Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правацэнтрысцкая кааліцыя плянуе правесьці кангрэс


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

У правацэнтрысцкую кааліцыю ўваходзяць рух «За свабоду», АГП і аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».

Кангрэс дэмакратычных сілаў, які стаў бы сумесным стартам парлямэнцкай выбарчай кампаніі, плянуе правесьці правацэнтрысцкая кааліцыя.

Пра гэта паведаміў 10 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Паводле Лябедзькі, ідэя кангрэсу абмяркоўваецца ня толькі ў правацэнтрысцкай кааліцыі, але і на пасяджэньні кансультатыўнай нарады дэмакратычных арганізацыяў.

«Там ёсьць пэўныя зрухі наперад. Цяпер у фармаце шырокай кааліцыі, або шырокага аб’яднаньня, мы абмяркоўваем магчымасьць сумеснага старту падчас парлямэнцкай выбарчай кампаніі. Можа, я крыху забягаю наперад, але кажу, што мы абмяркоўваем магчымасьць правядзеньня кангрэсу дэмсіл, які быў бы стартам парлямэнцкай кампаніі», — цытуе БелаПАН Лябедзьку.

Палітык сказаў, што ідэя правесьці кангрэс «мае высокі шанец на практычную рэалізацыю». Кангрэс можна правесьці напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты або пасьля яе. У апошнім выпадку ўдзельнікамі кангрэсу сталі б самі кандыдаты ў дэпутаты.

Паводле Лябедзькі, пасьля выбарчай кампаніі можна правесьці другую сэсію кангрэсу, каб даць ацэнку выбарам і заявіць пра поствыбарчую стратэгію.

Правацэнтрысцкая кааліцыя ўзгадніла сьпіс прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты па 95 са 110 выбарчых акругаў.

Пастаянна дзейную кансультатыўную нараду дэмакратычных арганізацыяў стварылі 15 красавіка прадстаўнікі АГП, Партыі БНФ, БСДП (Грамада), Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», руху «За свабоду», кампаніі «Эўрапейская Беларусь», руху салідарнасьці «Разам», незалежнага прафсаюзу РЭП, аргкамітэтаў па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», БСДП (Народная Грамада). Пазьней гэтае рашэньне падтрымалі аргкамітэты партыі «Беларускі рух», Партыі працоўных, партыі жанчын «Надзея» і Партыі свабоды і прагрэсу.

15 траўня ў менскім сквэры імя Янкі Купалы прайшоў устаноўчы сход Беларускага нацыянальнага кангрэсу. Гэтую ідэю Міколы Статкевіча, Уладзімера Някляева і Станіслава Шушкевіча не падтрымалі прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі.

XS
SM
MD
LG