Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнка паляцеў у Турэччыну: тлумачыць палітоляг Аляксандар Класкоўскі


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

У інтэрвію Свабодзе палітоляг Аляксандар Класкоўскі разважае, чаму Стамбул і ісламскі саміт зацікавіў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку.

Аляксандар Лукашэнка прыбыў у Турэччыну з працоўным візытам. 14 красавіка ён возьме ўдзел у саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва і, як чакаецца, выступіць з прамовай. Саміт праводзіцца пад дэвізам «Адзінства і салідарнасьць у імя справядлівасьці і міру». Чаму Стамбул і ісламскі саміт зацікавіў кіраўніка Беларусі? Разважае палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

«Гэта тролінг у дачыненьні да Крамля»

«Першае, што адразу мільгае ў галаве, калі бачыш гэтую навіну, — што гэта такі тролінг у дачыненьні да Крамля. Бо слова «Турэччына», прозьвішча Эрдагана цяпер выклікаюць скрыгат зубоў у Крамлі. Вядома, што пасьля таго, як туркі зьбілі расейскі бамбавоз, пачалася такая жорсткая канфрантацыя, што нават экспэрты сур’ёзна сталі абмяркоўваць пэрспэктывы сапраўднай гарачай вайны Расеі з Турэччынай.

«Паказвае: я не марыянэтка Крамля»

На гэтым тле варта згадаць, што Лукашэнка спачатку прыняў найбліжэйшага хаўрусьніка Турэччыны [прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама] Аліева, цяпер паляцеў у Стамбул — з гледзішча Крамля, у логава ворага. Гэтым крокам ён падкрэсьлівае самастойнасьць сваёй замежнай палітыкі і такім чынам набірае піяр-пункты ў вачох заходнікаў, зь якімі цяпер ідзе пэрыяд адлігі ў дачыненьнях. Як бы між іншым Лукашэнка паказвае: маўляў, я не марыянэтка Крамля, тыя «на нажах» з Эрдаганам, а я туды спакойна лячу. Гэта тое, што на паверхні.

«Хоча абнавіць імідж міратворцы»

Акрамя таго, ёсьць іншы піяр-пласт. Лукашэнка хоча абнавіць свой імідж міратворцы. Заўважце, як беларуская дыпляматыя вельмі настойліва прапануе паслугі Менска, як толькі ўзьнікае якая калізія. У тым жа расейска-турэцкім канфлікце была прапанова, каб у Менску зладзіць нейкую пляцоўку кшталту кантактнай групы па Данбасе, але Масква не адрэагавала. Калі нядаўна адбылося абвастрэньне ў Нагорным Карабаху, Лукашэнка тэлефанаваў абодвум прэзыдэнтам, армянскаму і азэрбайджанскаму, — зноў жа праігнаравалі. Але пачулі смак беларускай міратворчасьці, бо ва ўкраінскім пытаньні яна дала палепшыць адносіны з Захадам. Але ўжо ўсё, той пласт выпрацаваны, трэба шукаць новыя варыянты. Я думаю, Лукашэнка будзе трымаць прамову заўтра і ўсяляк рэклямаваць менскую перамоўную пляцоўку.

«Пастараецца завабіць інвэстараў»

Яшчэ адзін пласт, які за гэтым візытам бачыцца, — гэта чыста прагматычныя эканамічныя меркаваньні. З Турэччынай і цяпер някепскія стасункі, турэцкі бізнэс даволі актыўна ў Беларусі прысутнічае. На тле цяперашніх праблемаў з экспартам, са зьнешнім гандлем Лукашэнка мо паспрабуе ў сваёй манеры па чайнай лыжцы прапаноўваць беларускі тавар, неяк пастарацца інвэстараў сюды завабіць. Іншая рэч, наколькі гэта мэтазгодна... Але, ва ўсялякім разе, беларускае кіраўніцтва цяпер мусіць грукацца ва ўсе дзьверы, каб хоць як падтрымаць экспарт, які катастрафічна падае.

«Перасьледуюцца мэты піяру»

Думаю, практычных прапановаў ня будзе. Сапраўды, пытаньне Ўкраіны — там проста пашэнціла беларускаму кіраўніку, быў зьбег акалічнасьцяў. Не таму, што Беларусь мае такую вагу ў міжнароднай палітыцы, ня дзякуючы іміджу асабіста Лукашэнкі, бэкграўнд у якога даволі змрочны — проста ўсім бакам было зручней у Менску, бо ў іншым месцы маглі б проста арыштаваць гэтых кіраўнікоў самаабвешчаных рэспублік. Хутчэй, цяпер перасьледуюцца мэты піяру, каб потым беларуская тэлевізія магла паказаць: вось глядзіце, наш лідэр — гэта лідэр і ў мусульманаў, і ў ісламскім сьвеце, глядзіце, як яго ўсе слухаюць. Тым больш, калі кепска ў эканоміцы, акцэнты ў прапагандзе робяцца на пытаньні бясьпекі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG