Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Жызьнеўская: «Стыпэндыя за сына пойдзе нам на лекі»


Ніна Жызьнеўская

Ніна Жызьнеўская

Бацькі Героя Нябеснай Сотні Міхася Жызьнеўскага толькі сёньня ад журналістаў даведаліся, што Міністэрства сацыяльнай палітыкі Ўкраіны зацьвердзіла пастанову «Аб пажыцьцёвай стыпэндыі памяці М. Жызьнеўскага».

Украінскі інфармацыйны партал unian.net цытуе ў гэтай сувязі міністра сацыяльнай палітыкі Паўла Разенку: «У выкананьне Ўказу прэзыдэнта мы прызначылі пажыцьцёвую стыпэндыю бацькам Героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызьнеўскага, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які аддаў сваё жыцьцё за будучыню Ўкраіны».

Міністар паведаміў таксама: «Памер пажыцьцёвай стыпэндыі бацькам Героя — Міхаілу Пятровічу і Ніне Васільеўне, якія жывуць у Беларусі, складзе 3250 грн кожнаму».

У ведамстве дадаюць, што перасылаць стыпэндыю ў Гомель будзе Дэпартамэнт сацыяльнай абароны насельніцтва Чарнігаўскай аблдзяржадміністрацыі паштовым пераводам праз «Укрпошту» па месцы фактычнага пражываньня бацькоў Жызьнеўскага. Выдаткі на выплату й дастаўку пажыцьцёвай стыпэндыі будуць фінансавацца са сродкаў дзяржбюджэту па праграме «Дзяржаўныя пажыцьцёвыя стыпэндыі».

Бацькі Міхася Жызьнеўскага на магіле сына, 22 студзеня 2016 году

Бацькі Міхася Жызьнеўскага на магіле сына, 22 студзеня 2016 году

«Дзякуй, канечне, украінскім уладам за падтрымку. Стыпэндыя за сына пойдзе нам на лекі, бо яны ж вельмі дорага каштуюць. Мы й цяпер хварэем — у мяне тэмпэратура сёньня амаль 39 градусаў. Спадзяёмся, што неўзабаве зьявіцца заканадаўчая магчымасьць прысвоіць сыну званьне Героя Ўкраіны — як і ўсім іншым загінулым абаронцам Майдану. Гэта найлепш дапаможа засьцерагчы магілу Мішы ад вандалаў, якія псавалі ўжо надмагільны помнік», — кажа Ніна Жызьнеўская.

Ніна Васільеўна паведаміла, што ўкраінская стыпэндыя за сына прыкладна такая ж, як і яе беларуская пэнсія: «2 мільёны 390 тысяч рублёў — такі памер дзяржаўнай дапамогі мне за 38 гадоў працоўнага стажу». Жызьнеўская ў свой час сямнаццаць гадоў працавала рабочай на Гомельскім заводзе сантэхзагатовак, а пазьней, калі нарадзіліся Міша й Наташа, пайшла працаваць у жыльлёва-камунальную гаспадарку прыбіральшчыцай.

Міхаіл Пятровіч атрымлівае больш як за сорак гадоў стажу 3 мільёны 5 тысяч рублёў пэнсіі. Ён доўгі час працаваў у Карэліі, а калі вярнуўся ў Гомель, то больш як дваццаць гадоў рабіў сьлесарам-сантэхнікам на заводзе «Крышталь» і ў гарадзкім цэнтры аздараўленьня. На пэнсію выйшаў толькі ў мінулым лістападзе.

«Патлумачылі, што пэнсіянэраў будуць скарачаць. Ну, я й падаў заяву, бо мне ў верасьні споўнілася ўжо семдзесят гадоў», — апавёў бацька Героя Нябеснай Сотні.

Міхась Жызнеўскі-малодшы загінуў ад кулі 22 студзеня 2014 году на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве падчас рэвалюцыі Годнасьці й Справядлівасьці. Да свайго 26-годзьдзя ён не дажыў чатыры дні.

XS
SM
MD
LG