Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка сустрэўся з ворагам Пуціна


Аляксандар Лукашэнка (справа) і Рэджэп Эрдаган падчас сустрэчы ў Стамбуле, 13 красавіка 2016 году

Аляксандар Лукашэнка (справа) і Рэджэп Эрдаган падчас сустрэчы ў Стамбуле, 13 красавіка 2016 году

Аляксандар Лукашэнка 13 красавіка падчас сустрэчы ў Стамбуле з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам прапанаваў актуалізаваць парадак дня беларуска-турэцкага супрацоўніцтва.

Як паведамляе прэсавая служба Лукашэнкі, ён прапанаваў ажыцьцявіць «перазагрузку па шэрагу канкрэтных напрамкаў з акцэнтам на гандлі і эканоміцы»:

«Надышоў момант актывізаваць супрацоўніцтва, актуалізаваць парадак дня, адкарэктаваць дарожную мапу адносінаў», — сказаў Лукашэнка.

Бакі дамовіліся, што тэмы, якія абмяркоўваліся на сустрэчы, атрымаюць далейшае практычнае разьвіцьцё падчас маючага адбыцца ў траўні пасяджэньня міжурадавай беларуска-турэцкай камісіі.

Гаворка ішла ў прыватнасьці пра пэрспэктывы павелічэньня турэцкіх інвэстыцыяў у Беларусь, больш актыўнае ўзаемадзеяньне ў сфэры турызму, у тым ліку шляхам павелічэньня інтэнсіўнасьці авіязносінаў паміж краінамі.

Лукашэнка падзякаваў Эрдагану за запрашэньне прыняць удзел у саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, падкрэсьліўшы "важнасьць для беларускага боку прысутнасьці на такім маштабным форуме.

Эрдаган назваў Беларусь востравам стабільнасьці ў рэгіёне і пацьвердзіў гатоўнасьць наведаць Беларусь зь візытам, парадак дня якога ў тым ліку будзе абмяркоўвацца на маючым адбыцца пасяджэньні міжурадавай камісіі.

Прэсавая служба Лукашэнкі паведамляе таксама, што кіраўнікі дзяржаў таксама падрабязна абмеркавалі міжнародны парадак дня, але не падае дэталяў.

Адносіны Турэччыны і Расеі моцна сапсаваліся пасьля таго, як турэцкія зьнішчальнікі зьбілі расейскі самалёт, які ўварваўся ў паветраную прастору Турэччыны. Масква ў адказ увяла супраць Турэччыны эканамічныя санкцыі і абмежавала кантакты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG