Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне настойліва раілі рабіць аборт» — чаму «чарнобыльцы» ня ходзяць на мітынгі ў памяць 26 красавіка?


Знак “радыяцыйнай небясьпекі” ля адной з пахаваных вёсак Краснапольскага раёну

Знак “радыяцыйнай небясьпекі” ля адной з пахаваных вёсак Краснапольскага раёну

26 красавіка ў гадавіну аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ля памятных знакаў ахвярам катастрофы і пахаваным вёскам пройдуць жалобныя мітынгі, арганізаваныя праўладнымі грамадзкімі аб’яднаньнямі. Прамоўцы будуць казаць пра шматмільярдныя ўкладаньні ў аздараўленьне забруджаных земляў, разьвіцьцё сацыяльнай інфраструктуры для тых, хто жыве на забруджаных тэрыторыях. Не прамінуць і адзначыць выключную ролю дзяржавы ў пераадоленьні наступстваў катастрофы.

Такія мітынгі, аднак, акрамя адмыслова запрошаных, зрэдку наведваюць тыя, хто пацярпеў ад Чарнобыля — звычайныя вяскоўцы, якія працягваюць жыць на забруджаных тэрыторыях, альбо тыя, хто вымушаны быў пакінуць родныя мясьціны.

Тыя, хто застаўся ў зоне радыяцыйнага забруджаньня альбо выехаў падалей ад небясьпекі, у сваіх аповедах не прамінаюць адзначыць, што мелі да Чарнобыля і што страцілі празь яго. Найчасьцей, асабліва людзі сталага веку, прыгадваюць, якім было жыцьцё ў іх родных мясьцінах, пакуль не прыйшла радыяцыйная бяда.

Напярэдадні гадавіны Чарнобыльскай катастрофы мэмарыял пахаваным вёскам у Слаўгарадзе выглядае забытым

Напярэдадні гадавіны Чарнобыльскай катастрофы мэмарыял пахаваным вёскам у Слаўгарадзе выглядае забытым

«Тут хата была, тут хата была. Адсюль выехалі. А ў гэтай паўміралі ўсе. А раней вёска наша была вялікая і саўгас быў. Мы ж тут усе за сваё трымаемся, таму і засталіся», — гэтак казалі пра мінулае і сучаснае жыхары слаўгарадзкай вёскі Дубна. Гэтае паселішча ў зоне з правам на адсяленьне.

«Як ня ведаеш, дык ня страшна...»

Старыя пры згадцы таго, колькі год мінула з аварыі на Чарнобыльскай АЭС, асуджана выгуквалі: «Гэта ж тры дзясяткі гадоў...». Разам з тым, усе, з кім даводзілася гаварыць пра наступствы аварыі на ЧаЭС, прызнаваліся, што дзень 26 красавіка неяк па-асабліваму не пражываюць. Будзённыя клопаты ў «зоне» прытупілі адчуваньне небясьпекі. «Усё адно паміраць», — заяўляць тамтэйшыя вяскоўцы.

Ля памятнага знаку ні вянку, ні кветкі. Чыста... Прыйдуць, кажуць

Ля памятнага знаку ні вянку, ні кветкі. Чыста... Прыйдуць, кажуць

«Ніхто з тых, хто жыве ў вёсцы, гэты дзень не адзначае. Мо муж чарку-другую вып’е. І тады, і цяпер нічога кепскага мы ж не адчуваем. Нам толькі празь нейкі час пасьля Чарнобыля пачалі казаць пра небясьпеку ад яго. А тады, у 1986 годзе, з простых людзей няшмат хто ведаў, што ж адбылося на атамнай станцыі. Плацілі нам „грабавыя“, а потым сказалі: „Радыяцыі ўжо няма“. І перасталі плаціць... Я вам скажу, як ня ведаеш пра нешта страшнае, дык яно ж і лепей. А як даведаўся, дык горай становіцца», — пераказала сваё разуменьне сытуацыі жыхарка Дубны.

Жыхарцы зь іншай слаўгарадзкай вёскі Сычын у 1986 годзе было крыху болей за дзесяць год. Пра падзеі, якія зьмянілі жыцьцё тысяч сем’яў і ейную таксама, жанчына мала што ведае. Прызнаецца, што згадваецца Чарнобыль, як пачынаюць пра яго казаць.

У вёсцы Дубна. З кінутай сядзібы засталіся руіны

У вёсцы Дубна. З кінутай сядзібы засталіся руіны

«Я ж тады была дзіцём, і ў мяне вострых успамінаў пра тыя падзеі не захавалася. Страшнага не прыгадваецца, дзякаваць Богу. Вывозілі нас на аздараўленьне ў Ленінградзкую вобласьць, але нідзе лепей за родную нашу вёску не было», — апавядала вяскоўка.

«Цяпер санэпідэмстанцыя прыяжджае да нас. Правярае на радыяцыю ваду, тое, што вырошчваем самі: бульбу, буракі. Потым нас інфармуюць, ці можна гэта ўсё есьці. Выпадкаў, каб перавышэньне адзначалася, не было...»

Вёска Дубна. Людзкую вясковую мітусьню ў Дубне замяніў статак коз

Вёска Дубна. Людзкую вясковую мітусьню ў Дубне замяніў статак коз

Сычын таксама — вёска з правам на адсяленьне. У паселішчы жыве меней за дзесяць чалавек. Многія суседнія вёскі даўно пахаваныя і пасьпелі зарасьці сасоньнікам.

«Пазбаўцеся ад дзіця. Пераедзьце ў „чыстыя мясьціны“ і там народзіце...»

«Мне згадваецца Чарнобыль толькі адным: я ў той час хадзіла цяжарнай, — апавядала пра свой Чарнобыль жыхарка дрыбінскай вёскі Расна. Яна разам з бацькамі вымушаная была зьехаць са Слаўгарадзкага раёну на пачатку 1990-ых. Яе роднае паселішча Старынка пахаванае.

«Мне лекары настойліва раілі рабіць аборт. Давалі зразумець, што дзіця можа нарадзіцца нездаровым. Казалі: вы ж разумееце, што можа быць. Пазбаўцеся ад дзіця. Пераедзьце ў „чыстыя мясьціны“ і там народзіце. Гэтак я да адсяленьня і хадзіла цяжарнай, баючыся за дзіця. І як хлопчык нарадзіўся, адразу пачала глядзець, ці рукі на месцы, ножкі... Не пераказаць словамі, што перажыла. Многіх парадзіх тады адпраўлялі ў Менск. Некаторых немаўлят адпраўлялі ў Менск, нават не паказаўшы маці. Вось у мяне такім застаўся ў памяці Чарнобыль. Дзякаваць Богу, нарадзілася здаровым дзіця», — згадала жанчына.

Суседняя з Дубна вёска Старая Каменка. Вяскоўцы зьехалі. Лаўка ля мэмарыялу савецкім салдатам засталася

Суседняя з Дубна вёска Старая Каменка. Вяскоўцы зьехалі. Лаўка ля мэмарыялу савецкім салдатам засталася

Ейнай суседцы, таксама перасяленцы, але з Краснапольскага раёну, далёка за восемдзесят. На пытаньне, якім прыгадваецца ёй Чарнобыль і ці адзначае яна неяк 26 красавіка, адказала: «Ай, згадваем!».

«Штогод жа езьдзім на Радаўніцу ў родную Расамаху, якой ужо няма, на могілкі. На іх многа людзей прыяжджае, у каго тэхніка ёсьць. Пра многае нагамонімся. Ня ведаю, ці паеду сёлета. Сілы ня тыя. Пахаваюць мяне, відаць, тут, у Расна, але пабыць там хочацца, — апавядала пра свой Чарнобыль кабета. — Наша хата ў вёсцы прастаяла даўжэй за астатнія, але і яе закапалі. Як Чарнобыля не было б, дык можа і жыцьцё іначай склалася. Не на чужыне. Нас жа змусілі зьехаць, а так бы людзі і жылі там».

Сычын. У адной з кінутых хат

Сычын. У адной з кінутых хат

«А пра радыяцыю людзі ведалі, — працягваючы, заўважыла суразмоўніца. — Я рабіла ў калгасе брыгадзірам. У нас два гады пасьля Чарнобылі стаялі, як іх тады звалі партызаны. Згортвалі верхні пласт зямлі. А што толку? Радыяцыя ж ад гэтага ня зводзілася. Яе яшчэ болей станавілася...»

«Жылі на забруджаных тэрыторыях, перасялілі — і мы не пацярпелыя»

Перасяленцы ня лічацца пацярпелымі ад Чарнобыльскай аварыі, хаця ва ўмовах павышанай радыяцыі жылі не адзін год. У гутарках з журналістам многія зь іх прыгадвалі, як яны заўважалі, несправядлівыя сытуацыі.

Могілкі пахаванай вёскі Вепрын. Вянкі і белыя стужкі на крыжах, як памяць, што памерлыя сваякі не забытыя

Могілкі пахаванай вёскі Вепрын. Вянкі і белыя стужкі на крыжах, як памяць, што памерлыя сваякі не забытыя

«Да нас прыяжджала крамніца з райцэнтру. Адпрацуе восем гадзін — і дамоў. Ёй далі статус пацярпелай, а нам, што жылі на забруджанай тэрыторыі чатыры гады да высяленьня, дык не. Выходзіць, што яна больш радыяцыі набрала», — згадала была адзін з такіх прыкладаў жыхарка з ужо пахаванай вёскі Чудзяны, дзе быў зафіксаваны самы высокі ўзровень радыяцыі.

На адным з афіцыйных жалобных мітынгаў у Магілёве ў гадавіну Чарнобыля

На адным з афіцыйных жалобных мітынгаў у Магілёве ў гадавіну Чарнобыля

«Усе чатыры гады мы працавалі на зямлі. Толькі ў апошні год нам сталі казаць, што таго нельга рабіць, таго, але працаваць жа трэба было — і кароў даіць, і малако зьбіраць у насельніцтва. Які там Чарнобыль быў і радыяцыя...» — зазначыла жанчына.

«Чарнобыль — трагедыя, якой вучні не надаюць асаблівай увагі»

«Вядома ж, Чарнобыль — гэта трагедыя для нас, бо ён зламаў нам жыцьцё», — выказалася адна з настаўніц-перасяленак.

«У школе мы расказваем дзецям, што Чарнобыль — вялікая трагедыя. Дзеці ў пасёлку для перасяленцаў ведаюць пра гэты дзень, аднак, мне падаецца, што яны асаблівай увагі не надаюць гэтаму дню і наступствам ад яго. У сем’ях перасяленцаў ды тых, хто сутыкнуўся з гэтай бядой, не гавораць пра яе. Раз на год выберуцца на могілкі, на Радаўніцу, ды й на год забыліся пра Чарнобыль...»

XS
SM
MD
LG