Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Каліноўскі: Найбольш пані Эльжбеце запомніўся беларускі Дзень Волі


Выйшла ў сьвет кніга пра Эльжбету Смулэк (Эльжбету Смулкову) — першага амбасадара Польшчы ў незалежнай Беларусі і пажыцьцёвага пасла беларушчыны ў Варшаве. Аўтар кнігі Валер Каліноўскі — госьцем перадачы.

Міхась Скобла

Міхась Скобла

— Валер, гераіня тваёй кнігі прызнаецца, што вырасла ў польскай сям’і ў Львове сярод палякаў, украінцаў, габрэяў і немцаў. Адкуль жа ў яе зьявілася такая цікавасьць да беларушчыны?

Валер Каліноўскі

Валер Каліноўскі

— Цікавасьць да беларушчыны прышчапілі ёй дзьве настаўніцы. Галіна Турска, выбітны філёляг з Торуньскага ўнівэрсытэту, дзе навучалася Эльжбета Смулэк, накіравала яе ў дыялекталягічную экспэдыцыю на Беласточчыну. Там яна ўпершыню і сутыкнулася зь беларускай мовай. Другая яе настаўніца — Антаніна Абрэмска-Яблоньска — стваральніца катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту і, фактычна, польскага беларусазнаўства. Дарэчы, яе бацька ў пятнаццацігадовым узросьце ўдзельнічаў у якасьці сувязнога ў паўстаньні Каліноўскага, быў паранены. І ўжо ў даволі позьнім узросьце ў яго нарадзілася дачка Антаніна, якая, на маю думку, заслугоўвае асобнай кніжкі і помніка ў Менску. Яна і была галоўным настаўнікам і правадніком пані Эльжбеты ў беларушчыну. З таго часу яе захапленьне беларушчынай толькі ўзмацнялася, і ўрэшце яна дасягнула на беларускай ніве сапраўды вялікіх вынікаў.

— Беларусь за дваццаць пяць гадоў незалежнасьці пабачыла ўжо не адну сотню амбасадараў. Звычайна, пасьля пераводу ў іншую краіну яны забывалі пра Беларусь, а Беларусь пра іх. Эльжбета Смулэк — адзін з выняткаў з гэтага правіла. Чым ёй запомніліся гады, калі яна прадстаўляла тут Польшчу?

Эльжбета Смулкова

Эльжбета Смулкова

— Я пытаўся пра самыя яркія моманты, якія засталіся ў яе памяці. Адзін зь іх — прыезд у 1993 годзе ў Беларусь Леха Валэнсы, тагачаснага прэзыдэнта Польшчы. Гэта быў вельмі цікавы і насычаны візыт. Другі — візыт кіраўніка Беларусі Станіслава Шушкевіча ў Варшаву. Гэта зразумела. Але найбольш пані Смулэк запомніўся Дзень Волі ў менскай філярмоніі ў тым жа 1993 годзе, дзе праходзіла ўсё выключна патрыятычна, дзе панавала ўзьнёслая атмасфэра, дзе ў прэзыдыюме важныя пэрсоны знаходзіліся, дзе пасьля кожнага выступу гучала: «Жыве Беларусь!». Наогул, уся яе праца ў Беларусі была збольшага пазытыўнай, цікавай, шматграннай. Праўда, пад канец тэрміну, пасьля абраньня на пасаду прэзыдэнта Лукашэнкі, шмат што пачало згортвацца.

Вячаслаў Кебіч, Станіслаў Шушкевіч, Лех Валэнса, Эльжбета Смулкова, Данута Валэнса на ўрачыстым прыёме з нагоды візыту польскага прэзыдэнта ў Менск

Вячаслаў Кебіч, Станіслаў Шушкевіч, Лех Валэнса, Эльжбета Смулкова, Данута Валэнса на ўрачыстым прыёме з нагоды візыту польскага прэзыдэнта ў Менск

— Эльжбета Смулэк была ці не адзіным амбасадарам, які ў вочы крытыкаваў Лукашэнку. І той — самае дзіўнае — пагаджаўся з крытыкай. Іншага польскага амбасадара, Лешка Шарэпку, у Беларусі абвясьцілі пэрсонай нон грата за меншыя правіны. Чаму ж такое дазвалялася пані Смулэк?

— Па-першае, на пачатку свайго кіраваньня Лукашэнка яшчэ не паводзіў сябе так брутальна. Па-другое, перад ім была ўсё ж жанчына. Як бы ні складваліся адносіны, ён падарыў амбасадару Польшчы кветкі на разьвітаньне. Ён ня мог сабе дазволіць рэзкай рэакцыі на яе словы, проста адказаў: «Усе могуць памыляцца». Такая палітычна-карэктная, але мудрая фраза.

— Зразумела, што амбасадараў у любой краіне стараюцца кантраляваць. Але толькі ад Эльжбеты Смулэк мы даведаліся, як праслухоўваюць дыпкорпус беларускія спэцслужбы. Як да гэтага ставілася гераіня тваёй кнігі?

— Вельмі спакойна. Яна лічыць, што амбасадару да праслухоўваньня трэба ставіцца як да прыроднай зьявы. Праслухоўваюць — ну і добра, трэба разумець, што так было, ёсьць і будзе, і трэба дзейнічаць адпаведна, улічваючы гэты момант. Яна ўспамінала, як яе час ад часу фатаграфавалі незнаёмыя людзі на вуліцы, як пад амбасаду прыяжджала аўто, доўга стаяла, і нейкія хвалі адчуваліся нават фізычна. Але гэта яе не палохала. Жыцьцё амбасадара шматграннае, і гэта толькі адна зь яго граняў.

Эльжбета Смулкова

Эльжбета Смулкова

— Пані Смулэк — знаны польскі лінгвіст, дасьледчыца ў тым ліку і беларускай мовы. Мне запомнілася, як яна вызначыла арэал распаўсюду слова «бурак»: яно пераходзіць у «свеклу» толькі недзе паміж Вязьмай і Масквой. А як ты ацэньваеш яе заслугі менавіта як мовазнаўцы?

— Эльжбета Смулэк — адна з найлепшых спэцыялістаў, якія вывучалі беларускія дыялекты на Беласточчыне. Паралельна яна займалася дыялектамі на ўсёй тэрыторыі Беларусі, вывучала ўсю моўную разнастайнасьць нашай краіны. Гэта важная рэч. Яе асабісты ўнёсак — гэта глыбокае дасьледаваньне беларускай аграрнай лексыкі. Праз вывучэньне націску пані Смулэк зрабіла выснову, што беларуская мова паўстала на балцкай аснове. І яшчэ адна, больш вялікая па часе праца, — моўнае памежжа Беларусі, Літвы і Польшчы, як узаемадзейнічаюць дыялекты ня толькі на моўным, але і на культурным і гістарычным узроўні. Яна распрацавала цэлы шэраг адмысловых навуковых праграмаў, за дапамогай якіх ішло і ідзе вывучэньне цэлых рэгіёнаў, напрыклад, Браслаўшчыны, выйшлі два вялізныя тамы. Там і гісторыя, і мова, і статыстыка — такі комплексны падыход да вывучэньня беларускіх рэгіёнаў.

Эльжбета Смулкова і папа Ян Павел Другі. Рым, 1990

Эльжбета Смулкова і папа Ян Павел Другі. Рым, 1990

— Фактычна ўсе трагедыі сям’і Эльжбеты Смулэк зьвязаныя з Савецкім Саюзам. Быў зьнішчаны яе бацька, была высланая сям’я ў суровы Нарымскі край... Як пані Эльжбета ставіцца да сёньняшняй Расеі?

— Да палітыкі дзяржаўных уладаў Расеі і дзеяньняў Пуціна ў яе рэзка нэгатыўнае стаўленьне. На прыкладзе ўласнага жыцьця яна добра ведае, што такое перадзел тэрыторый, разбурэньне дзяржавы, зьнішчэньне гістарычнага ўкладу цэлай цывілізацыі, як тое адбывалася ў 1939 годзе з Польшчай. Таму яна зьяўляецца абаронцам інтарэсаў Украіны і Беларусі, і ўсіх народаў, якія жадаюць вырвацца з імпэрскага ярма. Што датычыцца расейскага народу... Я пытаўся: «Вы ж перажылі холад і голад, няшчасьце і зьдзекі ў Расеі. Ці няма ў вас русафобіі?». І быў адказ: «Няма. Як чалавек, выхаваны ў рэлігійнай сям’і, я ўмею дараваць. І расейскі народ мала ў чым вінаваты. Хіба толькі ў тым, што не супраціўляецца цяперашнім сваім уладарам». Вось такое філязофскае разуменьне дабра і зла.

— Але той «невінаваты народ» скакаў ад шчасьця, калі быў анэксаваны Крым.

— Ну, гэта часовае ачмурэньне. Так пані Смулэк тыя падзеі ўспрымае. Яна ж ведае той народ не па тых, што скакалі, а па навукоўцах з акадэмічных колаў, людзях другога ўзроўню. Пэўна, яны ня скачуць ад таго, што некага забіваюць ва Ўкраіне.

Амбасадар Польшчы Эльжбета Смулкова ўручае даверчыя лісты старшыні Вярхоўнага Савету Станіславу Шушкевічу

Амбасадар Польшчы Эльжбета Смулкова ўручае даверчыя лісты старшыні Вярхоўнага Савету Станіславу Шушкевічу

— Неўзабаве Эльжбеце Смулэк споўніцца 85 гадоў, але яна па-ранейшаму цікавіцца Беларусьсю і называе сябе паслом беларушчыны ў Польшчы. Напісаўшы кнігу, вы адкрылі нейкія таямніцы яе біяграфіі?

— Асновай кнігі сталася працяглае інтэрвію, але ўсё, што гаварыла пані Эльжбета, трэба было падмацаваць фактамі, дасьледаваць, зьверыць, і таму вялася немалая пошукавая праца. Я чытаў кнігі — і польскія, і беларускія, і расейскія — у тым ліку пра Сыбір і Нарымскі край. Трэба было знаходзіць і жыцьцяпісы іншых герояў. Нават давялося аднойчы ў архіў Службы бясьпекі Ўкраіны зьвяртацца — па ўкраінскім Катынскім сьпісе. Я напісаў і праз тыдзень атрымаў адказ! Пані Эльжбета мне нават падзякавала за новую інфармацыю пра месцы, дзе яна адбывала сыбірскую ссылку.

А ўвогуле, мы цягам васьмі дзён гутарылі, разам абедалі, хадзілі на шпацыр. Ад пачатку мая суразмоўца трошачкі стрымана гаварыла, але потым пачала адтайваць — яна была вельмі шчырай, сымпатычнай, прыязнай асобай, і я атрымаў, фактычна, такую васьмідзённую лекцыю аб беларушчыне, аб гісторыі, аб тым, што аб’ядноўвае Польшчу і Беларусь, аб традыцыях польскага інтэлектуалізму, аб адказнасьці эліты — навуковай і інтэлектуальнай — за лёс народу. І я ўспамінаю тую лекцыю зь вялікай удзячнасьцю.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG