Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: Крым — не дзяржава, якую трэба прызнаваць


Уладзімер Макей, архіўнае фота

Уладзімер Макей, архіўнае фота

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў крымскім пытаньні «трэба зыходзіць з рэаліяў». Пра гэта паведамляе БелаПАН.

«Мы павінны зыходзіць з таго, чый сёньня дэ-факта Крым, і выбудоўваць сваю палітыку і ўзаемадзеяньне зь ім», — падкрэсьліў Макей, выступаючы на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве.

Макей адзначыў, што ў Беларусі з Крымам «і ў ранейшыя часы, і цяпер гандлёва-эканамічныя адносіны разьвіваліся ня вельмі». «З прычыны, можа, лягістыкі, іншых нейкіх аспэктаў, — сказаў ён. — Турысты з задавальненьнем наведвалі і будуць наведваць гэты куток, таму што там сапраўды прырода цудоўная. Калі будуць там умовы для правядзеньня водпуску, то, думаю, гэтая тэндэнцыя захаваецца».

Дыплямат падкрэсьліў, што МЗС папярэджвае беларускіх грамадзян пра магчымыя наступствы адпачынку ў цяперашнім Крыме з пункту гледжаньня ўкраінскіх законаў. «Але гэта іх права, іх выбар», — сказаў Макей.

Ён таксама адзначыў, што Крым — не дзяржава, якую трэба прызнаваць, і што ніхто не патрабаваў ад Беларусі прызнаньня Крыму ў складзе Расеі. «Але мы зыходзім з таго, чый Крым сёньня дэ-факта, — заявіў Макей. — Мы лічым, што цяпер галоўная задача палягае ў тым, каб захаваць тэрытарыяльна цэласнай і непарушнай астатнюю частку Ўкраіны».

27 сакавіка 2014 г. прадстаўнік уладаў Беларусі ў ААН Андрэй Дапкюнас прагаласаваў супраць рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН у падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG