Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навасяд ідзе ў дэпутаты, зьбіраецца крытыкаваць уладу


Уладзімер Навасяд

Уладзімер Навасяд

«Першым маім супернікам па акрузе быў артыст, другім — аўтамабіліст, а хто будзе трэцім — пакуль ня ведаю».

Уладзімер Навасяд, які быў дэпутатам Вярхоўнага савету Беларусі 13 скліканьня і Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня, сёлета зноў зьбіраецца балятавацца. Пра гэта ён сёньня распавёў Свабодзе:

«Я ўжо вызначыўся з акругай. Гэта Сьвіслацкая, 94-я ў Менску. Тут я спрабаваў стаць дэпутатам у 2008 годзе, і тады маім супернікам ад улады быў артыст купалаўскага тэатру Генадзь Давыдзька (цяперашні старшыня Белтэлерадыёкампаніі). Праз чатыры гады ўлады вызначылі мне канкурэнта ў асобе Леаніда Мажэйкі, які на той час працаваў дырэктарам сталічнага аўтобуснага парку. Хто будзе ісьці ад улады сёлета, пакуль ня ведаю: можа, супрацоўнік якога-небудзь музэю?»

Уладзімер Навасяд зьяўляецца старшынём Партыі свабоды і прагрэсу, якая прытрымліваецца лібэральных поглядаў. Аднак чатыры спробы зарэгістраваць партыю ў Міністэрстве юстыцыі не прынесьлі станоўчага выніку. Таму, каб афіцыйна зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты, спадар Навасяд будзе зьбіраць подпісы выбарцаў:

«Подпісаў трэба быццам і ня шмат — адну тысячу, але іх збор прыпадае на самы пік адпачынкаў. Сьвіслацкая акруга — гэта Серабранка і Лошыца. Тут ёсьць і даволі старыя пабудовы, і шмат навабудаў. Знайсьці выбарцаў будзе няпроста. Таму хачу стварыць ініцыятыўную групу чалавек 100. Тут жа важна ня толькі сабраць подпісы, а „перапахаць“ усю акругу разы два-тры, пазнаёміцца зь людзьмі, пераканаць іх, што яны павінны падтрымаць менавіта мяне.

Ведаю, што многія людзі ў акрузе цяпер вельмі незадаволеныя ўладай. Таму паспрабую скарыстаць іхняе крытычнае стаўленьне на сваю карысьць».

Прадстаўнікоў Партыі свабоды і прагрэсу на гэтых выбарах будзе няшмат. Яны зьбіраюцца балятавацца толькі ў Менску і Магілёве, магчыма ў Берасьці. 24 чэрвеня партыйная палітрада плянуе канчаткова вызначыцца з патэнцыйнымі кандыдатамі на дэпутацтва. А да верасьня партыйныя актывісты зьбіраюцца правесьці ўжо пяты па ліку арганізацыйны сход і зноў падаць дакумэнты на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG