Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мельянцоў: «Візыт у Турэччыну — гэта гульня Лукашэнкі на мяжы фолу»


Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў

Якія мэты ставіць Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся з прэзыдэнтам Турэччыны, краіны, якую Расея цяпер залічыла ў свае ворагі? Ці азначаюць апошнія выказваньні міністра Макея пра Крым зьмену пазыцыі афіцыйнага Менску ў гэтым пытаньні? Чаму Беларусь не падтрымала нібыта саюзную Армэнію ў яе канфлікце з Азэрбайджанам? На гэтыя пытаньні ў перадачы «Інтэрвію тыдня» адказвае палітоляг, старшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Турэччыну адбываецца на фоне рэзкага пагаршэньня расейска-турэцкіх адносінаў, пасьля таго як туркі зьбілі расейскі самалёт. Якія мэты перш за ўсё ставіць перад сабой кіраўнік Беларусі сваім візытам? Хоча паказаць незалежнасьць зьнешняй палітыкі Беларусі ці хоча падняць стаўкі ў дыялёгу з Масквой?

Мельянцоў: Тут цэлы шэраг прычынаў, якія дапаўняюць адна адну. Беларускае кіраўніцтва карыстаецца той магчымасьцю, што адносіны Турэччыны і Расеі моцна пагоршыліся. Ужо анансавалася, што Менск хоча выступіць у якасьці міратворцы паміж імі. Канфлікт паміж Масквой і Анкарой дазваляе Беларусі пашырыць свае гандлёвыя адносіны з Турэччынай. Паколькі доступ турэцкім кампаніям на расейскі рынак зачынены, Беларусь тут можа выступіць своеасаблівым каналам. Тое самае з турызмам — Беларусь можа павялічыць колькасьць авіякантактаў з Турэччынай, гэта і дадатковая магчымасьць зарабіць беларускім турапэратарам.

Гэта таксама спроба беларускага кіраўніцтва павялічыць калідор для замежнапалітычнага манэўру. Гэтыя кантакты з Турэччынай павінны паказаць, што Беларусь праводзіць самастойную і незалежную ад Расеі замежную палітыку. Па-другое, Менск спрабуе стаць важным гульцом у гэтым рэгіёне.

І паколькі гэты рэгіён становіцца ўсё больш мілітарызаваны, то Беларусь зацікаўленая і ў вайсковым супрацоўніцтве з Турэччынай. Нагадаю, Менскі завод колавых цягачоў робіць танкавозы, у тым ліку для Турэччыны. Таму пашырэньне вайсковага супрацоўніцтва для Менску таксама важнае. Гэты комплекс прычынаў паказвае, што цяпер самы ўдалы момант, каб актывізаваць беларуска-турэцкія адносіны.

Цыганкоў: Ці няма тут гульні на мяжы фолу з боку Лукашэнкі? Ці магчымае незадавальненьне Масквы — гэта выдумка, а абурэньня можна чакаць толькі з боку шавіністычнай расейскай прэсы і адпаведных дзеячоў?

Калі паглядзець на беларуска-расейскія адносіны, то Менск даволі часта рызыкаваў — і ў гандлёвых войнах, і ў сытуацыі расейска-грузінскай вайны, і з Крымам, і з Данбасам — і досыць часта перамагаў.

Мельянцоў: Сама сутнасьць палітыкі — гэта заўжды гульня на мяжы фолу. Любы палітык спрабуе пашырыць магчымасьці для манэўру, пашырыць інструмэнты ўплыву. У каго ўдалося — той і маладзец, не ўдалося — значыць, не разьлічыў. Калі паглядзець на беларуска-расейскія адносіны, то Менск даволі часта рызыкаваў — і ў гандлёвых войнах, і ў сытуацыі расейска-грузінскай вайны, і з Крымам, і з Данбасам — і досыць часта перамагаў. Глядзіце, Беларусь — ці не адзіная краіна, якая выйграла ад усёй гэтай расейска-ўкраінскай сытуацыі. У міжнароднай палітыцы рызыка — гэта справа высакародная, гэта заўжды гульня на мяжы фолу. Ці яна ўдалася — пабачым з часам.

Цыганкоў: Асаблівасьць дыялёгу Лукашэнкі з турэцкім прэзыдэнтам Эрдаганам у тым, што, у адрозьненьне ад Эўропы, Турэччыну не хвалююць дэмакратыя і правы чалавека ў Беларусі. Гэта можа быць дадатковым штуршком для збліжэньня пазыцыяў?

Мельянцоў: Гэтая блізкасьць пазыцыяў і поглядаў, безумоўна, спрыяе збліжэньню. Балючыя пытаньні ня будуць паўставаць падчас перамоваў і, адпаведна, ня будуць псаваць агульнага настрою. Але гэта ня грае нейкай рашучай ролі, галоўнае тут — інтарэсы і магчымасьці, якія зьяўляюцца перад Менскам.

Цыганкоў: У гэтыя дні, падчас абвастрэньня армяна-азэрбайджанскага канфлікту вакол Нагорнага Карабаху, Беларусь паспрабавала, як заўсёды, згуляць ролю міратворца, але, як выглядае, ня вельмі ўдала. Заява МЗС Беларусі выклікала рэзкае асуджэньне ў армянскага боку. А Армэнія ўваходзіць у сумесныя зь Беларусьсю і Расеяй структуры АДКБ, яна фактычна ваенны саюзьнік Беларусі.

Беларусь тут выглядала як пасьлядоўная краіна. Яна не падтрымала тое, што Расея зрабіла ў Крыме, спасылаючыся на прынцып тэрытарыяльнай цэласнасьці. Адпаведна, на аснове гэтага прынцыпу была зроблена і такая заява пра Карабах.

Мельянцоў: Гэтае дыпляматычнае непаразуменьне паставіла ў ня вельмі добрае становішча саму Армэнію. Заява МЗС Беларусі была вытрыманая ў духу міжнароднага права і міжнародных нормаў. Армянскі бок пакрыўдзіла тое, што Менск падкрэсьліў тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць межаў у вырашэньні гэтага канфлікту. Нагорны Карабах быў адабраны Армэніяй у Азэрбайджану ў 90-я гады. Паводле міжнароднага права прызнаецца, што Нагорны Карабах застаецца часткай Азэрбайджану — гэта і выклікала непаразуменьне з армянскага боку.

Таму Беларусь тут выглядала як пасьлядоўная краіна. Яна не падтрымала тое, што Расея зрабіла ў Крыме, спасылаючыся на прынцып тэрытарыяльнай цэласнасьці. Адпаведна, на аснове гэтага прынцыпу была зроблена і такая заява пра Карабах.

Калі ж глядзець з пункту гледжаньня палітыкі інтарэсаў, то адносіны з Баку для Менску нашмат больш важныя, чым зь Ереванам. Азэрбайджан калісьці ў цяжкі момант падтрымаў Беларусь крэдытам, і асабістыя адносіны паміж кіраўнікамі краінаў нашмат лепшыя. Азэрбайджан таксама можа быць добрым саюзьнікам для наладжваньня добрых адносінаў з Турэччынай, таму гэтая зьвязка (Азэрбайджан — Турэччына) для Менску нашмат важнейшая, чым Армэнія.

Цыганкоў: Калі вы ўжо ўзгадалі пра Крым, то вялікую ўвагу аналітыкаў прыцягнула апошняе выказваньне міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея, які адзначыў, што Крым — не дзяржава, якую трэба прызнаваць, і што ніхто не патрабаваў ад Беларусі прызнаньня Крыму ў складзе Расеі. "Але мы зыходзім з таго, чый Крым сёньня дэ-факта, — заявіў Макей. Некаторыя адразу зьвязалі гэта з атрыманьнем расейскага крэдыту. Як вы ацэньваеце гэтую заяву, ці можна гэта назваць карэкцыяй ранейшай пазыцыі?

Мельянцоў: Трэба рабіць папраўку на тое, што гэты камэнтар быў зроблены ў Маскве, каб крыху супакоіць расейскую публіку. Тое, што сказаў Макей — тут мала чаго новага. Ён фактычна паўтарыў тэзіс Лукашэнкі, што трэба падзяляць юрыдычны і палітычны бок. Дэ-факта Крым належыць Расеі, кантралюецца Расеяй, там існуюць расейскія палітычныя інстытуцыі.

Калі ж Менск ацэньвае зь юрыдычнага боку — то так, Расея парушыла міжнароднае права, і пра гэта казаў Лукашэнка. Таму, калі Макей казаў пра Крым, то ён казаў пра фактычны бок справы. Тут няма нічога новага, гэта паўтор тэзісу Лукашэнкі гадавой даўнасьці.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG