Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Масква з рэўнасьцю глядзела на польска-беларускі дыялёг


Лех Валэнса, Эльжбета Смулкова і Зянон Пазьняк

Лех Валэнса, Эльжбета Смулкова і Зянон Пазьняк

Да 85-годзьдзя знанай беларусістскі, былой кіраўніцы катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту і катэдры беларускай культуры Ўнівэрсытэту ў Беластоку, першага амбасадара Польшчы ў Беларусі Эльжбеты Смулковай друкуем некаторыя разьдзелы кнігі журналіста Радыё Свабода Валера Каліноўскага «Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязьні».

Рамантычны пэрыяд у дачыненьнях Менску і Варшавы

Цяпер, з адлегласьці часу, бачу, як шчасьліва склалася, што першым амбасадарам РП ў Рэспубліцы Беларусь стала мовазнаўца і шматгадовая дасьледніца гэтай краіны. Жартам можна было б сказаць, што ў афіцыйных і неафіцыйных размовах, як у Польшчы, так і ў Беларусі, мне дадавала адвагі пачуцьцё, што «за мной стаіць народ», гэта значыць Беларусь, пазнаная зьнізу, «ад каранёў» — як вёска, так і горад, многія беларускія семʼі, якія я ведала асабіста. Падчас амбасадарскай працы я вучылася новаму абліччу Беларусі, таму, што над тым «народам» як вялікая шапка: яна часам пасуе, часам цісьне, а часам зусім неадпаведная.

Эльжбета Смулкова

Эльжбета Смулкова. Фотажыцьцяпіс. Фотагалерэя цалкам у вялікім памеры тут

Час працы Эльжбеты Смулковай амбасадарам у Менску быў вельмі насычаны значнымі падзеямі ў двухбаковых дачыненьнях Беларусі і Польшчы, гэта быў пэрыяд інтэнсіўнага абмену візытамі на найвышэйшым узроўні, падпісаньня дамоваў і пагадненьняў, якія стваралі базу для двухбаковых дачыненьняў.

«Умовы маёй працы і працы цяперашняга амбасадара — гэта дзьве розныя гісторыі», — жартуе пані Эльжбета. І дадае бяз жарту: «Я вельмі сурʼёзна ставілася да сваёй працы амбасадара ў Беларусі, што прынесла мне пэўнае задавальненьне».

Эльжбета Смулкова

Эльжбета Смулкова

Толькі за 1992 год — першы год працы ў якасьці амбасадара ў Беларусі — пані Смулкова ўдзельнічала ў арганізацыі двух візытаў у Менск прэмʼерміністраў Яна Кшыштафа Белецкага (н. 1951) і Ганны Сухоцкай (н. 1946), візытаў у Польшчу беларускага прэмʼера Вячаслава Кебіча і старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, візытаў у Беларусь трох дэлегацыяў Сэйму Польшчы і дзьвюх — Сэнату, візытаў міністраў замежных справаў і кіраўнікоў іншых ведамстваў.

23 чэрвеня 1992 году ў Варшаве Станіслаў Шушкевіч і Лех Валэнса падпісалі двухбаковую Дамову аб добрасуседзтве і прыязным супрацоўніцтве (Traktat między Rzecząpospolitą Polską a Republiką Białoruś o dobrym sąsiedztwie i przyjaznej współpracy).

Дамова, дзейная дагэтуль, складаецца з 29 артыкулаў і прысьвечаная найважнейшым галінам двухбаковай супрацы. Пані Эльжбета ўдзельнічала ў яе падрыхтоўцы як дыплямат і як лінгвіст. У прэамбуле Дамовы адзначалася этнічная і культурная блізкасьць беларускага і польскага народаў і супольная гісторыя, якую «ў вялікай ступені» маюць Беларусь і Польшча.

Дамова абавязвае дзьве дзяржавы фармаваць дачыненьні на прынцыпах узаемнай павагі, добрасуседзтва і партнэрства, яна пацьвердзіла непарушнасьць межаў, зазначана, што бакі ня маюць і ня будуць мець тэрытарыяльных прэтэнзіяў адзін да другога. Беларусь і Польшча дамовіліся таксама пра неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы, пра павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў, пра выкананьне міжнародных прынцыпаў і стандартаў у пытаньні абароны правоў нацыянальных меншасьцяў.

Важнай падзеяй быў візыт у Беларусь кіраўніцы ўраду Польшчы Ганны Сухоцкай 18–19 лістапада 1992 году.

«Яго мэтай было далейшае разьвіцьцё польска-беларускіх палітычных кантактаў і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама абмеркаваньне сытуацыі нацыянальных меншасьцяў у абедзьвюх дзяржавах. Былі падпісаныя Дамова аб адмове ад падвойнага падаткаабкладаньня, Дамова аб тэхнічным і тэхналягічным супрацоўніцтве і Дэклярацыя аб культурным і навуковым супрацоўніцтве».

У часе візыту прэмʼер Ганна Сухоцка засьведчыла, што Польшча падтрымлівае сувэрэнную Беларусь. Некаторыя дэталі гэтых перамоваў выклікалі раздражненьне ў Маскве. Расейская газэта «Известия» напісала, што Сухоцка нібыта выказала занепакоенасьць супрацаю паміж Беларусьсю і Расеяй.

Ганна Сухоцка

Ганна Сухоцка

Ужо вярнуўшыся ў Варшаву, прэмʼер Ганна Сухоцка заявіла пра зьмест перамоваў у Менску:

«...мы зацікаўленыя, каб Беларусь была цалкам сувэрэннай дзяржавай, і ...нам важна, каб Польшча была краінай, празь якую Беларусь ідзе ў Эўропу».

У часе перамоваў спадарыня Сухоцка спытала беларускі бок, як у гэтым кантэксьце інтэрпрэтаваць падпісаньне каля дваццаці пагадненьняў паміж Беларусьсю і Расеяй. Беларускія кіраўнікі на гэта адказалі Г. Сухоцкай, што такія самыя дамовы будуць падпісаныя і з Польшчай.

Цягам працы Эльжбеты Смулковай на пасадзе амбасадара, да верасьня 1995 году, паміж Беларусьсю і Польшчай было падпісана 40 дамоваў, якія сталі грунтоўнай базай для супрацы Беларусі і Польшчы ва ўсіх галінах.

«Дзякуючы гэтым кантактам найвышэйшыя чыноўнікі абедзьвюх краін знаёміліся з праблематыкай, стваралася спрыяльная атмасфэра для далейшых кантактаў, рэалізацыі праўных палажэньняў, што былі падпісаныя. У той жа час былі канкрэтныя вынікі гэтых перамоваў, як адкрыцьцё польскіх клясаў у Горадні і Ваўкавыску або перадача варшаўскай Палітэхнікай пляну дому Тадэвуша Касьцюшкі [1746–1817] у Мерачоўшчыне для яго рэстаўрацыі. Былі асобныя абмены архіўнымі каштоўнасьцямі, важныя пагадненьні аб навуковай супрацы.

Праблема Чарнобылю моцна займала нашую ўвагу. І з навуковага боку — пагатоў што мой муж, Віктар Смулэк,— спэцыяліст у ядзернай хіміі. Зь ягонай ініцыятывы польскі Інстытут ядзернай энэргіі ў рамках супрацы зь Беларусьсю стварыў і перадаў у Пінск стацыянарную прыладу вымярэньня радыяцыйнага фону. І дзеля аздараўленьня дзяцей. У Польшчы былі аздароўленыя тысячы беларускіх дзяцей. Гэта было ня так проста, калі дзеткі былі зь дзіцячых дамоў. Яны гэтак прыжываліся да семʼяў, у якіх аздараўляліся, што польскія „бацькі“ хацелі іх усынавіць, а беларускія ўлады не давалі згоды. Гэта было балючай праблемай. У некаторых выпадках удавалася вырашыць на карысць дзяцей, а ў некаторых — не, і я сама бачыла трагедыю і гэтых людзей, і дзіцяці, якое забіраюць ад тых, хто яго любіць», — згадвае пані Эльжбета тыя падзеі.

Яна сьведчыць, што, нягледзячы на цяжкасьці, гэта быў пазытыўны пэрыяд у дачыненьнях Варшавы і Менску, што імкліва пашыраліся кантакты Беларусі і Польшчы ў самых розных галінах.

У Беларусі ў той час пабывалі ўсе прэмʼеры і міністры замежных справаў Польшчы, якія часта мяняліся, маршалкі Сэйму, многія галіновыя міністры, у тым ліку абароны, унутраных справаў, культуры, адукацыі. У якасьці кіраўніка Найвышэйшай кантрольнай палаты (Najwyższa Izba Kontroli) у Беларусь прыяжджаў будучы прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі (1949–2010), які пазьней трагічна загінуў у авіякатастрофе ў Смаленску.

