Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прапаганду Беларускай АЭС прымеркавалі да 30-й гадавіны аварыі на ЧАЭС, ці перажыло грамадзтва чарнобыльскія страхі?

Каліноўскі: Шмат мерапрыемстваў, выразна прапагандысцкіх, прысьвечаных будаўніцтву Беларускай АЭС, адбылося акурат падчас 30-годзьдзя гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэта часткова і зьбег абставінаў, паколькі ужо восьмы год у Менску у гэты час расейская дзяржкарпарацыя «Росатом» і міністэрства энэргетыкі Беларусі ладзяць выставу і канфэрэнцыю «Атамэкспа — Беларусь», і вынік занепакоенасьці літоўскай і беларускай грамадзкасьці.

Але менавіта ў гэтым годзе на выставу, якая раней не прыцягвала асаблівай увагі грамадзтва і прэсы, прыехаў генэральны дырэктар МАГАТЭ Юкія Амато. А межах візыту дырэктара МАГАТЭ на Беларускую АЭС адбыўся і прэс-тур беларускіх і замежных журналістаў, дарэчы, другі за апошні месяц. Так што інфармацыі пра АЭС у розных СМІ было больш чым дастаткова, для яе было шмат нагодаў. Але паралельна сваю занепакоенасьць будаўніцтвам АЭС выказалі і літоўскія палітыкі, якія правялі адмысловую канфэрэнцыю сумесна з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. У выніку адбыўся такі інфармацыйны ўкід, і беларускае грамадзтва сьцяміла, што АЭС ужо практычна збудаваная, прынамсі, першы энэргаблёк. І, паколькі нам цяпер з гэтай АЭС побач жыць, то трэба расплюшчыць вочы і пачаць цікавіцца і будаўніцтвам, і мерамі бясьпекі, і эканамічнай эфэктыўнасьцю праекту, то бок усім тым, што беларусам да апошняга было зусім нецікава.

Па зьвестках сацыёлягаў, сёньня каля паловы беларусаў падтрымліваюць будаўніцтва АЭС, каля 20% супраць, а вось 30% ужо шмат гадоў ніяк не вызначыцца з выбарам, хоць станцыя ужо фактычна пабудаваная — на 71% першы блёк. Нарэшце, да АЭС зьявіўся інтарэс у грамадзтве.

Мы з вамі, калегі, не спэцыялісты, але тым не меней — ці можна давяраць расейскім праекціроўшчыкам, ці вынесьлі яны ўрокі з Чарнобыльскай аварыі, ці вартая даверу тая «пастка расплаву» і «другая падвойная абалонка» — know how у атамнай энэргетыцы, якая паводле расейскіх праекціроўшчыкаў надзейна абароніць Беларускую АЭС ад пагроз кшталту чарнобыльскай. І ці гатовае ім паверыць і беларускае грамадзтва?

Дракахруст: Прывяду іншыя сацыялягічныя дадзеныя Незалежнага інстытуту сацыялягічных, эканамічных і палітычных дасьледваньняў. Там карціна не такая адназначная, паводле дадзеных інстытуту зараз грамадзтва прыкладна пароўну падзялілася ў гэтым пытаньні, зь невялікай перавагай тых, хто супраць. 34% — за, 37% — супраць. Паводле апытаньняў гэтага цэнтру яшчэ некалькі гадоў таму была выразная перавага тых, хто супраць. У адрозьненьне ад бравурных дадзеных інстытуту сацыялёгіі Акадэміі Навук паводле дадзеных НІСЭПД грамадзтва расколатае ў гэтым пытаньні.

Чарнобыль — кепскі праект станцыі, таму яна і ўзарвалася

І прычына відавочная — гэта Чарнобыль. Пад гадавіну гэтыя страхі і перасьцярогі ўзмацняюцца. Таму і зладзілі гэтую кампанію, у тым ліку з запрашэньнем дырэктара МАГАТЭ, каб паказаць, што ў нас добра ўсё робіцца, у адрозьненьне ад таго, як рабілася тады. Вось Чарнобыль — кепскі праект станцыі, таму яна і ўзарвалася, а ў нас усё будзе добра.
Наколькі добрыя расейскія рэактары? Як бачым, узрываюцца рэактары і ў японцаў. З другога боку, Расея ўваходзіць у сусьветны сьпіс краінаў, якія такія станцыі будуюць, гэта прызнана МАГАТЭ. У яе купляюць станцыі не толькі Беларусь, але і эўрапейскія краіны, азіяцкія краіны. Напэўна, можна сказаць, што якасьць будзе не такая, як калі б будавалі, скажам, амэрыканцы ці японцы. Але прыклад Фукусімы паказвае, што нават высокая якасьць не гарантуе ад нечаканасьцяў.

Карбалевіч: Цяжка казаць пра тэхнічныя парамэтры гэтай станцыі. Аднак заўважу, што аналягаў таго рэактару, які будуецца ў Беларусі, няма ў Расеі. А наколькі гэта ўсё надзейна — гэта якраз той выпадак, калі, як кажуць, «ускрыцьцё пакажа». Калі будзе аварыя, тады ўсё і высьветліцца, як ні трагічна гэта гучыць.

Увесь час пасьля Чарнобыля ўлада імкнецца прыменшыць ягоныя нэгатыўныя наступствы, зьменшыць страхі і перасьцярогі людзей. Маўляў ўсё нармальна, усё пад кантролем, мы справіліся з той бядой. Так рабілі савецкія ўлады, так робіць і цяперашні рэжым.

Шмат гадоў сярод экспэртаў была распаўсюджаная думка, што Беларусь — чарнобыльская нацыя. Маўляў, наступствы Чарнобыля такія вялікія, што яны ўплываюць на мэнталітэт, сьвядомасьць, эканамічную палітыку, дзяржаўны лад і інш. Напрыклад, Юрый Шаўцоў выводзіў беларускую сацыяльную мадэль наўпрост з Чарнобыля, маўляў, патэрналісцкая мадэль дзяржавы — гэта адэкватны адказ на існаваньне вялікай колькасьці «чарнобыльцаў», то бок, сацыяльна неабароненых людзей, з нізкімі рэсурсамі, якім патрэбная апека з боку ўлады. І сапраўды, гэтымі 30 гадамі ў Беларусі было шмат чарнобыльскіх арганізацый, якія займаліся рэабілітацыяй людзей. Шмат дзяцей вывозілі за мяжу на аздараўленьне па чарнобыльскіх праграмах.

Большасьць насельніцтва абсалютна абыякава ўспрыняла гэтую навіну — ніякіх пратэстаў

Але будаўніцтва ў Беларусі АЭС, на мой погляд, цалкам разбурае гэтую інтэлектуальную канструкцыю. Большасьць насельніцтва абсалютна абыякава ўспрыняла гэтую навіну — ніякіх пратэстаў. Зьвярніце ўвагу, нават моцнага экалягічнага руху, уплывовай зялёнай партыі не ўзьнікла. На палітычнай арэне былі бачны нацыяналістычныя, лібэральныя, сацыялістычныя, камуністычныя, хрысьціянскія партыі. А зялёнай няма, хіба што ў выглядзе фэйку, як падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў Ніякай постчарнобыльскай нацыі няма. Гэта міт.

Што тычыцца АЭС, то ніякай эканамічнай мэтазгоднасьці ў яе будаўніцтве няма. Гэта палітычны праект, з самага пачатку стратны, ён не акупіцца ніколі.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG