Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы да вашага „Бацькі“ ў госьці прыехалі», — расейскія вайскоўцы ля беларускай мяжы


Танкі, «Грады» і некалькі тысяч салдат за 40 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю — чаго варта ад іх чакаць? Карэспандэнт Радыё Свабода адправілася ў лягер у Клінцах Бранскай вобласьці, куды на мінулым тыдні прыбылі расейскія войскі.

Цягам мінулага тыдня не аціхала інфармацыйная хваля вакол перадысьлякацыі 28-й асобнай мотастралковай брыгады Ўзброеных сілаў Расеі з Уралу ў Клінцы — гарадок за 40 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю і за 120 кілямэтраў ад Гомеля. Вядома, што афіцэры гэтай брыгады здабылі значны баявы досьвед у шэрагу кампаніяў: ад Другой чачэнскай і Цхінвалі да Сырыі.

Меркаваньні незалежных экспэртаў наконт мэты іх пераводу пад самую мяжу Беларусі падзяліліся. Гэтак, Аляксандар Алесін сьцьвярджае, што танкі ў Клінцах не нясуць відавочнай пагрозы для Беларусі і што разьмяшчэньне ўзбраеньняў сьведчыць пра палітычную, а не пра наступальную апэрацыю. Паводле Алесіна, тут выбудоўваецца «другая лінія абароны», каб падкрэсьліць недавер да Беларусі, якая дагэтуль лічылася асноўным ваенным хаўрусьнікам Расеі.

Тым часам аўтар расьсьледаваньняў на сайце Informnapalm Дзяніс Івашын упэўнены: войска разьмяшчаецца ўздоўж мяжы з разьлікам менавіта на Беларусь, а не на Ўкраіну, бо праз Клінцы праходзіць аўтамагістраль Гомель — Бранск і чыгунка Гомель — Унеча, а з Украінай такога транспартнага злучэньня тут няма. Івашын нагадвае, што для дэстабілізацыі становішча ў асобным рэгіёне не канечне павінны масава ўрывацца войскі, і прыводзіць прыклад Крыму. Выклікае асьцярогу і тое, што байцы 28-й мотастралковай брыгады былі заўважаныя ў баявых дзеяньнях на Данбасе — фота адтуль яны выкладвалі наўпрост у сацсеткі.

Байцы 28-й асобнай мотастралковай брыгады сьведчаць, што былі на Данбасе

Байцы 28-й асобнай мотастралковай брыгады сьведчаць, што былі на Данбасе

Блогеры Informnapalm паведамляюць, што летась старшы лейтэнант ракетнага дывізіёну Радзівон Забуноў пасьля гэтак званых «растоўскіх вучэньняў» атрымаў мэдаль РФ «За боевые отличия», які даюць толькі за выкананьне баявых задач, а не за ўдзел у вучэньнях.

Радзівон Забуноў і яго мэдаль «За боевые отличия», informnapalm.org

Радзівон Забуноў і яго мэдаль «За боевые отличия», informnapalm.org

Паводле расьсьледаваньня блогераў, «у 2014 годзе расейскія войскі абстрэльвалі ўкраінскія тэрыторыі з выкарыстаньнем тэхнікі «вандроўных батарэяў» — «Грады» працавалі як з памежных раёнаў Растоўскай вобласьці, так і з украінскай тэрыторыі, заяжджаючы туды ненадоўга і адыходзячы адразу назад за кардон.

Каб высьветліць, як настроеныя вайскоўцы ў самой брыгадзе, карэспандэнт Свабоды выправілася ў Клінцы.

«Хутка нешта будзе»

На чыгуначным вакзале ў Клінцах у вочы адразу кідаецца танкавая калёна. Зь дзясятак баявых машын стаяць за лічаныя мэтры ад месца, дзе спыняецца цягнік.

Танкі ля чыгункі ў Клінцах, фота Радыё Свабода

Танкі ля чыгункі ў Клінцах, фота Радыё Свабода

Пытаемся ў хлопца ў залі чаканьня, ці ведае ён, што адбываецца.

«Дык гэта да нас частку зь Екацярынбургу перавялі днямі — у горадзе толькі і гутарак, што пра ваенных. Падзея стагодзьдзя».

А кіроўца ў таксі ўпэўнена распавядае:

«Нарэшце будуць народ бараніць па-людзку! Як ад каго? Ад НАТО, зразумела. І ад хахлоў, калі тыя палезуць. Украіна побач — гэта вялікая небясьпека. Раней у Клінцах заўсёды стаялі падразьдзяленьні, пасьля грошы скончыліся, і іх прыбралі. Цяпер аднаўляюць: кажуць, да канца году 7 тысяч салдат прыедзе. Ракетныя войскі, верталётчыкі, пяхота — усе будуць. Ня толькі ў Клінцах, але і ў Навазыбкаве, бліжэй да вас. Пакуль вайны няма, то добра. А як пачнецца — куды ж вы схаваецеся?»

Сапраўды, мястэчка Навазыбкаў — за дзесяць хвілін язды ад мяжы. На гэтым тле дзіўна гучыць заява Дзьмітрыя Пяскова, які назваў перабольшваньнем інфармацыю пра ўзмацненьне групоўкі войскаў на беларускім напрамку і «абсурднымі» — зьвесткі пра актыўнасьць на памежжы.

Побач з гасьцініцай — маленькая кавярня, дзе зьбіраецца мясцовая моладзь. Наагул моладзі ў Клінцах мала, большасьць вучыцца ў Бранску, а дадому прыяжджае на выходныя. Гаворыць дзяўчына-студэнтка:

«Па горадзе ходзяць чуткі, быццам чакаецца нейкая правакацыя ад украінцаў: яны нас справакуюць, Расея будзе вымушаная адказаць, а сусьветнай супольнасьці зноў выставяць Расею агрэсарам. А наконт хлопцаў з Уралу — дык яны тут усяго тры дні, а ўжо да дзевак клінцоўскіх заляцаюцца, непрыгожа сябе паводзяць».

Яе сябры, зьдзіўленыя візытам замежных журналістаў, абступаюць нас з усіх бакоў:

«Вы не падумайце! Гэта ўкраінцам мы ня рады, асабліва бежанцам з Данбасу. Летась усе атрымалі дапамогу: кватэру, працаўладкаваньне, ды яшчэ хадзілі незадаволеныя, сварыліся зь мясцовымі... А беларусаў мы вельмі любім!»

Аналіз сацыяльных сетак (лякальнай суполкі «ЎКантакце») выяўляе агульную занепакоенасьць жыхароў рэгіёну. У камэнтарах пішуць: «Мне страшна... Няўжо нешта будзе?», «Няўжо я і мая сямʼя можам загінуць?». Людзі зьвяртаюцца да вайскоўцаў, каб тыя іх супакоілі: «Падкажыце, можа варта зьехаць куды далей ад мяжы?»

Жыхары Клінцоў занепакоеныя зьяўленьнем вайскоўцаў у горадзе

Жыхары Клінцоў занепакоеныя зьяўленьнем вайскоўцаў у горадзе

Пакуль насельніцтва нэрвуецца, салдаты тэрміновай службы спэцыфічна жартуюць у той жа суполцы, выкладваючы фота танкаў: «Тэхніка гатовая да бою! Ідзем захопліваць Нямеччыну».

Салдаты жартуюць у сацыяльных сетках

Салдаты жартуюць у сацыяльных сетках

«Едзем ва Ўкраіну», — пішуць салдаты з Екацярынбургу «Вконтакте»

«Едзем ва Ўкраіну», — пішуць салдаты з Екацярынбургу «Вконтакте»

«Бацька ўдала балянсуе, але базу сваю мы ўсё адно разьмесьцім»

Увечары наш мясцовы праваднік сказаў, што вайскоўцы ўвесь час ходзяць у горад «у самаволку», бязь ведама камандаваньня, і параіў зазірнуць у клюб «Падкова», каб пагутарыць зь імі ў неафіцыйнай атмасфэры. Там мы сустракаем некалькі кадравых афіцэраў пяхоты, апранутых «па форме». Пазнаёміліся з маёрам С. Ён сядае на ганак і павольна закурвае цыгарэту, гледзячы ўдалечыню: «Ведаеце, што самае страшнае? Атрымаць загад № 1. Памятаю, як у Растове былі — днямі чакалі невядома чаго. Цябе не пытаюцца — проста пасылаюць, і ўсё».

На пытаньне пра неабходнасьць разьмяшчэньня побач зь Беларусьсю маёр кажа:

«Лукашэнка пачаў на Захад паглядваць, вось дзядзя Вова і вырашыў яго напружыць. Пакуль балянсуе паміж дзьвюма табурэткамі. Мы вайны ня хочам, але яму вельмі не рэкамэндавалі пускаць НАТО. Тут да Гомеля ехаць менш чым дзьве гадзіны, а да мяжы 40 кілямэтраў. Якая ўжо розьніца? Лічы, мы да вашага Бацькі ў госьці прыехалі. А ведаеш, якая прыцэльная дальнасьць у „Града“, напрыклад?»

Маёр С. упэўнены: расейская база ў хуткім часе зьявіцца ў Беларусі: «Гэта для вас Бацька на публіцы кажа, што не. А паміж сабой яны даўно дамовіліся, проста чакаюць зручнага моманту. А вы што, хочаце, каб НАТО прыйшло?!»

Маёр — вэтэран другой чачэнскай вайны. Трапіў у 18 год у Аргунскую цясьніну, выжыў і вырашыў застацца ў войску. Пазьней прайшоў Паўднёвую Асэтыю. Яго сябар, старшы лейтэнант, нядаўна быў у Сырыі. Старшы сяржант Е. пацьвердзіў, што многія з прысутных удзельнічалі ў баявых дзеяньнях:

«Ды нас да 2007 году доўга ня думалі, куды пасылаць. Без пытаньняў — у Чачню. Я фатаздымкі чачэнскія дагэтуль нават жонцы не паказваў. Страшна было ўзгадваць»

Пра Сырыю вайсковец распавядае, нібыта апраўдваючыся:

«Не, ну а што? У Сырыі ж усё афіцыйна, ня як з Украінай!»

Празь дзьве гадзіны сьцямнела, вячэра скончылася, і афіцэры замовілі гарэлкі. Калі тая была выпітая, кампанія выклікала таксоўку ехаць у лазьню. Старлей гучна жаліўся: грошы прайграў на спартовых стаўках, цяпер няма чым расплаціцца з кіроўцам.

«Прапаршчык жыве за наш кошт»

На сьвітаньні мы з правадніком падышлі да лягера ў зоне чыгункі. Раней СМІ пісалі: вайскоўцы жывуць у мабільных намётах. Але ніякіх намётаў на месцы не было. На зямлі, паміж БТРам і танкам, чатыры вайскоўцы сьпяць проста на зямлі, нават бяз спальных мяшкоў. Паміж імі дагарае вогнішча, вакол ходзяць сабакі.

Лягер вайскоўцаў побач з вакзалам у Клінцах, фота Радыё Свабода

Лягер вайскоўцаў побач з вакзалам у Клінцах, фота Радыё Свабода

Разгаварыліся з паставым — 18-гадовым салдатам тэрміновай службы. Хлопец падышоў і сам пачаў распавядаць амаль шэптам:

«Нас увогуле ніяк не рыхтавалі да пераводу сюды! Ані лекцыі па ідэалёгіі, ані адмысловага сходу перад адʼездам. І мы ходзім у самаволку, і кантрактнікі ходзяць. Як вяртаемся на базу — ведаеце, чым займаемся? Бачыце мэталічны дрот, якім лякаматыў прывязваюць да рэек? Мы па загадзе прапаршчыка гэты дрот адразаем і прадаём у горад. Пасьля купляем усё, што яму трэба, цыгарэты, ежу. Падумайце толькі — жыве за наш кошт! А нам добра, калі адзін сухі паёк на траіх. У дарозе дык на пяцярых адзін давалі. Увогуле служыць падабаецца, канечне, тут весела... Заўжды хацеў у войска, бо я патрыёт».

* * *

У расейскім Міністэрстве абароны перадысьлякацыю 28-й асобнай мотастралковай брыгады называюць «адным з захадаў у адказ на павелічэньне інтэнсіўнасьці вучэньняў НАТО». Мінабароны Беларусі адмовілася камэнтаваць сытуацыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG