Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыль і Прыпяць: самасёлам у зоне турысты везьлі каньяк Hennessy і каўбасныя далікатэсы


Інжынэр атамнай станцыі Ўладзімер Вярбіцкі, ураджэнец Беларусі, паказаў карэспандэнту Свабоды «мёртвыя» гарады.

Трапіць на Чарнобыльскую АЭС цяпер значна цяжэй, чым у 1986 годзе, калі выбухнуў яе чацьвёрты энэргаблёк, альбо нават празь дзесяць гадоў пасьля катастрофы, калі Ўкраіна стала ўжо незалежнай.

Група сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў найперш зрабіла замову ў Дзяржаўнай агенцыі Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня, запоўніла заяўкі на дазымэтрычны кантроль, заплаціла 2000 грыўняў за распрацоўку праграмы, а таксама па 620 грыўняў з чалавека за наведваньне і страхоўку — і выправілася ў дарогу.

Дзьве траціны семʼяў атамшчыкаў распаліся

Ад КПП «Дзіцяткі», што ў Іванкаўскім раёне Кіеўскай вобласьці, да ЧАЭС каля трох дзесяткаў кілямэтраў. Нас, журналістаў, правяралі тут амаль гэтаксама, як на любой мяжы. Толькі рабілі гэта не памежнікі, а ўкраінская паліцыя. Спраўджваў сьпіс, пашпарты і асобы таксама й прадстаўнік Дзяржаўнай агенцыі Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня Ўладзімер Вярбіцкі.

Наперадзе — Чарнобыльская АЭС

Наперадзе — Чарнобыльская АЭС

«Вы ж разумееце, што гэта ня просты абʼект, а ядзерны, — казаў Вярбіцкі. — Збройны канфлікт на ўсходзе Ўкраіны тым больш не дае падставаў расслабляцца. Зона вакол АЭС ахоўваецца па ўсім пэрымэтры. Існуе і супрацьпаветраная абарона станцыі».

Уладзімер Вярбіцкі — адзін з тых 600 тысяч ліквідатараў, якія стараліся зьнізіць радыеактыўныя выкіды з разбуранага рэактара чацьвёртага энэргаблёку, каб не было яшчэ горш. Бо і так пасьля выбуху рэактара ў атмасфэру, паводле ацэнак спэцыялістаў, на тэрыторыю Беларусі, Украіны і часткова Расеі было выкінута прыкладна 380 мільёнаў кюры радыеактыўных рэчываў, у тым ліку ізатопаў урану, плютонію, ёду-131, цэзію-137, стронцыю-90. Для параўнаньня: японская «Фукусіма-1» — гэта ўсяго толькі 5 адсоткаў радыяцыі ад чарнобыльскай. Да таго ж рэактар на японскай АЭС, дзякаваць Богу, не ўзрываўся.

Пакуль афармляем страхоўкі, высьвятляецца, што Вярбіцкі — родам зь беларускага Барысава. Яму 55. Ваяваў у Аўганістане ў спэцпадразьдзяленьні. Скончыў політэхнічны інстытут. Да аварыі працаваў у лябараторыі мэталаў, жыў з жонкай і сынам у горадзе атамшчыкаў — Прыпяці.

Уладзімер Вярбіцкі

Уладзімер Вярбіцкі

Суразмоўца кажа, што пасьля выбуху і эвакуацыі з Прыпяці каля 70 адсоткаў семʼяў атамшчыкаў распаліся. Мужчыны, хто застаўся жывы і ня кінуў АЭС, працавалі ўвесь час па пятнаццаць дзён вахтавым мэтадам, ды яшчэ па тры дні праводзілі на рэабілітацыі — кіслародныя кактэйлі прымалі, розныя пратэктары, каб выводзіць радыяцыю з арганізму.

«Зь семʼямі атамшчыкі бачыліся няшмат. Ня ўсіх гэта задавальняла, ад таго й разводы. У мяне самога жонка з сынам засталіся ў Маскве, а я вось тут, у Чарнобылі», — кажа Ўладзімер.

Горад, якога няма

Праз катастрофу Чарнобыль стаў, бадай, адным з самых вядомых гарадоў у сьвеце. Сумна вядомым. У 2006 годзе Амэрыканская некамэрцыйная навукова-дасьледчая арганізацыя «Інстытут Блэксьміта» апублікавала сьпіс самых забруджаных гарадоў сьвету, і Чарнобыль у ім апынуўся ў першай дзясятцы. Зразумела, з прычыны радыяцыі.

Чарнобыль

Чарнобыль

У летапісах 12 стагодзьдзя Чарнобыль згадваецца як самы паўднёвы горад Полацкага княства. Называўся ён тады Стрэжыў. Выглядае, сьцярог.

Праз тры стагодзьдзі, калі гэтыя землі ўсё яшчэ кантраляваліся Вялікім Княствам Літоўскім, у Чарнобылі збудавалі добра ўмацаваны замак, адмежаваны ад паселішча глыбокім ровам. Роў, дарэчы, захаваўся дагэтуль.

Даволі цікавы момант у гісторыі Чарнобыля адносіцца да другой паловы 18 стагодзьдзя: горад вызначыўся як галоўны цэнтар хасыдызму — рэлігійнай плыні ў юдаізьме, якая пашырылася сярод габрэйскага насельніцтва Падольля, Галіччыны, Валыні, а таксама Беларусі ды Літвы.

У 1936 годзе з гэтага правінцыйнага гарадка дэпартавалі ажно ў Казахстан усю польскую абшчыну.

У сямідзесятыя гады цяпер ужо мінулага стагодзьдзя за дзясятак кілямэтраў ад гораду, згодна з рашэньнем партыі і ўраду, сталі ўзводзіць атамную электрастанцыю імя Леніна з горадам-спадарожнікам Прыпяцьцю, а крыху пазьней — яшчэ сакрэтны абʼект «Чарнобыль-2»: высокачастотную радыёлякацыйную станцыю «Дуга-1», каб высочваць высотныя мішэні ў прыпалярных гарызонтах.

Як апавёў Уладзімер Вярбіцкі, да аварыі ў Чарнобылі жылі каля 13 тысяч чалавек. Цяпер тут засталіся толькі вахтавікі — тыя, хто працуе ва ўстановах ды прадпрыемствах Дзяржаўнага агенцтва Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня, ды яшчэ каля сямідзесяці самасёлаў, якія павярталіся сюды з эвакуацыі.

Сам інжынэр Вярбіцкі — каардынатар ратавальных службаў пры надзвычайных сытуацыях на ЧАЭС, а яшчэ ён мае права суправаджаць розныя дэлегацыі. Возіць іх на станцыю, у горад-прывід Прыпяць, паказвае, дзе могільнік «рудога» лесу, дзе пахавалі тэхніку будтрэсту, якая таксама атрымала «высокую дозу» ў першыя тыдні па аварыі. Машыны, розныя краны, бульдозэры, гелікоптэры «нахваталіся» столькі радыяцыі, што іх таксама давялося хаваць у зямлю, быццам нябожчыкаў.

Абазнаны наш гід і ў цяперашніх парадках у зоне:

«Горад у нас тут з асаблівым статусам: ніякай агітацыі, ніякіх мітынгаў. Хочаш браць удзел у палітычных кампаніях — выяжджай за зону і займайся агітацыяй».

У год аварыі ў Чарнобылі было поўна вайсковай тэхнікі, салдат і афіцэраў. Бачыў на ўласныя вочы. У штаб зазірнеш — генэралы ды палкоўнікі: тэлефануюць, распараджаюцца, крычаць.

Чарнобыль

Чарнобыль

Горад, вядома, за трыццаць гадоў пасьля катастрофы зьмяніўся непазнавальна. Бальшыня ягонай тэрыторыі разам з пакінутымі дамамі спрэс зарасла розным чарнабыльлем уперамешку з кустоўем ды дрэвамі. І толькі ў цэнтры, пры галоўнай вуліцы, стаяць дагледжаныя шматпавярховікі, дзе жывуць рабочыя й спэцыялісты. Ёсьць крама, сталовая, розныя вытворчыя пабудовы. Людзі, якія тут жывуць, падтрымліваюць зону адчужэньня ў экалягічна бясьпечным стане, кантралююць радыяцыю на зямлі, у паветры і вадзе.

У апошнія гады спапулярызавала Чарнобыль сэрыя кампутарных гульняў «S.T.A.L.K.E.R.», дзе віртуальныя героі расслабляюцца ў бары з назовам «100 рэнтген».

Страшны ўрок ядзернай энэргетыкі

З Чарнобылю інжынэр Вярбіцкі кіруе наш аўтобусік паўз закапаную вёску Капачы і «руды» лес на аглядную пляцоўку атамнай электрастанцыі, адкуль відаць чацьвёрты энэргаблёк, укрыты пасьля выбуху рэактара бэтонным «кажухом». Побач зь ім тры тысячы спэцыялістаў з усяго сьвету на грошы Эўразьвязу будуюць новы арачны саркафаг-2, які ўжо сёлета павінны нацягнуць на аварыйны энэргаблёк.

Пра былую вёску Капачы нагадвае толькі білборд

Пра былую вёску Капачы нагадвае толькі білборд

Вярбіцкі шануе атамную энэргетыку. Распавядае, што ў якасьці прычын катастрофы разглядаліся розныя вэрсіі — ад памылак пэрсаналу, канструкцыйных недапрацовак рэактара РБМК да дывэрсіі.

І дзеяньні апэратара помпаў Валера Хадэмчука, цела якога пасьля выбуху не знайшлі пад заваламі, у гэтым ланцугу прычынаў таксама аналізаваліся.

Між тым вядома, што незадоўга да катастрофы савецкія цэнтральныя газэты пісалі пра Чарнобыльскую АЭС як пра сузорʼе атамных рэактараў, датэрмінова пастаўленых на службу камуністычнаму грамадзтву. Спэцыялісты АЭС, у сваю чаргу, да розных «чырвоных датаў» імкнуліся «выціснуць» з рэактараў дадатковую электраэнэргію, плянавалі экспэрымэнты, не заўсёды зважаючы на бясьпеку.

Паводле высноваў навукоўцаў, найбольш верагодная вэрсія катастрофы зьвязаная з «наяўнасьцю эфэкту рэактыўнасьці сыстэмы кіраваньня і абароны рэактара». Іншымі словамі, у актыўнай зоне ядзернага рэактара пачалася некантраляваная ланцуговая рэакцыя дзяленьня. Пры збоі сыстэмы ахаладжэньня ўранавыя стрыжні пачалі плавіцца, ператвараючы рэактар, па сутнасьці, у ядзерную бомбу.

Вось жа, разьвіты сацыялізм у былым СССР нібыта й быў, а адпаведнай сыстэмы ядзернага заканадаўства й належнага ўзроўню культуры ядзернай бясьпекі — не было. Таму й траплялі ў эксплюатацыю на АЭС недастаткова бясьпечныя энэргаблёкі.

Цяпер мы маем вялізарныя тэрыторыі, заражаныя радыяцыяй, дзе нельга ні араць, ні сеяць. Маем эвакуацыю, паламаныя лёсы, эканамічны заняпад цэлых раёнаў. Тысячы людзей памерлі ад злаякасных пухлінаў і разбурэньня крывятворнай сыстэмы, выкліканых чарнобыльскай катастрофай. І канца-краю гэтаму не відаць ні сёньня, ні заўтра.

Камуністычныя кіраўнікі былога Саюзу разам з падкантрольнымі СМІ наагул замоўчвалі катастрофу, калі веснавыя ветры разносілі радыяцыйны чарнобыльскі попел па ўсёй Эўропе.

На другія суткі пасьля выбуху ў Чарнобылі спэцыялісты швэдзкай атамнай электрастанцыі «Фарсмарке» зарэгістравалі высокі ўзровень радыяцыі ў паветры.

Радыяцыйныя аблокі дасягнулі Нямеччыны, Англіі. Урэшце яны двойчы абляцелі Зямлю. Сусьветная супольнасьць запатрабавала тлумачэньняў.

І толькі пасьля гэтага Крэмль скупа паведаміў пра «аварыю» на Чарнобыльскай АЭС. Маўляў, адзін з рэактараў атрымаў пашкоджаньне. Прынятыя першачарговыя меры па ліквідацыі наступстваў аварыі. Пацярпелым аказваецца неабходная мэдычная дапамога. На месцы працуе ўрадавая камісія.

Прывіды сярод лесу

Ад Чарнобыльскай АЭС наш шлях ляжыць у горад атамшчыкаў Прыпяць. Праз два кілямэтры дарогі — чарговы шлягбаўм КПП, праверка, і па прыкметнай пакуль яшчэ асфальтавай дарозе мы ўяжджаем у лес.

«Гэта Прыпяць!» — разьвейвае сумневы Ўладзімер Вярбіцкі.

Прыпяць

Прыпяць

Падарожнікі ўглядаюцца ў гушчар кустоўя і дрэў. У прагалінах, нібы прывіды, — шматпавярховікі з вокнамі бяз шыбаў.

«Сыну быў год і адзін месяц, калі здарылася аварыя. Ён усё любіў поўзаць па віетнамскім дыване, які каштаваў тады як паўлегкавушкі. А тут эвакуацыя. Усё пакідалі. Сыну цяпер 31 год. Ён даўно жыве з жонкай, але дзяцей пакуль ня маюць. Радыяцыя, не радыяцыя — хто ж ведае. Сам я атрымаў пяць гранічна дапушчальных дозаў — агулам амаль 25 рэнтген. У дачыненьні да дзяцей гэтую дозу трэба павялічваць у пяць ці нават дзесяць разоў. Бо колькі тое дзіця важыць! Наагул, калі б радыяцыйны выкід наўпрост пайшоў на горад, то мы толькі тут мелі б пяцьдзясят тысяч інвалідаў», — кажа інжынэр Вярбіцкі.

І ня дзіва. З выбухам у паветра вылецела ледзь ня ўся табліца Мендзялеева. І гэтым «араматным букетам» ад савецкай ядзернай энэргетыкі надыхаліся найперш украінцы ды беларусы, якія жылі наўкола ЧАЭС — у Кіеўскай ды Жытомірскай абласьцях, а таксама ў Гомельскай вобласьці Беларусі.

Мэтраў празь дзьвесьце спыняемся на вялікай прагаліне, былой плошчы. Наперадзе за кустоўем бачыцца апусьцелы дом культуры энэргетыкаў. Справа ад яго — высокі гатэль «Прыпяць». Зьлева ўзвышаецца тэраса да рэстарацыі й крамы, парослая ладнымі бярозамі, таполямі ды розным кустоўем. За імі — высотны гмах з гербам СССР. На плоскім даху крыху ніжэйшага за яго жылога шматпавярховіка захаваўся ўзьнёслы лёзунг з абʼёмных літараў, звараных з мэталу: «Хай буде атом робітником, а не солдатом».

Таго атама, дарэчы, хапіла ўсім: працаўнікам, салдатам, дзецям, бабулям і дзядулям. Пакладзены на зямлю дазымэтар паказвае дзе 25, а дзе й 50 мікрарэнтген. На сядзеньні заржавелай дзіцячай каруселі ён высьвеціў 80 мікрарэнтген. Гэта тая самая спадчына катастрофы, якая засталася і па сёньняшні дзень — радыяцыйнае атручэньне мясцовасьці. Нездарма ж выбух на ЧАЭС параўноўваюць зь ядзерным бамбардаваньнем Хірасімы й Нагасакі.

Уладзімер Вярбіцкі ўдакладняе, што Прыпяць, дакладней, тое, што ад яе засталося, мае нулявы кошт — за горад выплачана кампэнсацыя. На добры лад, яго варта было б пахаваць у могільніку, як любое радыеактыўнае сьмецьце. Але бракуе сродкаў. Таму любы гід папярэджвае шматлікіх наведнікаў, якія едуць сюды ледзь не з усяго сьвету, але найбольш з Эўропы:

«Усярэдзіну пабудоваў не заходзіць: можа абваліцца і лесьвіца, і перакрыцьце — усё што заўгодна».

Цяпер у Прыпяці выкарыстоўваюцца толькі два абʼекты — гаражы для «бруднай» тэхнікі ды пральня, дзе мыюць спэцвопратку для працаўнікоў зоны.

У Вярбіцкага, чалавека абазнанага ў шмат якіх справах, спрабуем высьветліць, якую сацыяльную абарону маюць украінцы — тыя, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Не інваліды, а звычайныя ліквідатары і насельніцтва, якое жыве на заражаных тэрыторыях.

«Да самага Кіева, — тлумачыць Вярбіцкі, — заражаныя тэрыторыі падзеленыя ў нас на чатыры зоны. І ў кожнай існуе даплата людзям на чыстыя прадукты. У больш забруджанай зоне яна, канечне, большая. Ліквідатараў ды іх дзяцей да 14-гадовага ўзросту рэгулярна абсьледуюць лекары ва Ўкраінскім цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны. У зонах пражываньня існуюць ільготы для насельніцтва на аплату камунальных паслугаў, памер якіх вызначаюць мясцовыя ўлады. Ёсьць бясплатны праезд у грамадзкім транспарце. Як працаўнікі зоны мы маем дадатковы двухтыднёвы адпачынак і стоадсоткавую аплату лісткоў непрацаздольнасьці».

Уладзімер расказвае, што некаторых самасёлаў у зоне турысты ня толькі адукавалі, але й разбэсьцілі, везучы каньяк Hennessy, каўбасныя далікатэсы ды іншыя прадукты. Нават быль згадвае, падобную да анэкдота. Суседка кліча бабулю: «Падымайцеся, да вас са Швэцыі прыехалі».

Бабуля нясьпешна сьцягвае ногі з ложка, удакладняючы ўголас найперш для сябе: «А-а, вікінгі».

Паводле суразмоўцы, вядуцца ў зоне і навуковыя дасьледаваньні флёры й фаўны — на заражаных землях сеюць сланечнік, саджаюць пладова-ягадныя культуры. Японцы вырошчвалі ў пакінутых парніках Прыпяці чыстыя гуркі. Дарагія, праўда, але без радыяцыі.

Вывучаюць у зоне і птушак, і мышэй. І, як заўважае суразмоўца, знаходзяць у тых жа мышэй зьмены ў крыві з-за радыяцыі і нават сьлепату.

«У нас ёсьць разнастайны досьвед, каб падзяліцца зь Беларусьсю. Часам наведваюцца сюды беларускія журналісты, маладыя людзі з уласнай ініцыятывы. А вось кіраўнікі вашы беларускія, навукоўцы зь ліку мэдыкаў, па сутнасьці, да нас не прыяжджаюць», — кажа інжынэр Вярбіцкі.

Ён змаўкае, і немата зноў апускаецца на Прыпяць. Але немата гэтая ўяўная. Яна насамрэч страляе — страляе мільярдамі фатонаў, нэўтронаў, асколкамі дзяленьня атамаў. А чуюць гэту страляніну хіба толькі дазымэтры.

І скрушная думка агортвае, калі глядзіш на гэты прывідны горад: а ці не такі ж лёс наканаваны нашым беларускім гарадам — Астраўцу, Ашмянам, Смургоням, побач зь якімі на мільярдныя крэдыты краіны-суседкі кіпіць будоўля атамнай электрастанцыі?

Даведка. Паводле Белстату, у забруджанай зоне зь беларускага боку ЧАЭС знаходзіцца 2371 населены пункт, у тым ліку 28 гарадоў і пасёлкаў гарадзкога тыпу і 2343 сельскія паселішчы.

Колькасьць насельніцтва, якое пражывае ў гэтых населеных пунктах, склала на пачатак 2016 году 1 млн 141 тыс. чалавек. Гэта 12 адсоткаў ад усяго насельніцтва Беларусі.

XS
SM
MD
LG