Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польская фірма адказала Свабодзе, чаму прадае глёбусы з расейскім Крымам


Глёбус з «расейскім Крымам» у вітрыне адной з магілёўскіх кнігарняў

Глёбус з «расейскім Крымам» у вітрыне адной з магілёўскіх кнігарняў

Фірма, якая робіць мапы і глёбусы, патлумачыла Свабодзе, чаму Крым на яе прадукцыі пазначаны як частка Расеі: «Гэта замова нашых расейскіх партнэраў».

У магілёўскіх кнігарнях і крамах канцылярскіх тавараў прадаюць глёбусы, на якіх Крым пазначаны як частка Расеі. Між тым Беларусь афіцыйна не прызнае вынікаў рэфэрэндуму аб далучэньні Крыму да Расеі і засьцерагае грамадзянаў ад наведваньня акупаванага паўвострава.

Свабода адправіла запыт кіраўніцтву польскай фірмы-вытворцы гэтай прадукцыі «ZACHEM-GŁOWALA» з просьбай патлумачыць, чаму Крым на яе глёбусах пазначаны як частка Расейскай Фэдэрацыі.

«На працягу многіх гадоў мы працуем з кампаніямі ў Расейскай Фэдэрацыі і супрацоўніцтва заўсёды працякала без праблем. Мы ўмоўна прынялі, што не павінны ўмешваць палітычныя пытаньні ў нашае супрацоўніцтва, і пакуль усё складаецца добра.

У той час, калі Расея зьдзейсьніла анэксію Крыму, мы атрымалі інфармацыю ад нашых кліентаў з Расеі, што расейскі ўрад зацьвердзіў Крым як тэрыторыю Расеі і таму яны павінны замаўляць глёбусы з расейскім Крымам, бо таго хоча рынак і яны хочуць прадаваць на расейскім рынку такія глёбусы, іначай павінны зьмяніць пастаўшчыка глёбусаў», — напісаў дырэктар «ZACHEM-GŁOWALA» Кшыштаф Главала.

На іншых глёбусах фірмы Крым уваходзіць у склад Украіны

На іншых глёбусах фірмы Крым уваходзіць у склад Украіны

Кіраўнік фірмы разам з тым адзначыў, што «лёс Украіны не абыякавы для нас», «мы ня згодныя з анэксіяй Крыму Расеяй, паважаем рашэньне Польшчы і Эўрапейскага Зьвязу і не прызнаем збройнай акупацыі і анэксіі сувэрэннай тэрыторыі Ўкраіны — Крыму — Расейскай Фэдэрацыяй».

Таксама фірма паведамляе, што ў Польшчы не прадае глёбусаў, дзе Крым пазначаны адным колерам з Расеяй. А з новых расейскамоўных мапаў і глёбусаў, якія пастаўляюцца ў Расею, прыбярэ свой лягатып і зьмесьціць на іх пазнаку: «Глёбус выраблены на замову і прызначаны для продажу на рынак Расейскай Фэдэрацыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG