Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар Бабруйскага мясакамбінату на лаве падсудных з-за даўгоў расейскіх бізнэс-партнэраў


У Бабруйску працягваецца судовы працэс у справе экс-кіраўніка мясцовага мясакамбінату Андрэя Ісайчанкі. Ён абвінавачваецца ў нанясеньні шкоды прадпрыемству ў памеры 33 мільярды рублёў.

Андрэй Ісайчанка на пасадзе кіраўніка Бабруйскага мясакамбінату за 10 гадоў цалкам мадэрнізаваў вытворчасьць, запусьціў новыя цэхі і стварыў сетку фірмовых крамаў у Беларусі і Расеі. Але якраз расейскія бізнэсоўцы і сталі перашкодай у дзейнасьці амбітнага дырэктара.

Як піша расейская прэса, на просьбу партнэраў Бабруйскі мясакамбінат пачаў адпраўляць прадукцыю ў Бранск і Калугу з адтэрміноўкай плацяжоў. У выніку стала расьці дэбіторская запазычанасьць. Дасягнуўшы крытычнай адзнакі, яна і паслужыла падставай для пачатку крымінальнай справы ў дачыненьні да кіраўніка прадпрыемства.

Андрэй Ісайчанка сваю віну не прызнае, заяўляючы, што абедзьве расейскія кампаніі зьяўляюцца прадстаўнікамі Бабруйскага мясакамбінату, які мае 51% у статутным капітале фірмаў. Акрамя таго, расейскія партнэры запэўніваюць, што гатовыя пачаць пагашаць даўгі.

Суд аргумэнты дырэктара пакуль не прымае, Андрэю Ісайчанку пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

XS
SM
MD
LG