Ці не найбольш яскравым з усіх быў прыезд у Беларусь з афіцыйным візытам прэзыдэнта Польшчы Леха Валэнсы 28–29 чэрвеня 1993 году.

Вячаслаў Кебіч, Станіслаў Шушкевіч, Лех Валэнса, Эльжбета Смулкова, Данута Валэнса на ўрачыстым прыёме з нагоды візыту польскага прэзыдэнта ў Менск

Вячаслаў Кебіч, Станіслаў Шушкевіч, Лех Валэнса, Эльжбета Смулкова, Данута Валэнса на ўрачыстым прыёме з нагоды візыту польскага прэзыдэнта ў Менск

Прыезд прэзыдэнта сваёй краіны ў краіну прызначэньня — значная падзея для амбасадара, таксама як і візыт кіраўніка краіны прызначэньня ў сваю краіну. З польскіх амбасадараў у Беларусі гэта змагла перажыць толькі Эльжбета Смулкова, іншыя такой аказіі ўжо ня мелі праз рэзкае пагаршэньне двухбаковых дачыненьняў. Эльжбета Смулкова суправаджала прэзыдэнта Леха Валэнсу падчас візыту ў Беларусь ў 1993 годзе, а таксама старшыню Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча падчас ягонага візыту ў Польшчу ў 1992 годзе.

Беларусы вітаюць польскага прэзыдэнта

Беларусы вітаюць польскага прэзыдэнта

Прэзыдэнта Леха Валэнсу ў Беларусі ўспрымалі вельмі цёпла. Людзі выходзілі на менскія вуліцы з транспарантамі й польскімі сьцяжкамі. Польскі лідэр меў сустрэчы ў высокіх кабінэтах і на вуліцах, з герархамі каталіцкага касьцёлу і праваслаўнай царквы, з прадстаўнікамі польскай меншасьці, вясковыя жанчыны выносілі яму пірагі, а вернікі каля заслаўскага касьцёла кідалі яму пад ногі кветкі.

Лех Валэнса з жонкай Данутай і кардынал Казімер Сьвёнтэк

Лех Валэнса з жонкай Данутай і кардынал Казімер Сьвёнтэк

Пані Эльжбета прыгадвае пазытыўную атмасфэру таго візыту:

«Леха Валэнсу ў часе яго візыту ўспрымалі ў Беларусі як блізкага чалавека, рабочага, і ён гэтаксама ставіўся да людзей. Падчас візыту ў Беларусі ён быў вельмі адэкватным, усе размовы, якія хацеў, правёў, многае зрабіў для польскай меншасьці, цікавіўся Беларусьсю, крыху сапраўды пазнаёміўся зь ёю і потым адпаведна гаварыў пра Беларусь у Польшчы. Прытым ён у такой натуральнай гутарцы, за чаркай, мог нашмат больш сказаць беларускім кіраўнікам. Сярод іншага я была вельмі радая, што ён па-мужчынску пагаварыў зь міністрам замежных справаў Беларусі Пятром Краўчанкам [н. 1950], зь якім мне бывала нялёгка».

Прэзыдэнт Лех Валэнса сустракаецца зь беларускім праваслаўным мітрапалітам Філарэтам

Прэзыдэнт Лех Валэнса сустракаецца зь беларускім праваслаўным мітрапалітам Філарэтам

Графік візыту польскага прэзыдэнта ў Беларусь быў вельмі напружаны, працягвае пані амбасадар:

«У Валэнсы былі шырокія кантакты зь людзьмі ў Беларусі. З нагоды ягонага візыту мы зрабілі прыём у садзе амбасады, было шмат гасьцей, прэзыдэнт хадзіў, размаўляў зь імі. Атмасфэра была вельмі добрая, сяброўская. Пасьля гэтага візыту дачыненьні Беларусі і Польшчы істотна палепшыліся і далей пайшлі ў добрым кірунку».

У праграме візыту Леха Валэнсы было наведваньне Курапатаў, дзе яго суправаджаў Зянон Пазьняк (н. 1944) як дасьледнік і аўтар публікацыяў пра Курапаты. Там Лех Валэнса з жонкай Данутай (н. 1949) паклалі вянкі да крыжа «Пакутнікам Беларусі» і да крыжа польскім ахвярам.

Як згадвае пані Эльжбета, у размове з Пазьняком Валэнса казаў, што хоча дапамагчы ва ўсталяваньні помніка ў Курапатах на месцы, дзе дагэтуль стаіць камень з мэмарыяльнай шыльдай, на якой пазначана, што тут згодна з пастановай ураду БССР ад 1989 году мае быць пастаўлены помнік ахвярам масавых рэпрэсіяў 1937–1941 гадоў.

«Валэнса гатовы быў дапамагчы матэрыяльна і спытаўся, як будзе выглядаць гэты помнік і колькі сродкаў трэба. Пазьней ён чакаў гэтую інфармацыю, праз амбасаду перапытвалі, але адказу не было, — згадвае пані Эльжбета. — Беларусь і Польшча маглі б зрабіць болей, калі б абодва бакі мелі больш даверу ў дачыненьнях паміж сабою і дзейнічалі больш актыўна, хаця і так шмат што пайшло наперад у двухбаковых дачыненьнях».

Пані Эльжбета была знаёмая з Валэнсам з часоў «Салідарнасьці» і заўсёды мела пра яго добрую думку як пра чалавека, які разбурыў камунізм, можа, часам не зусім добра падрыхтаванага да выкананьня прэзыдэнцкіх абавязкаў, але шчырага і з выдатнай інтуіцыяй.

Перакладнікам Леха Валэнсы ў той паездцы быў вядомы гісторык польскі беларус Алег Латышонак, таксама былы актывіст «Салідарнасьці». Алег Латышонак у інтэрвію Радыё Свабода згадаў адзін момант сваёй перакладніцкай працы падчас выніковай прэсавай канфэрэнцыі Леха Валэнсы і Станіслава Шушкевіча:

Алег Латышонак

Алег Латышонак

«Тады якраз амэрыканцы збамбардавалі Багдад. І журналісты пачалі пытаць як спадара Шушкевіча, так і прэзыдэнта Валэнсу, як яны ставяцца да гэтага факту. Спадар Шушкевіч адказаў, што ведае столькі, колькі перадае тэлебачаньне, дык нічога ня скажа. А прэзыдэнт Валэнса кажа: „А ja powiem...“ (А я скажу). Пярэпалах у яго атачэньні — што ён скажа. Бо прэзыдэнт Валэнса быў вядомы тым, што можа нешта нечаканае сказаць, і да таго ж зьяўляўся пострахам усіх перакладнікаў, якія ніколі ня ведалі, што трэба будзе перакладаць.

Прэзыдэнт Валэнса вельмі доўга гаварыў, і яго думка была такая, што павінны быць нейкія міжнародныя ўзброеныя сілы, якія б у выніку міжнародных пагадненьняў наводзілі б парадак. Але так гэтую думку шырока ілюстраваў рознымі прыкладамі, што нарэшце дайшоў да такога сказу, які я запомню на ўсё жыцьцё.

Ён сказаў: „Bo taki Indianin w rezerwacie zrzuci portki, skoczy przez płot, і jemu nic. A nas by komary zagryzły“. Я думаю: „О Божа!“. Перакладаць, не перакладаць? Але баяўся, бо калі раз скараціў яго выказваньне, прэзыдэнт сказаў: „O, słyszę, ze mój tłumacz mnie skraca“.

Гляджу — ніхто не дае мне ніякага знаку, дык пачынаю перакладаць, і замест таго каб „w rezerwacie“ перакласьці „у рэзэрвацыі“, то сказаў „у рэзэрвуары“, і ўся заля сьмяецца. А я не разумею, чаму сьмяюцца. Беларускі перакладнік падказаў: „У рэзэрвацыі...“ Толькі тады я зразумеў, што гавару.

А вынік усяго гэтага быў такі, што прэзыдэнт Валэнса на канец сказаў, што кепска было б, каб нехта адчуў сябе жандарам сьвету, і ўсе журналісты пабеглі падаваць вестку, што прэзыдэнт Валэнса скрытыкаваў амэрыканцаў. Я дачакаўся толькі, што ў прэсе напісалі: відаць, прэзыдэнт сказаў нешта, а пэўне ж, перакладнік меў кепскі дзень».

Той візыт несумненна паўплываў на тое, што Валэнса надалей цікавіцца Беларусьсю, выступае з заявамі ў падтрымку беларускай незалежнасьці, дэмакратыі, правоў чалавека, а ў 2012 годзе ён перадаў жонцы зьняволенага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага Натальлі Пінчук прэмію свайго імя. Прэміяй Леха Валэнсы Алесь Бяляцкі быў узнагароджаны за «абарону правоў чалавека і дапамогу людзям, якіх перасьледуюць цяперашнія ўлады Беларусі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG