Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Экспэрты перакананыя, што трэба скасаваць Канстытуцыю 1996 году. Але гэтага будзе мала


У гадавіну канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году палітолягі Алесь Лагвінец і Ўладзімер Мацкевіч разважаюць, што трэба будзе зрабіць дзеля аднаўленьня дэмакратыі ў Беларусі.

Скасаваньне паправак у Канстытуцыю Беларусі, унесеных па выніках рэфэрэндуму 1996 году, — абавязковая ўмова пабудовы дэмакратычнай дзяржавы, але, відаць, не дастатковая.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказалі экспэрты.

Палітоляг Алесь Лагвінец сказаў, што рэфэрэндум 1996 году стаў важным крокам у пабудове аўтарытарнага палітычнага рэжыму ў Беларусі.

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«Гэты рэфэрэндум і антыканстытуцыйныя зьмены былі чарговым этапам у пабудове рэжыму асабістай улады Аляксандра Лукашэнкі. Зразумела, гэта наклала свой нэгатыўны адбітак на палітычнае жыцьцё Беларусі, на разьвіцьцё і незалежнасьць Беларусі. Бо аўтарытарны рэжым, па сутнасьці, зрабіў так, што толькі асоба кіраўніка можа ў нейкай ступені гарантаваць незалежнасьць краіны. А мы ведаем, што гэта асоба вельмі прарасейская, прасавецкая, і што яна мысьліць толькі ў катэгорыях утрыманьня сваёй асабістай улады, а не забесьпячэньня доўгатэрміновага росту, незалежнасьці і росквіту Беларусі», — падкрэсьлівае экспэрт.

Лагвінец лічыць, што вяртаньне да дэмакратычных прынцыпаў пабудовы палітычнай улады — гэта абавязковы пункт любых рэформаў у Беларусі, і гэта відавочна будзе зроблена. Але ня факт, што адбудзецца вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году.

«У якім фармаце гэта адбудзецца — ці гэта вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году, ці прыняцьцё новай Канстытуцыі — гэта ўжо пытаньне да абмеркаваньня. Бо гэта будзе залежаць ад канфігурацыі палітычных сілаў, якая складзецца на канкрэтны момант, і таксама ад запатрабаваньняў грамадзтва», — кажа ён.

Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч упэўнены, што падзеі лістапада 1996 году вызначылі лёс Беларусі на астатнія амаль 20 гадоў:

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

«Напрыканцы лістапада 96 году ў Беларусі адбыўся дзяржаўны пераварот. Фактычна была скасавана абраная ўлада ў выглядзе Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня і ўстаноўлена дыктатура, пры якой парлямэнт, суд, ЦВК — усё стала прызначацца тады яшчэ прэзыдэнтам, бо ў 1996 годзе ў нас яшчэ быў законна абраны прэзыдэнт. Але і таго ўжо ня стала ў 1999 годзе. Канечне, гэта вызначыла ўсю астатнюю амаль 20-гадовую гісторыю Беларусі, прывяло да вялізарнай дэградацыі палітычнага, грамадзкага жыцьця, адукацыі, да застою ў эканоміцы, да таго, што эканоміка стала арыентавана толькі на Расею, на паўкрымінальны, ценявы бізнэс».

Але Мацкевіч ня лічыць, што скасаваньне Канстытуцыі 1996 году забясьпечыць пабудову дэмакратычнай дзяржавы само па сябе.

«Тут справа ня ў пэўных пісаных законах, а ў аднаўленьні і выбудоўваньні наноў палітычнага жыцьця. Бо без палітычнай волі не працуюць аніякія законы ці папраўкі. Калі мы паглядзім на той самы 1996 год, то дзяржаўны пераварот быў зроблены пры Канстытуцыі 1994 году — то бок сама па сабе Канстытуцыя не гарантуе выкананьня гэтай Канстытуцыі. Канстытуцыя выконваецца пры разьмеркаваньні ўлады паміж трыма галінамі, пры моцным супрацьстаяньні дыктатуры з боку грамадзянскай супольнасьці. То бок, канечне, трэба скасаваць гэтыя папраўкі, трэба вярнуцца хаця б да пачатку, да Канстытуцыі 1994 году, але ж потым і яна б ужо састарэлая была, не прыдатная для сучаснасьці. Але першапачаткова гэта палітычная воля, канечне», — упэўнены экспэрт.

24 лістапада 1996 году ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум, ініцыяваны прэзыдэнтам Лукашэнкам, па ўнясеньні зьменаў у Канстытуцыю. У выніку рэфэрэндуму былі пашыраны ўладныя паўнамоцтвы прэзыдэнта, а прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі павялічаны на 2 гады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG