Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я выбіраю кефір». Палітык, які патрабуе легалізацыі марыхуаны, ня п’е і ня курыць


26-гадовы студэнт-філёзаф зь Менску Павал Стэфановіч ідзе на парлямэнцкія выбары ад АГП з прапановай легалізацыі марыхуаны.

Радыё Свабода сустрэлася з маладым палітыкам, якога ўжо спрабавала завэрбаваць КДБ.

Школьнікаў на ўроках не выпускаюць у прыбіральню, каб «ня дай бог, не закінуліся спайсамі»

Прэзыдэнцкі дэкрэт № 6 ад 28 сьнежня 2014 году літаральна разьвязаў рукі праваахоўнікам. Амаль тры тысячы нарказлачынстваў за 5 месяцаў выкрыта сёлета; у параўнаньні з 2014 у 2015 годзе за збыт наркотыкаў завялі больш крымінальных справаў на 17 працэнтаў; сваякі зьняволеных кажуць, што калёніі перапоўненыя тымі, хто «трапіў пад дэкрэт», асуджаных за наркотыкі прымушаюць насіць «зялёныя» нашыўкі, а маці зьняволеных у роспачы заснавалі арганізацыю «Маці 328».

«Так, у нас вялікая праблема са спайсамі (сумесь для паленьня з сынтэтычнымі рэчывамі — РС.), зь якой нашая дзяржава змагаецца тымі ж сродкамі, як зь любой праблемай, — кажа Павал Стэфановіч. — „Забараніць пабольш, пасадзіць пабольш, запужаць пабольш“. У школах школьнікаў не выпускаюць на занятках у прыбіральню, каб яны там, крый божа, не закінуліся спайсамі. Пакутуюць усе, а ня толькі тыя, хто сам спажывае ці займаецца гандлем наркотыкамі».

Павал кажа, што калі б у Беларусі былі дзесяць-дваццаць кандыдатаў ці партый, якія б штодня казалі пра гэтыя праблемы, то ён напэўна за іх бы ня ўзяўся. Маўляў, у палітычных праграмах больш месца аддаюць эканоміцы і працоўным месцам. Але, мяркуе ён, «легалайз» і праблема сямейнага гвалту (яшчэ адзін пункт праграмы Стэфановіча) — гэта тое, па чым можна меркаваць пра адказнасьць беларусаў.

«У кожнага чалавека павінна быць права. А пасьля таго ён можа сам абіраць, што яму купіць — марыхуаны, піва, ці кефіру. Я выбіраю кефір, — кажа Павал. — Я лічу, што лепшая забарона, якая можа быць, — гэта забарона для сябе. Калі чалавек дастаткова сталы, дарослы, то ён забараняе нешта сабе. Калі ён забараняе нешта камусьці, тым больш цэлай краіне, і ад гэтай забароны ёсьць дрэнныя наступствы — натуральна, такія мэтады неэфэктыўныя, амаральныя, і іх трэба скасоўваць».

Павал перакананы, што легалізаваўшы марыхуану, беларускае грамадзтва пазбавіцца шмат якіх праблем. Сваю ўвагу да гэтага сродку тлумачыць тым, што гэта «адзін з асноўных спажывецкіх тавараў на рынку наркотыкаў»:

«У нас даволі закрытая статыстыка ў Беларусі наконт таго, за што садзяць у турму. Але ў нас ёсьць статыстыка колькасьці вынятых наркотыкаў кожнага віду. Напрыклад, 50 кіляграмаў какаіну, 50 кіляграмаў гераіну і 40 тон марыхуаны, — распавядае ён. — Гэты рынак аніяк не рэгулюецца. Там могуць быць як добрай вартасьці прадукт, так і вельмі дрэнны. Ён зьвязаны з крыміналам, ня плаціць падаткаў. Усе гэтыя рэчы можна перавесьці на легальны ўзровень — з кантролем якасьці, з падаткам, каб не было адмываньня грошай».

«Пасьля легалізацыі марыхуаны рынак алькаголю ў ЗША ўпаў на 5 млрд даляраў»

Стэфановіч захоплена спасылаецца на прыклад ЗША, дзе амаль у палове штатаў спажываньне марыхуаны ў мэдычных мэтах легалізавалі ўжо пару гадоў таму.

«Там пасьля легалізацыі марыхуаны рынак алькаголю ўпаў на 5 мільярдаў даляраў. Першымі адчуюць зьмяншэньне сваіх даходаў вытворцы алькаголю. Ёсьць дадзеныя, што пасьля легалізацыі нават спажываньне марыхуаны падае, бо яна перастае быць такоц прыцягальнай, — паводле вэрсіі Паўла, такі спосаб мусіць паўплываць на ўзровень спажываньня. — Ад наркаманіі нельга пазбыцца, бо гэта прывабна.

І калі атрымаецца, што людзі спрабуюць адзін-два разы і зразумець, што гэта такі ж прадукт, як любы іншы, ня вельмі карысны, — натуральна, яны перастаюць гэтага жадаць і спажываньне падае».

Цяпер у Беларусі каля 14, 5 тысяч людзей стаяць на ўліку з дыягназам «наркатычная залежнасьць». З алькагольнай залежнасьцю на ўліку больш за 250 тысяч чалавек. Экспэрты звыкла памнажаюць гэтыя лічбы на 10 і называюць сытуацыю з алькагалізмам беларусаў катастрафічнай. Ідэя паўплываць на адну залежнасьць праз другую падаецца ня самай разумнай, але па меркаваньні Паўла, у спажываньні марыхуаны ёсьць свае перавагі перад алькаголем.

«Ад спажываньня марыхуаны чалавек ня робіцца агрэсіўным. Верагоднасьць таго, што ён будзе рабіць нейкія супрацьзаконныя дзеяньні нават ніжэйшая, чым у цьвярозага чалавека, — тлумачыць ён. — У сем’ях, якія ўжываюць марыхуану, самы нізкі ўзровень сямейнага гвалту».

Выглядае, што гэта можа быць праўдай. Прынамсі, такую інфармацыю дае Хафінгтан Пост са спасылкай на дасьледаваньні навукоўцаў з унівэрсытэтаў Елю, Бафала і Ратгерса.

«Да марыхуаны няма прывыканьня, як да іншых наркотыкаў, — працягвае Павал. — У ЗША 45 адсоткаў амэрыканцаў каштавалі яе, але яны не наркаманы. 90 адсоткаў нават пры рэгулярным ужываньні ня маюць прыкметаў залежнасьці. А алькаголь празь некалькі гадоў рэгулярнага ўжываньня разбурае цела чалавека, яго асобу, яго сацыяльныя ўзаемадзеяньні. Чалавек траціць здольнасьць якасна працаваць і многае іншае».

«Выкурылі касяк — праз тры гадзіны можаце сесьці за стырно, і з вамі нічога ня здарыцца», — кажа малады філёзаф, які сам, нагадваем, ня п’е і ня паліць.

Падтрымліваю «другую папраўку амэрыканскай канстытуцыі» — права мець зброю

Калі ідэя выступіць супраць сямейнага гвалту ў АГП усім спадабалася, то да «легалайзу» там паставіліся неадназначна.

«Я два гады займаўся паступовым пераадольваньнем ідэі пра тое, што гэта нікому ня трэба, што ўсе будуць супраць, што БТ і нашы кансэрватыўныя сябры зь Беларусі абавязкова скажуць, што гэта вельмі дрэнна, — расказвае Стэфановіч. — Зараз у нас ёсьць, калі не падтрымка, то інтарэс да гэтай ідэі. А што да мяне асабіста — мяне падтрымліваюць. Бо людзі бачаць, што пасьля маёй заявы гэта стала цікава людзям, журналістам, замежнікам».

Павал кажа, што стэрэатып аб тым, што «легалайз» нікому не цікавы, варта адкінуць. Маўляў, больш за 90 адсоткаў людзей, зь якімі даводзілася гаварыць, гэтую ідэю падтрымліваюць, а сама ідэя «людзей узрушвае». Таму, мяркуе, яму ўдасца пераканаць і тых 20 тысяч чалавек, якія жывуць на ягоным участку.

Сам Павал прыйшоў у АГП ў 2010-м, калі хацеў падтрымаць найбольш «лібэральнага, капіталістычнага кандыдата». Такім для яго стаў Яраслаў Раманчук. Кажа, што прыход у АГП — добры выбар у ягоным жыцьці.

«Калі б я жыў у ЗША, то натуральна абіраў рэспубліканцаў. Ня надта рэлігійных, бо я сьвецкі чалавек, але падтрымліваю другую папраўку, права на грамадзянскую зброю. Напэўна, у Беларусі праз 10-15 год мы прыйдзем да неабходнасьці такіх зьменаў, — апісвае ён свае палітычныя погляды і кажа, што

«Дональд Трамп — натуральна, меншае зло ў параўнаньні з Клінтан ці Сандэрсам, а любы іншы рэспубліканскі кандыдат, напрыклад, Марка Рубіё ці Тэд Круз, былі б яшчэ лепш».

Цяпер у Паўла сэсія, ён пераходзіць на чацьвёрты курс філязофскага факультэту БДУ. Да таго адвучыўся тры гады ў пэдагагічным унівэрсытэце Санкт-Пецярбургу на гісторыка. Забраў дакумэнты, бо «не задавальняў узровень навучаньня», вярнуўся ў Беларусь і пайшоў у войска. Таму, калі яго нядаўна выклікалі ў ваенкамат, каб удакладніць нейкія зьвесткі, не напалохаўся.

У ваенкамаце папрасілі пакінуць тэлефон, зь якім, кажа Павал, «ня ведаю, што рабілі, але працуе нармальна», і ў кабінэце яго сустрэў «чалавек у цывільным».

«Мне прапанавалаі, каб я ім распавядаў пра ўнутраную кухню дэмакратычнай супольнасьці. Я на гэта прапанаваў прыходзіць да нас у офіс і задаць пытаньні наўпрост», — спакойна распавядае Павал. Кажа, што ў размове «мякка пагражалі, згадваючы пра вучобу і працу маці». Але па ягоным меркаваньні, ня ўдалася спроба вярбоўкі зьвязаная не зь ягонай праграмай, а з тым, што такую ўвагу можа займець з боку спэцслужб «любы новы чалавек, да якога ёсьць цікавасьць і пра якога пішуць СМІ».

Пра візыт у ваенкамат Павал тут жа напісаў у фэйсбук.

«Нашы ўлады напэўна ня ведаюць ангельскай мовы, не чытаюць замежнай прэсы»

«Антынаркатычныя законы патрабуюць перагляду, — заяўляе Стэфановіч. — Трэба дэкрыміналізаваць захаваньне аб’ёмаў для асабістага спажываньня. А адказнасьць да 18 год не павінная быць зьвязаная з ізаляцыяй ад грамадзтва. І ніхто ня можа быць пазбаўлены права на справядлівы суд і датэрміновае вызваленьне». У сытуацыі, калі апазыцыя кідаецца паміж байкотам і выстаўленьнем дзясяткаў кандыдатур на выбарах, малады палітык Павал Стэфановіч кажа, што за 22 гады дэмакратычны рух меў рацыю ў асноўным:

«Лукашэнка ў 90-я гады казаў, што будзе рыхтаваць сацыялістычную дзяржаву. Цяпер ён усімі мэтадамі супраціўляецца лібэралізацыі, але натуральна, што яна не за гарамі. Ён казаў, што трэба ісьці ў Расею, а цяпер ён бачыць, што адзінае, што мы можам атрымаць, — гэта вайна. Таму ён пачынае сябраваць з Эўропай, пра што мы казалі ўжо дваццаць год».

«Напэўна, тое ж самае трэба зрабіць і з наркотыкамі, — робіць з гэтага выснову Павал Стэфановіч. — Натуральна, што шанец на перамогу ня вельмі вялікі, прапаганда з БТ можа быць даволі жорсткай. Галасоў ніхто ня лічыць.

Але нам трэба нешта рабіць, таму што людзі сядзяць у турме, і іх нашмат больш, чым палітзьняволеных за ўсе гады незалежнасьці Беларусі».

Стэфановіч кажа, што ўвага да палітычных зьняволеных заўжды была вялікай, а да парушэньня правоў асуджаных па 328-м артыкуле — ніякай.

«Яны вельмі нізка знаходзяцца па турэмным сацыяльным статусе, яны носяць зялёныя нашыўкі на сабе нібыта габрэі ў 30-я гады жоўтыя зоркі, іх не выпускаюць па ўмоўна-датэрміновым. Пра гэта трэба пачынаць казаць сёньня, — лічыць ён. — Трэба, каб быў альтэрнатыўны пункт гледжаньня, бо напэўна нашы ўлады пра яго ня ведаюць. Ня ўсе ведаюць ангельскую мову, чытаюць замежную прэсу і выкладкі».

«Трэба ім пра гэта казаць, бо яны, як ніхто іншы, зацікаўленыя ў тым, каб сытуацыя зьмянілася, — упэўнены Павал Стэфановіч. — У тым напрамку, які я буду прапаноўваць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG