а потым у сьвядомасьці высьпявае адпаведная праграма, і, убачыўшы надрукаваным сваё стаслоўе, адчуваеш сябе пілётам, які толькі што эфэктна накрыў варожыя пазыцыі кароткім разбуральным налётам...».

У Ігара быў яркі літаратурны талент.

Калі я даведаўся, што ён выдаў кнігу вершаў і атрымаў білет Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, я папрасіў яго запоўніць Літанкету Свабоды.

У лістападзе летась ён запытаўся мяне праз Фэйсбук: «Даўно задаюся пытаньнем: ці ёсьць для чалавека з маімі здольнасьцямі, душой, адукацыяй шлях у прафэсійную журналістыку?»

Я яму тады адказаў: «На гэтае пытаньне канчаткова можаце адказаць толькі вы самі. А хутчэй — даказаць сваім дзеяньнем. У вас „правільная“ адукацыя, добрая назіральнасьць, файны стыль і ўменьне вытрымліваць дыстанцыю да таго, пра што пішаце. Гэта тое, што журналісту трэба як мінімум. А яшчэ патрэбны „драйв“, каб шукаць тэмы і пісаць, дзень за днём. Знайдзіце тэму (магчыма, інтэрвію зь некім), апрацуйце яе, прышліце вынік мне і/або Аляксандру Лукашуку — паглядзім. Калі атрымаецца, апублікуем. Сёньняшняя журналістыка — гэта ня толькі тэкст, але і фоткі ды відэа, якія можна зрабіць ці то фотаапаратам, ці то мабільнікам».

Ігар стаў нам час ад часу дасылаць свае журналісцкія спробы, і некаторыя зь іх мы публікавалі. І плацілі яму ганарары, што, як мяркую, было істотна, паколькі ён ня меў сталага працаўладкаваньня. Ігар раней працаваў настаўнікам. Праца ў школе яму абрыдла, прытым не давала дастатковага заробку, і ён яе кінуў. Пасьля школы ўладкаваўся грузчыкам у менскім гіпэрмаркеце. Але і там месца не нагрэў. Напісаў мне пра гэта ў сваім стылі, з зухаватай іроніяй, за якой, відаць, хаваўся жыцьцёвы адчай. Толькі што я тады гэтага адчаю ня ўбачыў: «Зьбег ад свайго капіталіста, які з „добрага пана“ хутка ператварыўся ў прагную пачвару, таму маю шмат вольнага часу і пішу часьцей».

Зусім нядаўна, калі я быў на мовазнаўчай канфэрэнцыі ў Шатляндыі, Ігар прыслаў мне нізку сваіх вершаў. Вярнуўшыся ў Прагу, я паставіў гэтыя вершы на сайце Litaratura.org. Ён вельмі абрадаваўся гэтай публікацыі: «Ю-х-ху! Сьвята на маёй вуліцы! Дзякую за магчымасьць, Ян!». Гэты допіс ён прыслаў мне 11 чэрвеня, усяго за тыдзень да свайго скачка ў цямрэчу. Ягоныя дасланыя вершы, хоць і са змрочнай падбіўкай, не прадвяшчалі нічога благога. Ён пісаў:

Мне крыўда выела душу,
А потым перайшла на цела...
Што дзіўна, я ізноў пішу.
Што дзіўна, я жывы і цэлы.

Намоўленае перамог,
Паверыўшы ў будзённасьць цуду.
На папялішчы ўспыхнуў Бог.
Я ёсьць. І я, напэўна, буду...


Я не заглядаў на ягоны профіль у Фэйсбуку апошнім часам і зусім не прадчуваў, які настрой быў у Ігара насамрэч. А ў Фэйсбуку ў апошнія свае дні ён пісаў іншыя вершы і паведамленьні, якія сёньня чытаюцца як адназначныя сыгналы разьвітаньня са сьветам. І, што асабліва балюча, яны чытаюцца як сыгналы, у якіх ён шыфраваў сваю просьбу аб паратунку. Усе гэтыя сыгналы прапалі ў штодзённым тлуме сацыяльнай сеткі, у якой банальнае і трагічнае, подлае і шляхетнае, безгустоўнае і рафінаванае ўтварае інфармацыйную дрыгву, якая ў змозе засмактаць вас на ўвесь дзень і ў якой вы лёгка згубіце здольнасьць адрозьніваць роспачны крык ад зьдзеклівага рогату...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG