Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пані Эльжбета, пажыцьцёвы пасол беларушчыны ў Польшчы


Эльжбета Смулкова

Эльжбета Смулкова

Сёньня 85-годзьдзе адзначае знаная беларусістска, былая кіраўніцы катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту і катэдры беларускай культуры Ўнівэрсытэту ў Беластоку, першы амбасадар Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова. Да юбілею друкуем некаторыя разьдзелы кнігі журналіста Радыё Свабода Валера Каліноўскага «Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязьні».

Беларусь — Польшча: сёньня і заўтра

Беларусь, Беларусь. Чаму называесься Беларусяй, калі ня маеш у сабе белі, калі бельлю тваёй ёсьць рыжыя асеньнія іржышчы, калі бельлю тваёй ёсьць сувоі шэрага палатна, распасьцертыя на сонцы, калі бельлю тваёй ёсьць гарачы пот стомленых людзей. Ты павінна называцца Дабрарусь, ты павінна б была называцца Добрай Зямлёй Добрых Людзей...

Ты ня ўрэзалася ў людзкую памяць, Беларусь. Ты не адбірала ад іншых свабоду, не рабавала чужой зямлі, не забівала людзей з-за суседзкай мяжы. Ты мела павагу да чужых і гасьцінны калач, мела для рабаўнікоў апошнюю карову і апошнюю скарынку жытняга хлеба са знакам крыжа, мела для няшчасных балеснае сэрца і беднае нясьпешчанае жыцьцё для ахвяры. Таму мала хто Цябе памятае.

Тадэвуш Канвіцкі

Ад заканчэньня дыпляматычнай місіі Эльжбеты Смулковай у Менску прайшло больш за 20 гадоў, і ўвесь гэты час яна займалася і надалей займаецца беларускай тэматыкай на навуковым узроўні, выкладае, арганізоўвае дасьледніцкія праекты, піша артыкулы і кнігі, удзельнічае ў зьездах беларусістаў.

Да апошняга часу яна была таксама кансультантам польскіх грамадзкіх арганізацыяў у беларускіх пытаньнях.

Пані Эльжбета ня можа выказваць нейкіх афіцыйных пазыцыяў ад імя Польшчы, але мае сваё меркаваньне як экспэрт і заслужаны для беларушчыны чалавек. Таму я задаў ёй некалькі пытаньняў пра сёньняшні стан і будучыню беларуска-польскіх дачыненьняў.

Валер Каліноўскі

Валер Каліноўскі

— Пэрыяд, калі вы былі амбасадарам у Менску, быў найлепшым у дачыненьнях Беларусі і Польшчы, далей было толькі горш. У 1996 годзе, пасьля разгону Вярхоўнага Савету, Польшча ўвяла стасоўна Беларусі палітыку «крытычнага дыялёгу», абмежаваўшы сустрэчы на вышэйшым узроўні, Польшча далучылася да ўсіх эўрапейскіх санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніцтва Беларусі ў цэлым. Востры канфлікт быў вакол непрызнаньня ўладамі Беларусі кіраўніцтва Зьвязу палякаў, абранага ў 2005 годзе, некалькі разоў зь Менску адклікалі ці высылалі польскіх амбасадараў. Чаму так кепска пайшлі справы пасьля вашага ад’езду?

— Галоўную прычыну можна бачыць у штораз больш аўтарытарным рэжыме Аляксандра Лукашэнкі. Гэты рэжым прывёў да палітычнай ізаляцыі Беларусі Захадам і Польшчай разам зь ім. У канцы 90х гадоў Польшча ўжо рыхтавалася ўступаць у Эўразьвяз, праводзіла вельмі нялёгкія рэформы. Апрача таго, Лукашэнка сам сьвядома згортваў дачыненьні з Захадам і нарошчваў сувязі з Расеяй, падпісваў дамовы аб стварэньні з Расеяй фактычна супольнай дзяржавы. Самастойнасьць Беларусі фармальна захоўвалася, але ўсім было зразумела, якое можа быць раўнапраўе «слана і мышкі» ў гэтым саюзе Беларусі з Расеяй. Гэта ўспрымалася як падпарадкаваньне Беларусі Маскве і страта спадзеву на тое, што Беларусь пойдзе ў кірунку супрацы з Эўразьвязам і зь цягам часу далучыцца да яго. Польскія ўрады, якія зьмяняліся ў той час, разумелі гэта, але кантакты стараліся захоўваць. Розныя інстытуцыі надалей супрацоўнічалі зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю і апазыцыяй, дапамагалі ім. Пасьля далучэньня да Эўразьвязу Польшча дзейнічае згодна зь яго агульнымі правіламі і ня можа пагадзіцца на абмежаваньні правоў чалавека ў Беларусі. Былі розныя намаганьні з нашага боку, каб гэтыя дачыненьні надалей не былі спыненыя і пагоршаныя — перадусім у гаспадарцы, культуры, навуцы — але ўжо на ніжэйшым узроўні.

Эльжбета Смулкова

Эльжбета Смулкова

Палітыка Польшчы ішла ў кірунку добрых дачыненьняў і дэмакратызацыі Ўкраіны і Беларусі, з тым, што на Ўкраіну зьвярталі больш увагі як на большую дзяржаву і як на краіну, зь якой у нас цяжэйшая гістарычная мінуўшчына... А Беларусь успрымалі як менш канфліктную. А з другога боку, можна падазраваць, што польскія палітыкі недаацэньвалі Беларусь як дзяржаву, падобна як і заходнія.

Гісторыя беларуска-польскіх дачыненьняў ніколі не была нагэтулькі кепскай, таму на Беларусь глядзелі як на спакойнага суседа, зь якім не было трагедыяў, а значыць, і цяпер ня будзе. Спадзяваліся, што ўсё неяк зь цягам часу наладзіцца само. А потым у Беларусі дайшло да аўтарытарнай улады, абмежаваньня дэмакратыі, і таму цяпер, калі пра Беларусь гавораць у польскіх масмэдыя, то часта як пра нешта самае нядобрае. Мне балюча слухаць, калі часам унутраныя дрэнныя польскія падзеі параўноўваюць з парадкамі ў Беларусі. Беларусь стала нібы пудзілам, якое атаясамліваецца ў Польшчы з аўтарытарнай уладай. Думаю, што ў польскіх інтэлектуальных і грамадзкіх асяродках добра разумеюць значэньне Беларусі для нас і вартасьць таго новага, што там пакрысе нарастае. Я назіраю ў беларускім грамадзтве выразны рост пачуцьця патрэбы беларускай самастойнасьці, вартасьці існаваньня дзяржаўнасьці. Праблемы «тутэйшых» хіба ўжо няма, гэта стала гісторыяй, людзі атаясамліваюць сябе зь Беларусьсю. Думаю, што незалежна ад усіх умоваў працэс пэўнай нацыянальнай кансалідацыі і дэмакратызацыі няўхільны, яго не спыніць.

— Беларусь і Польшча гістарычна і культурна вельмі блізкія, не ваявалі ніколі між сабою, толькі дамаўляліся, уніі падпісвалі. Цяпер жа мы разьдзяліліся цывілізацыйна, мэнтальна, і гэта выглядае ненатуральным. У чым глыбінныя прычыны гэтага падзелу?

У Беларусі надалей адбываецца цывілізацыйнае падпарадкаваньне Расеі — культурнае і моўнае, а дадаткова гэтаму спрыяе неаўтакефальнае праваслаўе. І таму беларусам цяжэй, але гэта не безнадзейна. Зусім не.

— У многім гэта залежыць ад глыбіні рэштак савецкасьці, на якую Польшча паддалася не нагэтулькі, як Беларусь. Мы былі таксама пад даволі сурʼёзным яе ўплывам у часы СССР, і думаю, што наступствы гэтага яшчэ ня сышлі дарэшты. «Homo sovieticus» у нас усё ж такі адышоў, але і нашаму грамадзтву пачаткова было ня гэтак лёгка мяняцца, хоць і не настолькі цяжка, як у Беларусі. У Беларусі надалей адбываецца цывілізацыйнае падпарадкаваньне Расеі — культурнае і моўнае, а дадаткова гэтаму спрыяе неаўтакефальнае праваслаўе. І таму беларусам цяжэй, але гэта не безнадзейна. Зусім не. У нас на Беласточчыне ёсьць праваслаўныя вернікі, якія інтэграваліся ў грамадзтва заходняга тыпу. Думаю, што і Беларусь можа гэта зрабіць, калі грамадзяне фактычна захочуць, але трэба на гэта папрацаваць.

— Улады Беларусі хочуць, каб была эканамічная супраца з Польшчай, але каб пры гэтым тая не зважала на правы чалавека, на палітычную сытуацыю, на сумленнасьць выбараў. Ці магчыма, каб Польшча рабіла зь Беларусьсю бізнэс і не зьвяртала ўвагі на іншае?

— З нашага боку таксама ёсьць зацікаўленьне гандлем, эканамічны кантакт сапраўды можа адбывацца незалежна ад ідэалёгіі, але яго стрымлівае адсутнасьць спрыяльнага клімату і поўных гарантыяў выкананьня законаў. Часта можна сустрэць у СМІ думку, што незалежна ад падыходаў у палітыцы трэба старацца, каб былі добрыя дачыненьні паміж людзьмі, што ў нейкай ступені магчыма. Гэта падкрэсьліваюць абодва бакі. Але каб былі сапраўды добрыя дачыненьні, то, на маю думку, яны павінны быць станоўчымі ў цэлым.

— А ці могуць замяніць дзяржаўныя сувязі паміж уладамі Польшчы і Беларусі кантакты на ўзроўні грамадзкіх структураў, асобных актыўных людзей?

Сувязі ў навуцы, культуры і літаратуры і цяпер адбываюцца. Там, дзе людзі гэтага хочуць, ніякая дзяржава не перашкодзіць.

— Сувязі ў навуцы, культуры і літаратуры і цяпер адбываюцца. Там, дзе людзі гэтага хочуць, ніякая дзяржава не перашкодзіць. Калі ўлады ўзаемна спрыяюць, то, вядома, лягчэй. Да прыкладу, калі мы рыхтавалі навуковы праект па Браслаўшчыне, то нашыя беларускія супрацоўніцы змаглі браць у ім удзел толькі коштам свайго адпачынку, афіцыйнай згоды на дасьледчыя экспэдыцыі ў працоўны час ад сваіх акадэмічных уладаў яны не атрымалі. Потым, калі праца была апублікаваная, то для прэзэнтацыі нам далі залю ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, але фінансаваў сустрэчу Польскі інстытут. І я мела прыехаць на гэтую прэзэнтацыю ў 2012 годзе, але акурат тады ўлады Беларусі выслалі зь Менску Лешэка Шэрэпку, польскага амбасадара. То як я, былы амбасадар, паеду ў Менск, калі дзейны польскі амбасадар — persona non grata ў Беларусі? Я не паехала на знак пратэсту, напісала, што не магу прысутнічаць на прэзэнтацыі ў такіх умовах. Але ўсё прайшло добра, вельмі шмат людзей адрэагавала пазытыўна і цёпла, з разуменьнем праблемы.

Культурны, навуковы абмен можа замяніць міждзяржаўныя дачыненьні, і Польшча гэтаму спрыяе, бо гэтым трэба займацца, каб не парваліся людзкія стасункі. У гэты абмен ангажавалася і польская дзяржава. Тэлеканал «Белсат», стыпэндыі для студэнтаў, прытулак для былых беларускіх палітвязьняў — найлепшы доказ таму, што польская дзяржава зацікаўленая ў дэмакратызацыі і незалежнасьці Беларусі.

— Выкажыце, калі ласка, сваё бачаньне: як вы ўяўляеце адбудову польска-беларускіх дачыненьняў, як яны могуць выглядаць у найлепшым стане?

— Коратка кажучы, каб дачыненьні былі як з суседзкай сяброўскай краінай, у якой жывуць таксама нашыя суродзічы, людзі, што прызнаюцца ў прыналежнасьці да польскай нацыі, з краінай, у якой ёсьць нашыя пахаваньні, зь якой мы мелі супольную гісторыю, у якой не заціраецца тое, што было, і не ствараецца нейкі фальшывы вобраз Польшчы. З краінай, у якой будуецца канкрэтная ўласная культура і дзяржаўнасьць і зь якой мы знаходзім паразуменьне і супольныя эканамічныя інтарэсы. Гэта ўсё абумоўлена больш агульнай атмасфэрай. Трэба мець на ўвазе, што дачыненьні паміж Польшчай і Беларусьсю залежаць ня толькі ад нашых дзяржаваў, ня толькі ад людзей добрай волі, а ад шырэйшых, ня толькі рэгіянальных, палітычных і эканамічных умоваў, і трэба старацца наколькі мага карысна для абодвух бакоў знаходзіць сваё месца ў глябальнай палітыцы.

— Як вы думаеце, калі ўдасца адхіліць ад улады Аляксандра Лукашэнку, ці змогуць беларусы спадзявацца на польскае плячо падтрымкі, ці хутка ўдасца аднавіць нам нармальныя дачыненьні?

Беларусь жа цяпер разглядаюць на Захадзе як нейкую філію Расеі, якая сама дэкляруе, што хоча жыць у супольнасьці з тым усходнім абшарам, а не з заходнім.

— Усё залежыць ад таго, як беларусы будуць арганізоўвацца, наколькі зьмены грамадзкага, палітычнага і эканамічнага жыцьця пойдуць у кірунку рэформаў, праведзеных на Захадзе і ў нас. Наколькі новая ўлада пойдзе гэтым шляхам. Я лічу, што Польшча зацікаўленая ў тым, каб яе суседзі, як Літва, якая ўжо сябра Эўразьвязу, а таксама Беларусь і Ўкраіна, прэтэндавалі на далучэньне да эўрапейскай супольнасьці. Беларусь жа цяпер разглядаюць на Захадзе як нейкую філію Расеі, якая сама дэкляруе, што хоча жыць у супольнасьці з тым усходнім абшарам, а не з заходнім. Так што ад самой краіны, ад самой дзяржавы Беларусі перадусім залежыць, якую яна для сябе абярэ дарогу — эўрапейскую ці эўраазіяцкую.

Пасол беларушчыны ў Польшчы

Перастаўшы быць паслом Польшчы ў Беларусі, я буду паслом беларускай праблематыкі ў Польшчы.

Эльжбета Смулкова

Гэтыя словы пані Эльжбеты, сказаныя ў інтэрвію «Народнай газеце» пра вынікі дыпляматычнай місіі ў Менску, прагучалі і ў яе разьвітальным тосьце на прыёме 19 верасьня 1995 году з нагоды заканчэньня працы амбасадарам Польшчы ў Беларусі:

«Хацела б падкрэсьліць, што сярод дыпляматаў я займаю асаблівае становішча — калі перастану быць амбасадарам РП ў Беларусі, буду амбасадарам беларускай праблематыкі ў Польшчы, паколькі вярнуся да сваёй навуковай спэцыялізацыі беларусіста, прафэсара Варшаўскага ўнівэрсытэту».

Праз 20 гадоў я задаў пані амбасадару кароткае пытаньне з гэтай нагоды: «Ці ўдалося? Ці ўдалося вам стаць „паслом беларускай праблематыкі ў Польшчы“?»

Прафэсар Эльжбета Смулкова з калектывам Катэдры беларускай культуры Ўнівэрсытэту ў Беластоку, 1999

Прафэсар Эльжбета Смулкова з калектывам Катэдры беларускай культуры Ўнівэрсытэту ў Беластоку, 1999

«Удалося, — упэўнена адказала пані Эльжбета. — Так, я ж вярнулася ў Варшаўскі ўнівэрсытэт, дзе адразу стварыла курс інфармацыі пра сучасную Беларусь. І на гэтыя лекцыі прыходзіла поўная вялікая заля людзей, розныя людзі, ня толькі студэнты. Потым арганізавала сэмінар з сацыялінгвістычнай праблематыкі, на які прыходзілі ня толькі польскія студэнты, але і стыпэндыяты зь Беларусі, быў таксама адзін студэнт з ЗША, кітаец і японец прыходзілі. Гэты японец увогуле хадзіў 5 гадоў на ўсе мае сэмінары.

Потым мяне паклікалі стаць сябрам навуковай рады Фундацыі дапамогі палякам на Ўсходзе, я там была экспэртам у беларускай праблематыцы. Для дапамогі палякам за мяжой трэба ведаць, у якіх умовах яны там жывуць, і я была ў гэтай радзе шмат гадоў — ад прыезду зь Менску ў 1995м і зь невялікім перапынкам да 2014 году. Час ад часу мяне запрашалі таксама і ў МЗС Польшчы як экспэрта ў беларускай праблематыцы, таксама да самых апошніх гадоў, яшчэ летась я там была, адказвала на розныя пытаньні, выказвала свае погляды. А яшчэ былі публікацыі і супраца па тэматыцы памежжа з маладымі беларускімі навукоўцамі, сумесныя навуковыя экспэдыцыі і публікацыі — гэта ўсё датычыць Беларусі. Мяркую, маю права сказаць, што выканала абяцаньне.

Апрача таго, я сябра журы Прэміі імя Льва Сапегі, створанай і прафінансаванай пяцьцю ўнівэрсытэтамі Польшчы (Беласток, Варшава, Уроцлаў, Кракаў, Познань). На год мы запрашаем чалавека, які зьвязаны з навукай альбо бібліятэчнамузэйнай справай і займаецца адначасова пэўнай дзейнасьцю на карысьць нацыянальнага адраджэньня Беларусі. Было ўжо дзесяць такіх гадавых стыпэндыяў, цяпер чакаем новых кандыдатураў. Стыпэндыі дазваляюць навукоўцам па два месяцы займацца ў кожным з названых польскіх унівэрсытэтаў і прачытаць некалькі лекцыяў пра Беларусь. Такім чынам гэтая ўзнагарода спрыяе таксама пашырэньню ў Польшчы ведаў пра Беларусь».

Разнастайная дзейнасьць пані Эльжбеты для навукі і міжнароднага супрацоўніцтва была адзначаная польскаю дзяржаваю.

Аляксандар Квасьнеўскі ўручае ордэн Эльжбеце Смулковай

Аляксандар Квасьнеўскі ўручае ордэн Эльжбеце Смулковай

Прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі (н. 1954) у 2005 годзе ўручыў ёй Кавалерскі крыж ордэну Адраджэньня Польшчы, яе сыбірскі пэрыяд жыцьця і наладжваньне стасункаў з польскай дыяспарай у Сыбіру былі адзначаныя крыжам «Ссыльным Сыбіру» (2009), пасьведчаньне да якога падпісаў прэзыдэнт Лех Качыньскі. Акрамя таго, беластоцкія гарадзкія ўлады ўганаравалі яе срэбнай і залатой адзнакамі «Заслужаны для Беласточчыны». У 1994 годзе ў Нясьвіжы пані Эльжбета была ўшанаваная знакам «Камандорыя з зоркай» рыцарскага ордэну Сьвятога Юрʼя Пакутніка.

Ордэн Адраджэньня Польшчы

Ордэн Адраджэньня Польшчы

Беларусь жа пакуль ніяк афіцыйна не адзначыла плённую дзейнасьць прафэсара Эльжбеты Смулковай на ніве беларусістыкі і наладжваньня двухбаковых сувязяў. Але пані Смулкова на гэты конт ня мае прэтэнзіяў:

«У Беларусі мяне адзначылі добрым словам. А гэта вельмі важна. Праўда, неяк годзе ў 1997м была мне прапанова стаць замежным сябрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Мяне гэта ўзрадавала, не магу сказаць, што не. І думаю, што абʼектыўна гэта ў нейкай ступені было належным і заслужаным. І рэч ня толькі ў стосе беларусазнаўчых кніжак, але і ў дзейнасьці, кантактах, арганізацыйнай і дыдактычнай працы. Я падрыхтавала і паслала патрэбныя дакумэнты — і на гэтым усё скончылася. Потым неафіцыйна атрымала толькі вусную інфармацыю, што „не прайшло“ на найвышэйшым узроўні».

Гэта вельмі кантрастуе са стаўленьнем польскай дзяржавы да беларускага навукоўца, сябра Эльжбеты Смулковай, Вячаслава Вярэніча, які дасьледаваў польскія гаворкі ў Беларусі ды іншых краінах былога СССР. Стасоўна польскасьці ў Беларусі ён займаўся тым самым, над чым пані Эльжбета працавала на ніве беларушчыны ў Польшчы. Вячаслава Вярэніча запрасілі ў сябры Польскага мовазнаўчага таварыства, у 1992 годзе яго абралі замежным сябрам Польскай акадэміі навук у Кракаве (Polska Akademia Umiejętności). Таксама ён атрымаў залатую адзнаку Заслужанага для польскай культуры.

Эльжбета Смулкова ўручае польскія ордэны Вячаславу Вярэнічу і Адаму Мальдзісу

Эльжбета Смулкова ўручае польскія ордэны Вячаславу Вярэнічу і Адаму Мальдзісу

У 1993 годзе амбасадар Польшчы ў Менску Эльжбета Смулкова асабіста ўручыла беларускаму мовазнаўцу Вячаславу Вярэнічу Кавалерскі крыж ордэну Адраджэньня Польшчы.

Пасьля раптоўнай сьмерці беларускага дасьледніка ў Польшчы дапамаглі падрыхтаваць і выдаць вялікі і надзвычай каштоўны збор матэрыялаў, сабраных ім на сваёй радзіме — «Палескі архіў», і Эльжбета Смулкова была адным з рэдактараў гэтага ўнікальнага выданьня.

У канцы майго вялікага інтэрвію з Эльжбетай Смулковай, якое доўжылася 8 дзён, з 14 па 21 сьнежня 2014 году, і якое пакладзена ў аснову гэтай кнігі, я папрасіў яе падвесьці найважнейшыя вынікі са свайго надзвычай актыўнага і насычанага жыцьця, сказаць, што самае галоўнае яна пазнала.

Пані Эльжбета адказала:

— Я пазнала смак навуковай і арганізацыйнай дзейнасьці. Я іначай ужо ня ўмею жыць. Гэта вельмі цікава, гэта захапляе, уцягвае. Дойдзеш да нейкай ступені ведаў і пачынаеш «рыць» глыбей. І, відаць, не даходзіш да нейкага дна. Ніколі. Заўсёды застаецца нешта, што можна яшчэ зрабіць, калі б хапіла часу. Я цаню ў сабе, што я не пайшла такім шляхам, якім многія навукоўцы ідуць: выбралі адну дысцыпліну і далей заглыбляюцца ў яе, ня бачачы таго, што побач. Для мяне любая праблематыка, зьвязаная з мовай, зьвязаная найперш з чалавекам, мяне гэты чалавек цікавіць, розныя бакі і праблемы ягонага жыцьця, ягонае асяродзьдзе, тоеснасьць. Думаю, тое, што я адышла ад чыста лінгвістычных праблемаў да праблематыкі памежжа,— гэта найлепшы доказ таму, што кажу.

Эльжбета Смулкова ў дыялекталягічнай экспэдыцыі на Мазыршчыне, 2000-я гады

Эльжбета Смулкова ў дыялекталягічнай экспэдыцыі на Мазыршчыне, 2000-я гады

Моўная праблематыка памежжа зьвязаная зь іншымі дысцыплінамі: з гісторыяй, палітыкай, эканомікай, з сацыяльна-псыхалягічнай праблематыкай, у тым ліку з праблемамі самаідэнтыфікацыі. Гэтая інтэрдысцыплінарнасць узбагачае лінгвістычныя дасьледаваньні. Гэта вялікае багацьце, якое вынікае з таго, што побач жывуць людзі, якія выйшлі з розных каранёў, і што яны ў рэшце рэшт бачаць, што незалежна ад іх адрозьненьняў ці то ў веры, ці то ў штодзённай культуры сутнасьць іхнага жыцьця будзе адзіная — агульначалавечая. І таму ўва мне аўтэнтычна сядзіць супрацьстаяньне ўсялякім падзелам, магчыма, не ўсялякім, але, несумненна, многім, разьдзіраньню на кавалкі аднае коўдры. І магчыма, што гэта дапамагае ў разуменьні іншых народаў.

Чаго мне шкада? Шкада, што гісторыя мала чаму вучыць людзей, што гэтулькі глупстваў, памылак, злачынстваў паўтараецца ў той ці іншай частцы сьвету незалежна ад нашага досьведу. Жыцьцё маіх бацькоў, маё жыцьцё прынесла такі досьвед, што ўжо нашая моладзь, здавалася б, павінна быць дасьведчанай таксама. А яны мала пытаюць, іх гэта ня надта цікавіць. Яны будуць рабіць свае памылкі, іншыя — дай Божа, каб ня тыя самыя. Ва ўсясьветным палітычным маштабе можна было б розных рэчаў пазьбегнуць, калі б было менш злосьці, менш заўзятасьці, больш адкрытасьці, больш жаданьня зразумець другога. Думаю, што самому хрысьціянству трэба трошкі ўзяцца ў рукі і зрэфармаваць многае ў кірунку большай духоўнасьці, а меншага цырыманіялу.

Вялікая адказнасьць у нашым сьвеце ляжыць на інтэлектуалах. На жаль, не заўсёды этычны ўзровень грамадзтва расьце з памнажэньнем ведаў. Але калі ўжо знойдуцца асобы, заглыбленыя ў праблематыку філязофіі ды здольныя пісаць і зацікавіць іншых, то яны могуць пашыраць ідэі, што спрыяюць разьвіцьцю маральнага ўзроўню людзей. Гэта можна паказаць на прыкладзе найвыдатнейшых людзей — такіх, як Ян Павал ІІ ці польскія філёзафы Стэфан Сьвежаўскі [1907–2004] і Лешэк Калакоўскі [1927–2009], якія ангажаваліся таксама ў дзяржаўную праблематыку. Падчас нашых ідэалягічных пераваротаў, у часы Салідарнасьці, каля Леха Валэнсы былі разумныя людзі. Яго падтрымліваў цэлы штаб розумаў.

Эльжбета Смулкова і папа Ян Павел Другі. Рым, 1990

Эльжбета Смулкова і папа Ян Павел Другі. Рым, 1990

Думаю, што бяда нашых сучасных дзяржаўных і навуковых установаў у тым, што апошнімі гадамі стала бракаваць аўтарытэтных інтэлектуалаў, якім можна паверыць, бо маюць сьветлую думку, умеюць прадугледзець і заплянаваць. Хаця б праблема выбараў. Ідзеш на выбары і ня надта ведаеш, за каго галасаваць. Такія выбары становяцца выбарам меншага зла, а не чагосьці найлепшага. Гэта нейкі агульны крызыс, ён датычыць ня толькі нашых краінаў, гэта ўсясьветны працэс. Ідзе нейкае зьніжэньне этасу, не здурненьне, розуму яшчэ не адняло, але агульны ўзровень людзей неяк занепадае, асабліва тых, хто наверсе, хто прымае рашэньні, я кажу менавіта пра эліты.

Я ж заўсёды ў жыцьці старалася ставіць націск на вартасьці незалежнасьці — ня толькі дзяржаўнай, але і інтэлектуальнай.

— А ці адчулі вы смак Беларусі?

— Вядома. Навошта б я ёю столькі займалася, калі б была толькі горыч. Ясна, што так. Вельмі многае залежыць ад акалічнасьцяў, у якіх чалавек пазнае новае. Мы ўспаміналі прафэсара Галіну Турскую, гаварылі пра яе вялікія якасьці, вартасьць яе лекцыяў. Факт, што яна мяне накіравала ў гэты бок, несумненна, меў значэньне, бо я мела вялікую павагу да гэтай жанчыны, да яе лёсу. Гэта быў адзін з найцікавейшых людзей, якіх я сустрэла як студэнтка. Гэты чалавек траціць пасаду, яго выжываюць з унівэрсытэту, а мы пры кожным яе інфаркце ўжо баяліся, што яна нас пакідае. Яна перажыла пры нас некалькі гэтых інфарктаў. І менавіта яна cкіроўвае мяне на Беласточчыну, і я еду з перакананьнем, што павінна там нешта цікавае знайсьці, вартаснае, бо іначай яна мяне туды не пасылала б.

Для мяне ўсё там, на Беласточчыне, было новае: і лад жыцьця людзей, і тое, што там з аднымі людзьмі я магу гаварыць па-польску, а іншыя ня надта мяне разумеюць. Важна тое, што мне было цікава пазнаваць гэтых людзей. Яны з уласнай ініцыятывы многае пра сябе расказвалі, і я знаёмілася празь іх зь беларушчынай.

Эльжбета Смулкова ў дыялекталягічнай экспэдыцыі на Беласточчыне, 1960-я гады

Эльжбета Смулкова ў дыялекталягічнай экспэдыцыі на Беласточчыне, 1960-я гады

Я ня толькі магнітафон насіла з сабою, а і цэлую аптэчку. Колькі я там ног абмыла і перавязала! Многія вясковыя жанчыны тады мелі нейкую экзэму на нагах. Я пабачыла, што гэтыя людзі аўтэнтычна добрыя. Калі нават мяне спаткала не адна прыкрасьць з боку беларусаў, то ад беларусаў больш высокага ўзроўню; ад простага чалавека ніколі нічога кепскага я ня мела ані ў Беларусі, ані на Беласточчыне. Для мяне надзвычай актуальны лёзунг «Беларусь—Дабрарусь» польскага пісьменьніка Тадэвуша Канвіцкага [1926–2015]. Добрым словам я згадваю і кантакты з Інстытутам мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі, які быў вельмі карысны для мяне, і там мяне прынялі зь сяброўскім зацікаўленьнем і натуральнай чалавечай падтрымкай.

Я для сябе выразна разьмежавала так званую афіцыйную Беларусь ад Беларусі аўтэнтычнай, чалавечай. Афіцыйная «ўніформа» краіны для мяне ад пачатку была ня вельмі важная. А істотным было тое, што людзі робяць цікавую карысную працу, захоўваюць помнікі, дасьледуюць тэмы, якія іх цікавяць, хочуць рабіць гэта ўсурʼёз і ў іх гэта атрымліваецца. Наагул тое, што я пазнавала Беларусь спачатку як дыялектоляг і перадусім мела знаёмствы з людзьмі, зьвязанымі з навукай, напэўна, дапамагло мне пазьней і ў афіцыйных кантактах.

Хачу таксама сказаць, што нашыя паводзіны залежаць ад розных дадатковых чыньнікаў, яны абумоўленыя сытуацыяй, сямейнай у тым ліку. Калі б мой муж Віктар Смулэк быў іншы, я б гэтага ўсяго не зрабіла. Колькі ён мне дапамог! Нашая сувязь абапіралася на глыбокім даверы і ўзаемнай дапамозе. Трэба падкрэсьліць значэньне сямейнага спакою і цеплыні, якія я мела заўсёды. Мала хто вытрымаў бы такую жонку, занятую іншымі справамі.

Валер Каліноўскі, Эльжбета Смулкова, Віктар Смулэк. Сьнежань 2014 году. Здымак зроблены пасьля інтэрвію ў доме Смулэкаў у Варшаве

Валер Каліноўскі, Эльжбета Смулкова, Віктар Смулэк. Сьнежань 2014 году. Здымак зроблены пасьля інтэрвію ў доме Смулэкаў у Варшаве

Муж пані Эльжбеты Віктар Смулэк, спэцыяліст у ядзернай хіміі, які з 1952 году ўносіў у яе жыцьцё дабрыню і спакой, памёр 13 красавіка 2015 году пасьля цяжкай хваробы. Пахаваны на Бруднаўскіх могілках Варшавы, там жа, дзе пахаваная і маці пані Эльжбеты Яніна Баранова.

...У доме пані Эльжбеты сабраны вялікі кнігазбор па беларусістыцы, мовазнаўстве, гісторыі, этнаграфіі, культуры, у ёй можна знайсьці надзвычай рэдкія навуковыя выданьні, слоўнікі, аўтарскія манаграфіі, даведкавую літаратуру, часопісы, энцыкляпэдыі, мастацкія творы, кнігі пра Беларусь, якія выдаваліся ў Польшчы, Францыі, іншых краінах. Пані прафэсар зьбіраецца перадаць гэтую ўнікальную бібліятэку ў Інстытут славяназнаўства Польскай акадэміі навук, каб служыла новым дасьледнікам Беларусі, у тым ліку яе вучням.

Кнігі пані Эльжбеты Смулковай

Кнігі пані Эльжбеты Смулковай

Кніга пані Эльжбеты Смулковай па аграрнай лексыцы

Кніга пані Эльжбеты Смулковай па аграрнай лексыцы

XS
SM
MD
LG