Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Гавары праўду» прэзэнтуе новых асобаў беларускай палітыкі. ФОТА


Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў

Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў

Сёньня ў Менску а 11-й гадзіне грамадзянская кампанія «Гавары праўду» пачала прадстаўляць сваіх кандыдатаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў 2016 году.

На сёньня ў парлямэнцкім сьпісе 29 чалавек. Усе яны на наступным тыдні пададуць у акруговыя выбарчыя камісіі заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэньні іх кандыдатамі ў дэпутаты.

Фотагалерэя цалкам у вялікім памеры тут

Сярод тых, хто будзе змагацца за дэпутацкі мандат лідэры «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў, былы старшыня рагачоўскага гарвыканкаму Мікалай Камароўскі, бізнэсоўцы Аляксандар Снар і Ўладзімер Мшар, намесьнік дырэктара будаўнічай кампаніі Іна Кушнэр, кіраўнікі фэрмэрскіх гаспадарак Ігар Грышанаў і Дзяніс Фількай.

Самаму маладому вылучэнцу 23 гады, самаму старэйшаму — 65.

Самы малады магчымы кандыдат Ягор, яму 23 гады

Самы малады магчымы кандыдат Ягор, яму 23 гады

Адметная рыса парлямэнцкага сьпісу «Гавары праўду» у тым, што гэта новыя асобы беларускай палітыкі. З 29 прэтэндэнтаў толькі 5 маюць досьвед удзелу ў парлямэнцкіх выбарах у якасьці кандыдатаў у дэпутаты, а 2/3 сьпісу раней наогул ня мелі дачыненьня да актыўнай палітыкі — яны далучыліся да «Гавары праўду» ў выніку прэзыдэнцкай кампаніі Тацяны Караткевіч.

Сама Тацяна Караткевіч заявіла, што яна ўдзельнічае ў цяперашніх выбарах пад лёзунгам «дабрабыт у кожны дом». Пад гэтым лёзунгам пойдуць на выбары і іншыя кандыдаты ад «Гавары праўду».

«Мы сталі ініцыятарамі новага падыходу ў палітыцы — ён заснаваны на тым, што інтарэсы людзей гэта вышэйшы прыярытэт, а ўжо потым усё астатняе. Менавіта пра гэта сёньня павінны казаць дэмакратычныя сілы. Як дамагчыся дабрабыту ў кожным доме? Будаваць эканоміку, дзе чалавек можа працаваць і зарабляць, забясьпечыць сацыяльную абарону грамадзянам і дамагчыся, каб улада слухала і чула людзей, паважала іх на ўсіх узроўнях. Для нас прынцыпова, што зьмены ў Беларусі павінны адбыцца мірным шляхам праз дыялёг і паразуменьне бакоў», — кажа яна.

Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

Прадстаўнікі «Гавары праўду» паведамілі, што ўсяго ў пэрыяд падрыхтоўкі да выбараў было разгледжана каля 60 кандыдатур, аднак на фінішную прамую выходзіць толькі 29, бо частка прэтэндэнтаў самастойна вырашыла адмовіцца ад удзелу, паколькі яны ўбачылі, што ня змогуць сфармаваць каманду, здольную правесьці эфэктыўную выбарчую кампанію.

Між тым у «Гавары праўду» лічаць, што праз пэўны час сьпіс з 29 чалавек можа быць пашыраны за кошт уключэньня ў яго новых кандыдатаў, якія «падзяляюць стратэгію мірных пераменаў».

Тацяна Караткевіч, выступаючы перад удзельнікамі прэзэнтацыі, нагадала ім, што ў незалежнасьці ад вынікаў парлямэнцкіх выбараў «мы ўсе працягнем працу ў сваіх акругах».

Тацяна Караткевіч будзе балятавацца па 97-й Кастрычніцкай акрузе ў Менску – як яна адзначыла ў размове з карэспандэнтам Свабоды, гэта той раён, дзе яна пражывае і дзе людзі яе добра ведаюць. Андрэй Дзьмітрыеў будзе балятавацца ў акрузе, якая ахоплівае Дзяржынскі і Ўзьдзенскі раёны Менскай вобласьці. Гэта зьвязана з тым, што Андрэй Дзьмітрыеў апошнім часам жыве недалёка ад Фаніпаля і таксама вырашыў балятавацца там, дзе яго лепей ведаюць.

Сярод 29 кандыдатаў ад «Гавары праўду» 26 беспартыйных, а трое прадстаўляюць Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG