Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упраўленьне гандлю Магілёўскага аблвыканкаму: «Крым украінскі!»


Упраўленьне гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкаму рэкамэндавала суб’ектам гандлю Магілёва пазьбягаць продажу палітычных мапаў сьвету і глёбусаў, на якіх тэрытарыяльная прыналежнасьць Крыму адрозьніваецца ад агульнапрызнанай сусьветнай супольнасьцю.

Такую пазыцыю выказала ўпраўленьне гандлю першаму намесьніку старшыні Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігару Барысаву, спаслаўшыся на інфармацыю, атрыманую зь Міністэрства замежных спраў Беларусі.

«Генэральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю 68/262, якая падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах і якая не прызнае зьмяненьняў статусу Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Сэвастопаля па выніках праведзенага 16 сакавіка 2014 году агульнакрымскага рэфэрэндуму», — адпісалі з упраўленьня гандлю партыйцу, які дамагаецца, каб з магілёўскіх кнігарняў прыбралі з продажу глёбусы з «расейскім Крымам».

Ігар Барысаў
Ігар Барысаў

«Гэта ўжо прагрэс, што чыноўнікі пасьля маёй скаргі зьвярнулі ўвагу на тое, што ў крамах прадаюць глёбусы і палітычныя мапы, якія не адпавядаюць афіцыйнай пазыцыі Беларусі наконт статусу Крыму, — камэнтуе адказ з аблвыканкаму Ігар Барысаў. — Спадзяюся, што гэтая рэкамэндацыя ня будзе пустым гукам, а будзе мець практычнае прымяненьне. Акрамя таго пастаўшчыкі, калі будуць прапаноўваць свае тавары, будуць улічваць пазыцыю Беларусі і асаблівасьці беларускага рынку, а не «пад шумок» прадаваць тое, што прадаецца ў Расею зь меркаваньнем кан’юнктуры з «расейскім Крымам».

Глёбусы з «расейскім Крымам», якія прадаюць у Магілёве, вырабленыя польскай фірмай «ZACHEM-GŁOWALA». На запыт Свабоды дырэктар фірмы Кшыштаф Главала адпісаў, што «лёс Украіны не абыякавы для нас», «мы ня згодныя з анэксіяй Крыму Расеяй, паважаем рашэньне Польшчы і Эўрапейскага Зьвязу і не прызнаем збройнай акупацыі і анэксіі сувэрэннай тэрыторыі Ўкраіны — Крыму Расейскай Фэдэрацыяй».

Аднак нягледзячы на такія заявы кіраўнік польскай фірмы адзначыў:

«На працягу многіх гадоў мы працуем з кампаніямі ў Расейскай Фэдэрацыі і супрацоўніцтва заўсёды працякала без праблем. Мы ўмоўна прынялі, што не павінны ўмешваць палітычныя пытаньні ў нашае супрацоўніцтва, і пакуль усё складаецца добра.

У той час, калі Расея зьдзейсьніла анэксію Крыму, мы атрымалі інфармацыю ад нашых кліентаў з Расеі, што расейскі ўрад зацьвердзіў Крым як тэрыторыю Расеі, і таму яны павінны замаўляць глёбусы з расейскім Крымам, бо таго хоча рынак, і яны хочуць прадаваць на расейскім рынку такія глёбусы, іначай павінны зьмяніць пастаўшчыка глёбусаў».

На думку Ігара Барысава, на беларускі рынак глёбусы з «расейскім Крымам» трапілі праз асаблівасьць моўнай сытуацыі ў Беларусі. Афіцыйна адной зь дзяржаўных моваў Беларусі лічыцца расейская, тлумачыць партыец, а глёбусы расейскамоўныя, таму і прадаюцца ў беларускіх кнігарнях.

«Для польскіх вытворцаў рынак Беларусі замалы. Ён непараўнальны з расейскім. Таму яны штампуюць расейскамоўныя глёбусы для Расеі, і ў іх сфэру інтарэсаў трапляюць краіны-сатэліты Расеі, якія маюць другую мовы расейскую. Маўляў, няхай і яны набываюць, нягледзячы на тое, што іх дзяржавы не прызнаюць анэксіі Крыму. Як кажуць: «Бізнэс ёсьць бізнэс», — выказвае меркаваньне намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG