Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікет каля расейскай амбасады: 15 пратаколаў, адна спроба затрыманьня


Пікет салідарнасьці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай, які пачаўся 21 сакавіка каля расейскай амбасады а 12 гадзіне дня, працягваўся да паловы на 7 гадзіну вечара. У пікеце ўзялі ўдзел больш за 20 чалавек, у тым ліку актывісты «Эўрапейскай Беларусі», АГП ды іншых арганізацыяў і проста грамадзяне, якім неабыякавы лёс Надзеі Саўчанкі.

Удзельніца пікету, рэжысэр Вольга Мікалайчык распавяла карэспандэнту Свабоды:

«За дзень на нас склалі ня менш як 15 пратаколаў. Да абеду — на Дзяніса Красачку, Вольгу Маёраву, Ніну Багінскую, на мяне ды іншых. Пасьля абеду падышлі Яўген Батура, Павал Севярынец, і міліцыянты працягнулі сваю справу, склалі пратаколы і на іх. Яшчэ была спроба затрымаць аднаго з удзельнікаў пікету, Дзьмітрыя. Хлопец пайшоў ад пікету ў краму, на вуліцы яго спынілі два міліцыянты ў цывільным і спрабавалі забраць у міліцыю. Дзьмітры пачаў зваць на дапамогу, умяшаліся актывісты, сталі патрабаваць ад міліцыянтаў прозьвішчаў, і ад хлопца адчапіліся. Ня ведаю, ці напалохае гэты факт актывістаў, але заўтра а 12-й пікет адновіцца, будзем стаяць і патрабаваць свабоду Надзеі Саўчанцы, пакуль ідзе зачытваньне ёй прысуду», — сказала Вольга Мікалайчык.

Пікетоўцы стаялі каля амбасады Расеі з партрэтамі Надзеі Саўчанкі і расьцяжкамі «Свабоду Надзеі Саўчанцы» ды «Сьмерць крамлёўскім акупантам». У другой палове дня пікетоўцы выгуквалі патрабаваньні свабоды Надзеі Саўчанцы праз мэгафон. Міліцыянты, якія назіралі за пікетам, пікетоўцам не заміналі. Некаторыя зь мінакоў уступалі зь пікетоўцамі ў спрэчкі. Казалі, што судом і прысудам задаволеныя.

«Згодная з самым жорсткім прысудам вашай Саўчанцы», — прыкладам, сказала карэспандэнту Алена Акімаўна, украінка з грамадзянствам Беларусі, жонка былога камандзіра дывізіі савецкай арміі, якая жыве непадалёк ад расейскай амбасады.

«Асабіста я супроць таго, што яны робяць з Саўчанкай. Як можна яе судзіць, яна ж бараніла сваю радзіму як ваеннаслужачы», — сказаў іншы жыхар раёну, былы выкладчык Рыгор Рыгоравіч.

19 сакавіка копіі пратаколаў зь міліцыі атрымалі ўдзельнікі першага пікету салідарнасьці з Надзеяй Саўчанкай, які прайшоў у Менску 9 сакавіка. Позваў у суд актывісты не атрымалі.

Глядзіце фотарэпартаж зь пікету

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG