Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ПАРЭ заклікае Расею неадкладна вызваліць Саўчанку


Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Пэдра Аграмунт заклікае Расею неадкладна вызваліць грамадзянку Ўкраіны Надзею Саўчанку.

«Зь вялікім неспакоем я сачу за судовым працэсам над Надзеяй Саўчанкай. Сёньня, калі суд зачытваў свой вэрдыкт, а таксама ўлічваючы пытаньне законнасьці працэсу над Надзеяй Саўчанкай у Расеі, я зноў заклікаю неадкладна вызваліць яе ў адпаведнасьці з палажэньнямі Генэральнага пагадненьня аб прывілеях і імунітэтах Рады Эўропы і абавязацельствамі Расеі згодна зь менскімі дамовамі», — гаворыцца ў заяве Аграмунта, апублікаванай 21 сакавіка на афіцыйным сайце ПАРЭ.

Судзьдзя Данецкага гарадзкога суда Растоўскай вобласьці Расеі Леанід Сьцепаненка ў панядзелак абвясьціў перапынак у паседжаньні па справе грамадзянкі Ўкраіны Надзеі Саўчанкі. Абвяшчэньне прысуду па гэтай справе працягнецца ў 10:00 па маскоўскім часе 22 сакавіка. Суд такім чынам спыніў абвяшчэньне прысуду, якое пачалося ў 10.00 21 сакавіка.

Надзея Саўчанка ад ліпеня 2014 году ўтрымліваецца ў СІЗА ў Расеі. Яе ў Расеі, у прыватнасьці, абвінавачваюць у забойстве двух супрацоўнікаў расейскага тэлебачаньня, якія ўлетку 2014 году без дазволу ўкраінскай улады знаходзіліся пад Луганскам.

Саўчанка і яе абарона абвінавачваньні адпрэчваюць і сьцьвярджаюць, што на момант гібелі расейскіх журналістаў яе ўжо захапілі сэпаратысты, потым прымусова пераправілі яе ў Расею.

Надзея Саўчанка са сьнежня абвясьціла чарговую галадоўку на знак пратэсту супраць зьняволеньня, а ад 4 да 10 сакавіка трымала сухую галадоўку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG