Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чый Крым? Вайна глёбусаў дакацілася да Беларусі


Глёбус з «расейскім Крымам» у вітрыне адной з магілёўскіх кнігарняў

Глёбус з «расейскім Крымам» у вітрыне адной з магілёўскіх кнігарняў

Арганізацыя-імпартэр глёбусаў з «расейскім Крымам»: «Адказнасьць за іх выраб нясе польскі вытворца».

У магілёўскіх кнігарнях і некаторых крамах канцылярскіх тавараў прадаюць глёбусы, на якіх Крым пазначаны як частка Расеі. Пабачыць такую прадукцыю з анэксаванай часткай Украіны можна і ў вітрынах крамаў. Між тым Беларусь афіцыйна не прызнае вынікаў рэфэрэндуму аб далучэньні Крыму да Расеі і засьцерагае грамадзянаў ад наведваньня акупаванага паўвострава.

У прыватных гутарках супрацоўнікі кнігарняў кажуць, што прэтэнзіяў да глёбусаў з «расейскім Крымам» не паступала. «І наагул, — дадаюць, — набываючы тавар, ніхто не зьвяртае ўвагі, чый Крым».

Магілёўскі актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў глёбусы з «расейскім Крымам» заўважыў у мясцовым унівэрмагу і зьвярнуўся ў аддзел гандлю і ідэалёгіі гарвыканкаму, каб гэтую прадукцыю зьнялі з продажу.

«Каб яны ня ўводзілі ў зман пакупнікоў, бо Беларусь афіцыйна не прызнае анэксіі Крыму і гэта неаднойчы падкрэсьліваў кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка», — тлумачыць сваю пазыцыю партыец.

На ягоную думку, прынятае чыноўнікамі рашэньне будзе палітычным. Актывіст лічыць, што глёбусы зь недакладнай інфармацыяй нясуць пагрозу.

«На побытавым узроўні адбываецца культурная экспансія. Простыя людзі, не абазнаныя ў пытаньнях міжнароднай палітыкі, набыўшы глёбус і пабачыўшы, што Крым ужо расейскі, зробяць высновы, што так яно і ёсьць насамрэч. Я спадзяюся, што гэтыя глёбусы будуць зьнятыя з продажу».

Вітрына кнігарні

Вітрына кнігарні

У акцыянэрным таварыстве «Магілёўсаюздрук», якому падпарадкоўваюцца мясцовыя кнігарні, устрымаліся ад камэнтароў. Заявілі, што будуць разьбірацца з сытуацыяй.

Як пазначана на цэньніках, глёбусы польскай вытворчасьці ў Беларусь пастаўляе акцыянэрнае таварыства «Мартэк». На пытаньне, ці зьвяртаюць увагу ў таварыстве на дакладнасьць інфармацыі, разьмешчанай на імпартаванай прадукцыі, яго супрацоўніца адказала, што так.

«Мы цудоўна ведаем, што там пазначана, але ніяк ня можам паўплываць на вытворцу. Гэта ня наша пазыцыя», — зазначыла яна.

«Па-першае: вытворцам гэтага глёбуса не зьяўляюцца прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь. Гэта вытворчасьць Рэспублікі Польшча. Па-другое, глёбус — ня мапа і не навучальны дапаможнік, а сувэнірная прадукцыя. Мы, на жаль, ніяк ня можам паўплываць на тое, паводле якіх міжнародных актаў вытворца нанёс інфармацыю. Але паколькі ён вытворца, то і нясе адказнасьць».

Вырабляе глёбусы з «расейскім Крымам» польская фірма «ZACHEM-GŁOWALA».

У каманіі «ZACHEM-GŁOWALA» Свабодзе паабяцалі бліжэйшчым часам пракамэнтаваць сытуацыю ў адказе на пісьмовы запыт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG