Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клінцы. Жыцьцё на фоне танкаў за 40 кілямэтраў ад мяжы Беларусі


За апошні тыдзень спакой у правінцыйным гарадку Клінцы, што за 40 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю, быў парушаны масавым прыбыцьцём вайскоўцаў з Уралу. Людзі ў Клінцах, якія ніколі ня бачылі «Градаў» і «Іскандэраў», цяпер вымушаныя прыстасоўвацца да новых умоваў. Радыё Свабода высьвятляла, што адчуваюць мясцовыя жыхары, сярод якіх ёсьць і этнічныя беларусы.

Пад канец траўня пачалася плянавая перадысьлякацыя ў Клінцы 28-й асобнай мотастралковай брыгады зь Екацярынбургу. Першымі пра падзею паведамілі лякальныя СМІ. Навіна імгненна разышлася па беларускай, расейскай і ўкраінскай інфармацыйнай прасторы. Радыё Свабода ўдалося пагутарыць з салдатамі і афіцэрамі брыгады. У нашым рэпартажы вайскоўцы дзеляцца сваімі меркаваньнямі пра беларуска-расейскія дачыненьні. Тым часам у Крамлі зьвесткі пра ўзмацненьне вайсковай актыўнасьці на мяжы зь Беларусьсю па-ранейшаму лічаць «абсурднымі», аднак факту перадысьлякацыі не адмаўляюць. Называюць гэта «захадам у адказ на павелічэньне інтэнсіўнасьці вучэньняў НАТО».

«Едзем ва Ўкраіну», — пішуць салдаты з Екацярынбургу «Вконтакте»

«Едзем ва Ўкраіну», — пішуць салдаты з Екацярынбургу «Вконтакте»

Раней у Клінцах функцыянавала вайсковая частка — у асноўным тут праходзілі тэрміновую службу хлопцы з Бранскай вобласьці. Частка праіснавала да 2011 году, яе закрылі празь недахоп фінансаваньня. Сёлета Мінабароны Расеі аднавіла яе дзейнасьць. Жыхары Клінцоў выказваюць у сацыяльных сетках супярэчлівыя думкі: камусьці «страшна, што хутка будзе вайна» і «трэба зьяжджаць далей», а хтосьці задаволены навіной і ўспрымае брыгаду з Уралу як абаронцаў «ад НАТО і Ўкраіны».

Жыхары Клінцоў занепакоеныя зьяўленьнем вайскоўцаў у горадзе

Жыхары Клінцоў занепакоеныя зьяўленьнем вайскоўцаў у горадзе

Клінцы — другі па велічыні горад у Бранскай вобласьці. Тут жыве больш за 60 тысяч чалавек. На чыгуначным вакзале стаяць танкі, бегаюць «срочнікі», побач з зэнітнымі ўстаноўкамі гуляюць дзеці. Калі выйсьці на галоўную вуліцу Кастрычніцкую, то можна пабачыць адразу некалькі будынкаў пачатку ХІХ стагодзьдзя. Наогул, у Клінцах каля двух дзясяткаў помнікаў архітэктуры. Многія зь іх у поўным заняпадзе: тынкоўка абсыпаецца на вачах. У такім старым будынку — мясцовы Дом культуры. У фае — дзіцячыя малюнкі на сьценах з надпісамі «Не — вайне», фота з урачыстасьцяў да Дня Перамогі пяцігадовай даўніны, вырабы з пап’е-машэ, пакрытыя слоем пылу. Сумная кансьержка схілілася над газэтай «Труд».

Фае Дому культуры ў Клінцах

Фае Дому культуры ў Клінцах

«Ды нічога ў нас не адбываецца. Раней гурты розныя прыяжджалі з канцэртамі, а цяпер вось толькі шансон будзе праз два тыдні. Моладзь разьехалася, старым абы на ежу хапіла. Якія канцэрты?.. А хочаце з нашай дырэктаркай пагутарыць? Яна таксама зь Беларусі!»

«Вайна паміж Беларусьсю і Расеяй проста перакрэсьліла б жыцьцё нашай сям’і»

Тацяна Шведава быццам бы нас чакала. Праходзім у сьветлы кабінэт са старой мэбляй, дырэктарка частуе кавай.

Беларуска Тацяна Шведава, дырэктар Дому культуры ў Клінцах

Беларуска Тацяна Шведава, дырэктар Дому культуры ў Клінцах

«Я сама з Бабруйску, але даўно жыву ў Расеі. Напрыканцы 80-х мы з мужам зьехалі працаваць выкладчыкамі за Палярны круг. Пакуль там жылі, Савецкі Саюз пасьпеў разваліцца. Вяртаемся сюды, на радзіму мужа, і я пачынаю працаваць у гуртку ў Доме культуры. Мне так падабаецца мая праца, бачыце, дарасла да пасады дырэктара!»

Тацяна Віктараўна кажа, што мясцовыя не зьвяртаюць увагі на высокі ўзровень радыяцыі ў рэгіёне: маўляў, «лепш не засяроджвацца на кепскіх думках». Нядаўна яны з мужам набылі хатку пад лецішча. Праўда, грыбоў і ягад у лесе не зьбіраюць.

На пытаньне, ці адчувае яна сябе беларускай, Тацяна Віктараўна адказвае:

«У мяне ёсьць абвостранае пачуцьце, што я беларуска, пачуцьце дому. Заўжды падкрэсьліваю гэта. А старэйшы сын скончыў юрыдычны факультэт менскага БДУ. Пасьля працаваў у магілёўскай пракуратуры. Цяпер хлопцу 33 гады, а ён ужо судзьдзя. Так ганаруся ім! Увогуле, мая сям’я — прыклад адзінства беларусаў і расейцаў».

Сьцягі Беларусі і Расеі ў кабінэце дырэктаркі Дому культуры

Сьцягі Беларусі і Расеі ў кабінэце дырэктаркі Дому культуры

Пра перавод у Клінцы вайсковай часткі зь Екацярынбургу жанчына, вядома, чула. І выказвае пэўную асьцярогу:

«Я ведаю, што гэтая частка баявая. Калі мяжу ўмацоўваюць, дык чаму не прыслалі памежныя войскі? Чаму менавіта мотастралковую? Вось таму робіцца трывожна... І „Грады“ вельмі страшныя! Вы зразумейце, вайна паміж Беларусьсю і Расеяй проста перакрэсьліла б жыцьцё нашай сям’і. У Клінцах многія маюць сваякоў ва Ўкраіне, але цяпер ня могуць нават паехаць у госьці. Нельга, каб такое здарылася і зь беларусамі. Памятаю, раней заўжды на 9 траўня езьдзілі ў Клімава, да помніка „Тры сястры“, што на мяжы з Украінай... Летась ужо ў іншым месцы сьвяткавалі».

На разьвітаньне дырэктарка Дому культуры падаравала набор паштовак з краявідамі Браншчыны.

Фае Дому культуры ў Клінцах

Фае Дому культуры ў Клінцах

«Хай сабе беларусы гавораць па-беларуску, у нас жа шматнацыянальная краіна!»

У якасьці галоўнай дэкарацыі на плошчы ля мэрыі — помнік Леніну і пажоўклы вянок пад ім. Трапіць да першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі горада аказалася проста. У адрозьненьне ад многіх беларускіх чыноўнікаў, Алег Клетны ахвотна пайшоў на кантакт з журналістам.

Алег Клетны, першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Клінцоў

Алег Клетны, першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Клінцоў

«Зь Беларусьсю мы шчыльна ўзаемадзейнічаем: штогод запрашаем беларусаў на кірмаш, гандляваць трыкатажам і рознымі вырабамі. Вы што, звар’яцелі?! Якая яшчэ вайна?! Вы бачылі, каб Расея першай нападала? Яна выключна абараняецца. Ну, а беларусы нам браты. Дарэчы, ніякай праблемы ў тым, што крэдыты не вяртае Лукашэнка. Як мы можам з брата роднага патрабаваць грошы назад? Мы ж усе русічы, і няважна адкуль — з Бранску ці з Бабруйскай вобласьці! І на мове няхай размаўляюць — у Расеі жыве шмат народнасьцяў, кожная з уласнай мовай. Ніякіх канфліктаў ці то нацыянальных, ці то рэлігійных гэта ніколі не выклікала».

Адміністрацыя горада Клінцы

Адміністрацыя горада Клінцы

Стаўленьне намесьніка кіраўніка адміністрацыі да зьяўленьня ў Клінцах вайскоўцаў падкрэсьлена пазытыўнае:

«Там, дзе стаяць войскі, заўжды лепш разьвіваецца інфраструктура. Апошнім часам заводы пазачыняліся, дык, можа, нарэшце зноў прыбыткі пачнуцца. На выпадак агрэсіі з боку Ўкраіны будзе каму абараняць народ. Ну, і самае важнае — з прыездам вайскоўцаў у Клінцах значна палепшыцца дэмаграфічны ўзровень!»

«Апошні раз я бачыла такое ў 85-м годзе»

У Цэнтральным унівэрсаме пустуюць паліцы з прадуктамі. Напрыклад, цяжкай задачай было адшукаць пакет сьвежага малака, а да канца тэрміну прыдатнасьці ёгуртаў заставаўся адзін дзень. Прычым амаль уся малочная прадукцыя прадстаўленая ў двух-трох экзэмплярах, то бок тры пакеты кефіру ў мясцовым ЦУМе — цалкам норма.

Амаль пустыя паліцы з малочнай прадукцыяй у ЦУМе ў Клінцах

Амаль пустыя паліцы з малочнай прадукцыяй у ЦУМе ў Клінцах

Прадавачка на касе тлумачыць:

«Танкаў нагналі ў горад, а ежы няма. Апошні раз бачыла ў 85-м годзе, як прадукты паступова зьнікалі з паліцаў. А цяпер у чым прычына? Незразумела...»

* * *

На працягу чэрвеня 28-й асобная мотастралковая дывізія працягне перадысьлякацыю ў Клінцы. Днямі частку наведае з праверкай галоўнакамандуючы войскамі Заходняй вайсковай акругі РФ. Міністэрства абароны Беларусі дагэтуль не камэнтуе падвышаную актыўнасьць расейскіх войскаў ля межаў краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG