Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вахцёры здалі ў міліцыю кандыдата ў дэпутаты, які выступае за легалайз


Павал Стэфановіч

Павал Стэфановіч

«Камэндант інтэрнэта бегала па пакоях і казала, каб там нікому не адкрывалі і подпісы не ставілі», — распавёў Радыё Свабода па тэлефоне Дзьмітры Кавалгін, які зараз знаходзіцца ў Аддзеле міліцыі № 1.

Павал Стэфановіч, кандыдат ў дэпутаты ад партыі АГП, і сябар яго ініцыятыўнай групы Дзьмітры Кавалгін распавядаюць, што прыйшлі ў адзін з інтэрнэтаў Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэта, які знаходзіцца ў студэнцкім гарадку.

«Мы паспрабавалі зьбіраць подпісы, але нам перашкодзілі вахцёры. Яны казалі, што нібыта ў іх нельга зьбіраць подпісы. А на сьпіс месцаў, якія забароненыя для збору подпісаў, і куды іх інтэрнат не ўваходзіць, яны не рэагавалі», — кажа Дзьмітры Кавалгін.

Вахцёры выклікалі міліцыю. Нарад, які прыбыў, пацьвердзіў, што Стэфановіч і Кавалгін подпісы ў інтэрнаце зьбіраць могуць.

«Мы пайшлі зьбіраць, але разам з намі пайшлі некалькі чалавек, і камэндант будынку. Проста „стаялі над душой“. Мяне адна дзяўчына пусьціла ў пакой, і я пабачыў, што камэндант бегае па іншых комнатах і кажа, каб там нікому не адкрывалі і ніякіх подпісаў не ставілі», — кажа Кавалгін.

Праз некаторы час на хлапцоў выклікалі яшчэ адзін нарад міліцыі, які адвёз іх у Аддзел міліцыі. «Для высьветленьня», — патлумачыў Кавалгін. — У нас ёсьць пасьведчаньне сябра ініцыятыўнай групы, пашпарт, падпісныя лісты. Гэтага дастаткова».

«Нам тут выдзелілі асобнае памяшканьне, і тут на стале ляжыць Выбарчы кодэкс», — пасьміхаецца Дзьмітры.

Хлопцы кажуць, што ўся гэтая сытуацыя была ініцыяваная прарэктарам унівэрсытэту.
Павал Стэфановіч, 26-гадовы студэнт-філёзаф, удзельнічае ў сёлетняй Парлямэнцкай кампаніі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сярод пунктаў ягонай выбарчай праграмы — легалізацыя спажываньня марыхуаны і барацьба за гендэрную роўнасьць. Раней Радыё Свабода рабіла інтэрвію з маладым кандыдатам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG