Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ялізаўскую гуту гаспадарчы суд Магілёўскай вобласьці прызнаў банкрутам і распачаў ліквідацыйную вытворчасьць. Беларуска-аўстрыйскае прадпрыемства мае блізу 680 мільярдаў рублёў крэдыторскай запазычанасьці, яно ўстойліва неплатаздольнае. Экспэрты ацэньваюць «Шклозавод «Ялізава» ў 300 мільярдаў рублёў.

Сярод прычынаў, якія прывялі гуту да банкруцтва, называюць неэфэктыўнае кіраўніцтва, памылкі падчас мадэрнізацыі, слабую арганізацыю збыту прадукцыі, а таксама заключэньне нявыгадных дамоваў.

Пляцоўка перад будынкам адміністрацыі і прахадной

Пляцоўка перад будынкам адміністрацыі і прахадной

Летась працаўнікі гуты накіравалі калектыўны ліст Аляксандру Лукашэнку, каб той дапамог заводу. Кіраўнік дзяржавы наведваў Ялізаўскую гуту ў 2002 і 2006 гадах. Тады прадпрыемства паказвалі як прыклад эфэктыўнай прыватызацыі і мадэрнізацыі.

На заводзе вырабляюць шкляную тару для харчовай прамысловасьці. У 2012 годзе прадпрыемства адзначыла стогадовы юбілей.

У 2002 годзе пакет акцыяў Ялізаўскага шклозаводу набывала аўстрыйская кампанія «АТЕС Holding GmbH», якая рэканструявала прадпрыемства.

Бязьлюдныя вуліцы Ялізава

Бязьлюдныя вуліцы Ялізава

Адным з уладальнікаў кампаніі «АТЕС Holding GmbH» быў бізнэсовец Аляксандар Мураўёў. Яго называлі «шкляным каралём Беларусі». У чэрвені 2015 году бізнэсоўца, які ня раз сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, затрымалі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, калі ён зьбіраўся вылецець у Вену.

Мураўёў — фігурант гэтак званай «справы «Мотавела». Яму інкрымінуюць вывад капіталу за мяжу ды нанясеньне стратаў інтарэсам акцыянэраў таварыства «Мотавела», якое ўваходзіла ў склад кампаніі.

Арышт Мураўёва стаў гучнай падзеяй у 2015 годзе. Вядома, што яго трымалі ў «амэрыканцы», але апошнім часам зьвестак пра затрыманага вобмаль.

У 2014 годзе банкрутам прызналі Гомельскі шклатарны завод, які кантраляваў таксама Аляксандар Мураўёў.

XS
SM
MD
LG