Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Саўчанкі: ачэплены будынак суда, казакі і правакацыі


У растоўскім Данецку ачэплены будынак суда, дзе сёньня пачнецца абвяшчэньне прысуду ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы. Адвакат папярэджвае, што могуць рыхтавацца правакацыі.

Як перадае інфармацыйнае агенцтва УНІАН, Ленінскі праспэкт горада, дзе знаходзіцца будынак суда, ачэплены расейскімі праваахоўнікамі з аўтаматамі, рух па праспэкце спынены.

У радыюсе 50 мэтраў ад суда нацягнутая чырвона-белая стужка, якая абмяжоўвае падыход да суда. На месцы дзяжураць некалькі дзясяткаў расейскіх паліцэйскіх, людзей у камуфляжнай форме, а таксама мясцовых казакоў.

Адзін з абаронцаў Саўчанкі Мікалай Полазаў напісаў у Facebook, што ў Данецку рыхтуюцца правакацыі супраць замежных прадстаўнікоў, дэпутатаў Вярхоўнай Рады і адвакатаў:

«Паступаюць паведамленьні, што пракрамлёўскія радыкальныя арганізацыі тыпу „Антымайдан“ і „Нод“ рыхтуюць правакацыі ў растоўскім Данецку каля суда ў дні абвяшчэньня прысуду па справе Надзеі Саўчанкі. Аб’ектамі дадзеных правакацыяў могуць выступіць замежныя прадстаўнікі, дэпутаты Вярхоўнай Рады, адвакаты», — паведаміў Полазаў.

Ён таксама кажа, што ўкраінцам, якія прыяжджаюць у Расею з мэтай прысутнічаць у судзе падчас абвяшчэньня прысуду Саўчанкі, адмаўляюць ва ўезьдзе.

На дадзены момант журналістаў у будынак суда не прапускаюць, пачатак абвяшчэньня прысуду заплянаваны на 11.00. Мяркуецца, што зачытваць прысуд будуць два дні.

XS
SM
MD
LG