Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Раду для назіраньня за СМІ падчас выбараў сфармавалі паводле рэкамэндацыі Мінінфарма


Беларуская асацыяцыя журналістаў пакуль ня вырашыла, ці будзе ўдзельнічаць у гэтай справе.

28 чэрвеня Цэнтральная выбарчая камісія зацьвердзіла склад Назіральнай рады па кантролі за выкананьнем парадку і правілаў правядзеньня перадвыбарчай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі.

У яе ўвайшлі толькі кандыдатуры, якіх рэкамэндавала Міністэрства інфармацыі. Старшынёю рады стаў першы намесьнік міністра інфармацыі Ігар Луцкі, ягоным намесьнікам — Сяргей Сьвяркуноў зь Беларускага саюзу журналістаў. У складзе рады — прадстаўнікі агенцтваў «Менск-навіны», БЕЛТА, газэты «СБ Беларусь сёньня» і Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі.

«Усе кандыдаты ў дадзены орган былі вылучаны Міністэрствам інфармацыі, — сказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. — Рада ня можа прымаць рашэньні, якія носяць абавязковы характар. Гэта назіральны кансультатыўны орган, які будзе дапамагаць ЦВК».

Перш плянавалася, што рада пачне працу на пачатку жніўня. Але потым вырашылі павялічыць час яе працы, каб чальцы гэтага фармаваньня маглі адсочваць і факты заўчаснай агітацыі.

Пасьля паседжаньня, адказваючы на пытаньні журналістаў, чаму ў складзе рады няма журналістаў зь недзяржаўных выданьняў, старшыня Цэнтрвыбаркаму ўдакладніла, што вылучаць кандыдатаў у раду могуць таксама прафэсійныя саюзы:

«Калі саюз журналістаў — той, альтэрнатыўны — накіруе нам прапановы па іншых кандыдатах, мы іх разгледзім», — падкрэсьліла Ярмошына.

Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец заявіў Свабодзе, што БАЖ пакуль ня вызначылася, ці будзе вылучаць сваіх прадстаўнікоў для ўключэньня ў склад назіральнай рады.

Ён падкрэсьліў, што прадстаўнікоў БАЖ раней ніколі не ўключалі ў склад гэтага органу. Бастунец, у прыватнасьці, нагадаў выпадак з прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Тады БАЖ вылучала ў склад рады Жанну Літвіну, якая на той момант была кіраўніком аб’яднаньня, а таксама яе намесьніка — Бастунца. Але Ярмошына выступіла супраць іх кандыдатур, і астатнія чальцы ЦВК яе падтрымалі.Парлямэнцкія выбары пройдуць 11 верасьня. У Палаце прадстаўнікоў 110 дэпутацкіх месцаў.

XS
SM
MD
LG