Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек вялікай веры і мужнасьці» — у Берасьці ўспаміналі Алеся Чаркашына


Вечарына ў памяць пра Алеся Чаркашына ў Берасьці

Вечарына ў памяць пра Алеся Чаркашына ў Берасьці

Вечарына памяці загінулага на Данбасе Алеся Чаркашына адбылася ў Берасьці. На яе прыйшлі родныя і сябры добраахвотніка.

Вядоўца вечарыны, сустаршыня БХД Павал Севярынец распавёў, што сродкі на помнік Алесю Чаркашыну хутка будуць сабраныя:



«Я з упэўненасьцю кажу, што гэты сьветлы хлопец пайшоў да Бога. Далучыўся да „Нябеснай сотні“, да тых людзей, якія аддавалі свае жыцьці за іншых. Гэта быў чалавек вялікай веры і мужнасьці. Вельмі многія людзі з розных куткоў Беларусі, Украіны, і нават з-за акіяну ўспамінаюць пра Алеся Чаркашына. У Кіеве на вуліцы Беларускай зараз ёсьць помнік змагарам за свабоду Міхасю Жызьнеўскаму і Алесю Чаркашыну. Вядомы беларускі скульптар Гэнік Лойка узяўся за выраб помніка Алесю Чаркашыну. І на гэты помнік зьбіраюцца людзі ў многіх краінах.»

Павал Севярынец распавёў, што на помнік сабрана ўжо тры зь неабходных чатырох тысяч даляраў. Наведнікі вечарыны таксама паўдзельнічалі ў складках на помнік свайму земляку.

Прысутным на вечарыне паказалі праект помніку, які мае быць усталяваны на гадавіну пахаваньня Алеся Чаркашына, а таксама паслухалі яго песьні, запісаныя сустаршынём БХД з Кобрыну Георгіем Дзьмітруком.

Журналісты пагутарылі з бацькам Алеся Мікалаем, які выказаў удзячнасьць за падтрымку сям’і:

«Падтрымка была з усіх бакоў. І маральная і матэрыяльная, людзі адгукнуліся.»

Паводле спадара Мікалая, апроч тэлефанаваньняў з КДБ неўзабаве пасьля пахаваньня Алеся, болей улады сям’ю не чапалі. А два тыдні таму яму патэлефанавалі прадстаўнікі аднаго зь дзяржаўных тэлеканалаў, якія хацелі прыехаць па інтэрвію:

«Хацелі сустрэцца, маўляў, размова будзе ні пра палітыку, ні пра што такое. Але я адразу сказаў — не. Не хачу зь імі ніякіх кантактаў, бо ведаю, у якім сьвятле потым гэта пакажуць».

33-гадовы беларус, былы старшыня берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БХД Алесь Чаркашын ваяваў у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу Правага сэктару. 10 жніўня 2015 году ён быў цяжка паранены ў баі пад Белакаменкай у Данбасе і памер у шпіталі ў Запарожжы пасьля некалькіх тыдняў комы.

Ён быў пасьмяротна ўзнагароджаны ордэнам «Народны герой Украіны». Яму, ягонаму ўкраінскаму пабраціму Віталю Ціліжэнку, а таксама беларусу Міхасю Жызьнеўскаму ў Кіеве ўсталяваны мэмарыяльны знак. Таксама беларусам, загінулым у канфлікце на Данбасе, прысьвечаны мэмарыяльны сайт, у Віцебску ў памяць аб іх сябры БХД высадзілі дрэвы.

Чаркашын пахаваны ў Берасьці, на разьвітаньне зьбіраліся сотні чалавек. КДБ цікавілася ў маці Чаркашына, хто дазволіў яго пахаваць такім чынам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG