Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьвеце ўзгадваюць ахвяраў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС


У аўторак адзначаецца 30-годзьдзе аварыі, якая стала найбуйнейшай у гісторыі сусьветнай атамнай энэргетыкі.

У Беларусі, ва Ўкраіне і ў Расеі, у краінах Эўропы і ў ЗША ўзгадваюць ахвяраў катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі, якая адбылася 30 гадоў таму.

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка 26 красавіка адправіцца ў рэгіёны, пацярпелыя ад катастрофы. Менскі выканкам даў дазвол на правядзеньне акцыі беларускай апазыцыі «Чарнобыльскі шлях». Пра гэта паведаміў у «Фэйсбуку» лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Кабінэт міністраў Украіны аднавіў права на даплаты для грамадзян, якія працуюць у зоне адчужэньня Чарнобыльскай АЭС. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні на сайце ўраду Ўкраіны. Гендырэктар ЧАЭС Ігар Грамоткін заклікаў Маскву і Кіеў аднавіць супрацоўніцтва па Чарнобылі. Па словах дырэктара, ядзерная бясьпека — гэта сфэра дзейнасьці, якая знаходзіцца па-за межамі палітычных адносінаў.

На Міцінскіх могілках Масквы ў сераду пройдзе жалобны мітынг, прысьвечаны гадавіне аварыі. На могілках адкрыта Алея Славы, на якой пахаваныя 28 пажарных з Расеі, Украіны і Беларусі, якія загінулі пры ліквідацыі аварыі на ЧАЭС.

Урад ЗША дасьць Украіне дадаткова 10 мільёнаў даляраў на ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Пра гэта паведаміў у панядзелак кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамэнту ЗША Джон Кірбі ў сувязі з 30-й гадавінай катастрофы ў Чарнобылі.

Ён адзначыў, што ЗША назіраюць прагрэс у стварэньні новага, разьлічанага на эксплюатацыю на працягу 100 гадоў, сховішча для чацьвёртага энэргаблёку АЭС, на якім у 1986 годзе адбыўся выбух. Вашынгтон мае намер працягваць працаваць з Кіевам і міжнароднымі партнэрамі над паляпшэньнем умоваў жыцьця ў зоне аварыі і ва ўсёй краіне, заявіў Кірбі.

Эўрапейская камісія абавязалася ў панядзелак перавесьці на рахунак «ядзернай бясьпекі» каля 20 мільёнаў эўра, якія зьяўляюцца часткай траншу, што ўносіць Эўразьвяз і краіны «Вялікай сямёркі» ў дадатак да ўжо выдаткаванай дапамогі па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

У выніку выбуху на станцыі быў цалкам разбураны чацьвёрты энэргаблёк ЧАЭС. Аварыя, паводле ацэнак спэцыялістаў, стала найбуйнейшай за ўсю гісторыю атамнай энэргетыкі.

XS
SM
MD
LG