Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лагвінец: Я хачу быць міністрам эўрапейскіх спраў Беларусі


Алесь Лагвінец, архіўнае фота

Алесь Лагвінец, архіўнае фота

У чарговай перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» — намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец. Ён упершыню публічна тлумачыць, чаму ня стаў кандыдатам у прэзыдэнты на апошніх выбарах, адказвае на пытаньне, навошта ўдзельнічаць у гэтай кампаніі, і дае прагноз, ці дазволяць яму ўлады прайсьці ў Палату прадстаўнікоў.

— Вы ідзяце на парлямэнцкія выбары. І гэта зноў выклікае тую процьму пытаньняў, якія зьяўляюцца перад кожнымі выбарамі — навошта вы ўдзельнічаеце, чаго вы хочаце гэтым дасягнуць?

— Сёньня ўлада завяла краіну ў тупік, людзі гэта бачаць. Але праблема ў тым, што людзі ня бачаць альтэрнатывы. Таму галоўная задача перад намі — паказаць годную альтэрнатыву. Першае — гаварыць пра праблемы. Улады пра іх не гавораць, а калі спрабуюць іх вырашаць — то вырашаюць у негуманны і непрыстойны спосаб, які толькі служыць, каб бараніць інтарэсы тых, хто пры ўладзе.

— Галоўная інтрыга выбараў — ці прапусьціць улада кагосьці з апазыцыі ў Палату? І тут перш за ўсё ўзьнікаюць прозьвішчы Тацяны Караткевіч, Андрэя Дзьмітрыева. Але чаму толькі яны? Чаму б уладзе не прапусьціць туды Алеся Лагвінца? Чалавек валодае мовамі, мае міжнародныя кантакты, аўтарытэт. Гэта быў бы добры крок зь іхняга боку...

— Я найперш думаю, якім чынам дагрукацца да максымальнай колькасьці выбарцаў. Якім чынам зрабіць так, каб кампанія была заўважнай, гаварыць пра тыя праблемы, якія цікавяць людзей — і гэтаму дапаможа збор подпісаў.

Усе тыя інтрыгі, пра якія вы кажаце, — вынік нейкіх зьнешніх чыньнікаў, якія наўпрост на рэальную перамогу ў вачах людзей не ўплываюць. Улада можа вырашыць, што ёй хтосьці патрэбны, каб падпяваў у так званай Палаце. Наколькі гэтыя людзі будуць там самастойныя — гэта іншае пытаньне.

Большасьць беларусаў павінны зразумець, што на ўладу трэба націскаць, каб яна лічыла галасы

Самае важнае — гэта каб урэшце мы прыйшлі да сытуацыі, калі ўлада лічыць галасы. І большасьць беларусаў павінны зразумець, што на ўладу трэба націскаць, каб яна лічыла галасы.

Відавочна, на Захадзе некаторыя могуць лічыць, што калі ў Палаце зьявіцца адна-дзьве асобы — то гэта будзе прагрэс. Але большасьць заходніх палітыкаў мае меркаваньне, што важнейшая рэч — гэта працэдура, гэта тое, ці наблізіліся беларусы да пэўных стандартаў выбараў.

Выбарчая кампанія — цудоўная магчымасьць для альтэрнатыўных сілаў паказаць, што яны існуюць. Бо ўлада існуе сама па сабе, грамадзтва жыве сваімі праблемамі, а дэмакратычная супольнасьць часам жыве сваімі праблемамі, якія, вядома, вельмі важныя, але існуюць у пэўным вакуўме. Таму кожны з кандыдатаў ад апазыцыі павінен зрабіць усё, каб наладзіць нармальныя камунікацыйныя сувязі ўнутры сваёй акругі.

— Давайце вернемся да папярэдняй выбарчай кампаніі — прэзыдэнцкай. Перад яе пачаткам ішлі такія размовы, і для іх былі пэўныя падставы, што і вы плянуеце вылучацца ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. Але гэтага не адбылося, і публічна не было заяўлена, чаму. Хто і што не дазволіла вам вылучыцца?

— У 2010 годзе падчас онлайн-канфэрэнцыі на Свабодзе я заявіў, што буду вылучацца на выбарах, пакуль ня выйграю. Але потым я прапусьціў выбарчыя кампаніі 2012 і 2014 году. Балятавацца трэба тады, калі адчуваеш у гэтым сэнс і калі ёсьць падставы зрабіць крок наперад, каб адбыўся прагрэс.

Калі казаць пра кампанію 2015 году, то ўмовы для майго вылучэньня былі няпоўныя і недастатковыя. Я чалавек, які звык сам ствараць для сябе варункі і сам чагосьці дамагацца. Ведаеце, мне здаецца, я на той момант быў не гатовы, каб удзельнічаць у кампаніі, таксама не былі гатовыя структуры, якія зьбіраліся мяне падтрымаць. А калі ты не самастойны — то ты становісься марыянэткай.

Вылучэньне на выбарах — вельмі сур’ёзная справа, тут трэба ўзважыць плюсы і мінусы, каб потым ня стаць палітычным прайдзісьветам. Напрыклад, ты хочаш стаць кандыдатам у прэзыдэнты і фальсыфікуеш подпісы, па сутнасьці, маніш людзям. Кампанія 2015 году склалася так, што тыя, хто ў ёй удзельнічаў, гулялі на карысьць аднаго вядомага чалавека.

— А я чуў, што некаторыя ўплывовыя людзі ў дэмакратычным асяродзьдзі проста непублічна выказалі нежаданьне, каб вы сталі кандыдатам. Зь іншага боку, калі б вы сталі кандыдатам — то атрымалі б усю тую порцыю крытыкі і абвінавачаньняў, якую атрымала Караткевіч? Ці вы паводзілі б сябе па-іншаму?

— У палітыцы заўсёды ёсьць месца сумленнасьці. Думаю, у прэсе дастаткова інфармацыі, каб людзі маглі рабіць высновы пра сумленнасьць ці несумленнасьць удзельнікаў кампаніі 2015 году.

На сёньня я хачу мець нешта большае за сабой, каб кандыдаваць на пасаду прэзыдэнта. Я хачу быць дэпутатам парлямэнту, я хачу быць міністрам эўрапейскіх спраў Беларусі. Гэта на сёньня мая задача-максымум.

— Кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч ня раз у інтэрвію казаў, што прыйшоў час маладых палітыкаў, што трэба саступаць ім месца. Некаторыя ўспрымаюць гэта так, што прыйшоў час і замены на пасадзе кіраўніка руху «За свабоду». Ці стаіць пытаньне такім чынам?

— Я лічу, што ў Аляксандра Мілінкевіча ёсьць велізарны патэнцыял, які ён можа надалей выкарыстоўваць. Справаздачна-выбарчая канфэрэнцыя Руху будзе ў кастрычніку, тады мы пашукаем адказы на гэтае пытаньне. У нас ёсьць свае працэдуры, мы застаёмся дэмакратычнай арганізацыяй, якая можа годна адказаць на выклік, які тычыцца лідэрства.

— Калі вяртацца да галоўнай тэмы нашай размовы, то ваш прагноз на парлямэнцкую кампанію — ці прапусьціць улада каго-небудзь у Палату?

— Як мой бацька кажа — «цялятка як народзіцца з лысінкай, з лысінкай і памрэ». Лукашэнка не дэмакратычны, шмат у чым антыгуманны палітык. Ягоныя інстынкты засталіся тымі самымі, ён вынішчае любую альтэрнатыву, бо ягоная ўлада грунтуецца на маніпуляваньні і запалохваньні. 22 гады ягонага кіраваньня паказалі, што ў крытычныя моманты ў яго заўсёды спрацоўваюць ягоныя першасныя інстынкты.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG