Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што сьведчаць апошнія вынікі эканамічнага разьвіцьця краіны? Ці дасягнула беларуская эканоміка дна?

Карбалевіч: 18 красавіка вынікі першага кварталу былі абмеркаваныя на нарадзе ў Лукашэнкі. Якія яны? Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) зьменшыўся на 3,6% у параўнаньні зь першым кварталам мінулага году. Але вось прадстаўнікі ўраду зьвяртаюць увагу на іншыя лічбы. За студзень падзеньне ВУП склала 4,3%, за студзень-люты — 4%. То бок чым далей, тым паказчыкі лепшыя. І гэта дазваляе ўраду казаць, што дно ці пік крызісу пройдзены. Маўляў, далей няма куды падаць.

Цяжка адназначна сказаць, ці сапраўды падзеньне дасягнула дна. Таму што гэтыя лічбы валавых паказьнікаў вельмі залежаць ад каньюнктуры сусьветных цэнаў на нафту і ад аб’ёму экспарту нафтапрадуктаў. А тут адбываюцца пэўныя працэсы, падобныя да «разбаўляльных схемаў» узору 2012 году. Нейкі час таму віцэ-прэм’ер Расеі Дварковіч абураўся, што расейскія нафтавыя кампаніі рэзка павялічылі экспарт нафтапрадуктаў у Беларусь. Гэта ім выгадна, бо цэны на бэнзін у Беларусі вышэйшыя, чым у Расеі. І дзякуючы гэтым пастаўкам беларускія кампаніі атрымалі магчымасьць больш экспартаваць нафтапрадуктаў на эўрапейскія рынкі. Беларуская нафтавая кампанія павялічыла за I квартал экспарт нафтапрадуктаў амаль на 11%. І гэтыя схемы мікшыруюць рэальны стан эканомікі.

Зьвярнуў бы ўвагу на такую лічбу: інвэстыцыі ў асноўны капітал зьнізіліся на 26,3%. І вось гэтая лічба, магчыма, больш паказальная. Бо вядома, што эканоміка без інвэстыцыяў не расьце. Калі інвэстыцыі падаюць, то крызіс праграмуецца на будучыню. А інвэстыцыі падаюць ня толькі таму, што ў дзяжпрадпрыемстваў няма на гэта грошай, але і таму, што бізнэс ня бачыць тут пэрспэктываў. Зусім нядаўна мы канстатавалі, што беларускія «алігархі» выводзяць грошы за мяжу, за што іх і арыштоўвалі.

Яшчэ адзін паказьнік. За студзень-люты 2016 г. рэальны заробак у сярэднім зьнізіўся на 3,6%. Скарачаецца дабрабыт людзей.

Дракахруст: З таго, што вы пералічылі, нішто ня ёсьць адказам на пытаньне, ці дасягнула дна беларуская эканоміка. Безумоўна, відавочны крызіс, прычым клясычны. Калі Лукашэнка ў 2011 годзе казаў — гэта ж ня крызіс, бачыце, ВУП расьце! — то цяпер і ВУП падае, і заробкі, а расьце беспрацоўе.

Адказаць жа на пытаньне складана. Дапусьцім, нафтавыя цэны, якія ёсьць адным з галоўных чыньнікаў, каталізатарам крызісу, застопарыліся — іх падзеньне не такое адчувальнае. Яны нават крыху падрасьлі за першы квартал. Тое, што беларускі Нацыянальны банк здолеў пакуль утрымліваць беларускі рубель — гэта таксама паказьнік новых магчымасьцяў, бо летась такой магчымасьці не было — рубель проста абвальваўся. Сказаць, як яно пойдзе далей, ці будзе нейкі моцны абвал, складана. Ніхто нават зь вядомых лібэральных эканамістаў ня кажа, што далей будзе абвал. Вельмі шмат хто кажа, што далей будзе рэцэсія.

Дарэчы, гэта адпавядае і прагнозам МВФ: беларуская эканоміка будзе падаць, але павольна. Вострая фаза падзеньня, магчыма, і пройдзеная. Але сьвятла ў канцы тунэля не відаць. Калі б беларуская ўлада, памаліўшыся на ўсе іконы, Мілтана Фрыдмана ці каго, вырашыла б рабіць структурныя рэформы, то на першы час шок быў бы вельмі моцны. Гэта рэзкі рост беспрацоўя, падзеньне ВУП, як гэта было ва ўсёй Сярэдняй Эўропе падчас рэформаў. Тады дно было значна ніжэй.

Цыганкоў: З улікам таго, што радыкальныя рэформы наўрад ці будуць адбывацца, мы можам ацэньваць беларускую эканоміку зыходзячы з тых працэсаў, якія ідуць цяпер. Будзе гэта гучаць аптымістычна ці не, дно амаль дасягнутае — у тым сэнсе, што ў Расеі ўжо зафіксавана паводле афіцыйных і міжнародных эканамічных структур, што падзеньне расейскага ВУП у 2016-м істотна зьнізіцца. Агучваюць 1%, так ці не, але яно будзе слабейшае, чым у 2015-м.

Беларусь дасюль вельмі моцна прывязаная да расейскай эканомікі, цэнаў на нафту. Таму, магчыма, рэкорднае ў 2015-м падзеньне беларускай вытворчасьці таксама запаволіцца. Парадаксальна, вядома, што ўлады падаюць запавольваньне падзеньня ВУП як пазытыўны момант. У 2016-м падзеньне запаволіцца, а ў 2017-м, магчыма, будзе рэцэсія — на нулі. А дно наўрад ці будзе глыбейшым.

Дракахруст: Зразумела, прагноз на наступны год — гэта справа вельмі гіпатэтычная. Але МВФ на наступны год дае невялічкі рост. Так што калі браць прагнозы, паказьнік ВУП, нават МВФ ня лічыць, што беларуская мадэль прывяла да краху. Так, яна будзе жыць, можа нават дасьць нейкі рост. Іншая справа, што гэта не кардынальны рост. Беларускія лібэральныя эканамісты ня раз пісалі, што гэтая мадэль прыводзіць да павольнага росту. У самым лепшым выпадку. Ну, цяпер выпадак ня лепшы, а горшы.

Цыганкоў: Мы кажам пра ВУП, але самае галоўнае — гэта рост даходаў насельніцтва. І тут прагноз менш аптымістычны: падзеньне даходаў насельніцтва працягнецца і ў 2016-м, пры тых умовах, калі ўлада працягне падвышаць кошты на камунальныя паслугі, транспарт. Магчыма, падзеньне даходаў працягнецца і ў 2017 годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG