Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бацькі Жызьнеўскага атрымалі ад Украіны першую грашовую дапамогу


Ніна Жызьнеўская і Міхаіл Жызьнеўскія каля магілы сына, архіўнае фота

Ніна Жызьнеўская і Міхаіл Жызьнеўскія каля магілы сына, архіўнае фота

Ніна Жызьнеўская, маці забітага на Майдане ў Кіеве героя Нябеснай Сотні Міхася Жызьнеўскага, паведаміла, што яна з мужам атрымала ад Украіны першую грашовую дапамогу за сына.

«Дзякуй, канечне, кіраўніцтву Ўкраіны, што не забываюць нашага сына і нас саміх. Лягчэй было б, каб Міша жыў і сам пра нас клапаціўся. Цяпер у нас багата грошай ідзе найперш на лекі, якія каштуюць у нашых аптэках надзвычай дорага. Наколькі я ведаю, ва Ўкраіне, ёсьць закон: калі ў сямʼі забітага двое пэнсіянэраў, то бацькам аказваюць адмысловую дапамогу. На падставе ўказу ўкраінскага прэзыдэнта Міністэрства сацыяльнай палітыкі Ўкраіны і вызначыла нам пажыцьцёвую грашовую дапамогу», — расказала Ніна Васільеўна.

Яшчэ ў лютым з паведамленьня ўкраінскага міністра сацыяльнай палітыкі Паўла Разенкі стала вядома, што ягонае ведамства, выконваючы прэзыдэнцкі ўказ, зацьвердзіла пастанову «Аб пажыцьцёвай стыпэндыі памяці Міхаіла Жызьнеўскага», забітага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які «аддаў сваё жыцьцё за будучыню Ўкраіны». Памер стыпэндыі складае 3250 грыўняў кожнаму. Па цяперашніх суадносінах валют — гэта 2 мільёны 560 тысяч беларускіх рублёў.

Вызначаны й парадак выплаты — паштовы перавод праз «Укрпошту» па месцы фактычнага пражываньня бацькоў Жызьнеўскага. Выплата і дастаўка пажыцьцёвай дапамогі ажыцьцяўляецца з сродкаў украінскага дзяржбюджэту па праграме «Дзяржаўныя пажыцьцёвыя стыпэндыі».

Міхась Жыньнеўскі быў забіты куляй у сэрца 22 студзеня 2014 году на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве падчас рэвалюцыі Годнасьці і Свабоды. Побач з месцам гібелі ўкраінскія ўлады ўсталявалі помнік Жызьнеўскаму.

Украінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка ўзнагародзіў пасьмяротна Міхася Жызьнеўскага Ордэнам Герояў Нябеснай Сотні. На прыёме ў сваёй рэзыдэнцыі ўкраінскі прэзыдэнт асабіста ўручыў гэты ордэн бацькам Міхася — Ніне Васільеўне і Міхаілу Пятровічу, паабяцаўшы, пасьля зьмены Вярхоўнай Радай заканадаўства, прысвоіць іх сыну і званьне Героя Ўкраіны.

XS
SM
MD
LG