Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сястру Жызьнеўскага аднавілі на працы


Гомельскі мясакамбінат
Гомельскі мясакамбінат

Гомельскі мясакамбінат аднавіў на працы родную сястру героя Нябеснай Сотні Міхася Жызьнеўскага, але з выпрабаваньнем.

Яшчэ ў траўні супрацоўніца аддзелу кадраў Гомельскага мясакамбінату уручыла Натальлі Жызьнеўскай, роднай сястры героя Нябеснай Сотні Міхася Жызьнеўскага, забітага ва Ўкраіне, паведамленьне пад подпіс, што 12 чэрвеня яе працоўны кантракт заканчваецца і падоўжаны ня будзе.

Натальля Жызьнеўская працавала ў каўбасным цэху ААТ «Гомельскі мясакамбінат» апрацоўшчыцай ёмкасьцяў і тары. Адначасова яна вучыцца завочна на біялягічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны.

«Сёньня я ўжо была б першы дзень беспрацоўнай, — расказала Свабодзе Натальля Жызьнеўская. — Але ў пятніцу, калі я была ва ўнівэрсытэце, мяне праз мабільнік выклікалі на камбінат. Па дарозе дадому я заехала на працу. Новы намесьнік дырэктара прапанаваў мне напісаць заяву на працяг працоўнага кантракту на шэсьць месяцаў з выпрабавальным тэрмінам. Пры гэтым сказаў, што даведаўся выпадкова праз СМІ пра маё звальненьне і пад сваю адказнасьць упрасіў дырэктара Мікалая Буйневіча працягнуць мне на шэсьць месяцаў кантракт з выпрабавальным тэрмінам. Мне, канечне, дзіўна чуць пра „выпрабавальны тэрмін“, бо на камбінаце працую ўжо пяць гадоў. Я, канечне, напісала заяву. Думаю, што мне працягнулі кантракт на паўгода, каб крыху ўляглася шуміха. Многія інфармацыйныя рэсурсы сапраўды пісалі пра маё звальненьне».

Натальля патлумачыла, што прэтэнзій да яе з боку дырэкцыі і аддзелу кадраў не было. Супраць працягу кантракту выступала новая начальніца каўбаснага цэху Ірына Шаўчэнка. Нейкая непрыязнасьць была, відаць, з-за забітага на Майдане брата, бо ніякіх адміністрацыйных спагнаньняў ці штрафаў Жызьнеўская ня мела.

Бягучы тыдзень Натальля Жызьнеўская будзе займацца ва ўнівэрсытэце, здаваць сэсію за чацьвёрты курс. На працу ёй трэба выйсьці 19 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG